Памятаем лепшае

Ахова правапарадку Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

04p

Стагадовы юбілей нельга ўявіць без погляду ў мінулае і перагортвання «гістарычнага фармуляра». Жывымі і цікавымі ўспамінамі напаўняюць яго тыя, хто стаяў на чале райаддзела міліцыі, прадстаўляў калектыў і нёс персанальную адказнасць за тое, каб жыхары нашага раёна спалі спакойна.

Чым запомніўся райаддзел міліцыі? Гэтае пытанне мы адрасавалі дзевяці былым начальнікам райаддзела, якія неслі кіраўніцкую эстафету на працягу амаль паўстагоддзя, пачынаючы з 1969 года. Адметна тое, што кожны з іх у тэлефоннай размове не прамінуў падкрэсліць цеснае супрацоўніцтва райаддзела міліцыі і раённай газеты.  

Віктар ГАЙЧУК, начальнік РАУС з 1969 года па 1982-гі:

– Дасылаю ў Стоўбцы ўсім прывітанне і самыя лепшыя пажаданні. Калі пачынаў, мне было 35 гадоў, я быў самым маладым начальнікам райаддзела ў рэспубліцы. Служыць давялося ў Барысаве, Валожыне, Мар’інай Горцы, адкуль і быў пераведзены ў Стоўбцы. Тады ў райаддзеле было 40 чалавек асабовага саставу, пераважна ўсе – маладыя, каля 15 матацыклаў з каляскамі. На рабоце «жыў», таму што змагаліся з крадзяжамі, нанясеннем цялесных пашкоджанняў. Памятаю, як калясілі па раёне з участковым інспектарам А. К. Дзяржынскім. Дабудоўвалі будынак міліцыі…

Іосіф ЯЗВІНСКІ, начальнік РАУС з 1982 года па 1987-ы:

– Калі я прыйшоў на пасаду, гаспадарскага падыходу патрабаваў будынак, тэрыторыя вакол яго. Частку фінансаў выдзеліла УУС, а частку збіралі метадам народнай будоўлі. З будаўнічымі матэрыяламі дапамаглі калгасы: «Чырвоны Кастрычнік» (старшыня А. У. Юнцэвіч), «Радзіма Якуба Коласа» (К. А. Каробка), «Нёман» (Ю. П. Цвірка), імя Леніна (М. М. Пакроўскі). Не менш за паўгода супрацоўнікі міліцыі выходзілі ў пазаслужбовы час на суботнікі… Райвыканкам дапамагаў нам з вырашэннем жыллёвай праблемы. Сем кватэр пабудавалі для сваіх супрацоўнікаў гаспадарчым спосабам. Транспарту не было, але высокую раскрывальнасць злачынстваў забяспечвалі. Нельга не ўспомніць А. К. Дзяржынскага і М. К. Хлапіцкую (абое ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны»), Р. М. Лісаўца, які прайшоў шлях ад сяржанта да начальніка міліцыі, М. М. Віцько, Г. Б. Круцько, В. М. Пухоўскага, Н. І. Рэвіну, якая была і сакратаром партыйнай арганізацыі.

Валерый РЫБАЛЬЧАНКА, начальнік РАУС з 1987 года па 1995-ы:

– З райаддзелам, яго супрацоўнікамі звязаны мае самыя лепшыя ўспаміны. Працавалі ў звязцы з Раманам Лісаўцом, Генадзем Уласікам, Антонам Гарэлікам. Пасля службы ў арміі прыйшоў у калектыў Генадзь Тухолка, стварыў кіналагічную службу. У цэлым 90-я гады былі пераходныя, няпростыя. Адразу было цяжкавата і з транспартам. Перад маім адыходам ужо налічвалася каля двух дзясяткаў машын. Займаліся прыбудовай да будынка міліцыі. Работнікам міліцыі жадаю здароўя, актыўнага ладу жыцця.

Раман ЛІСАВЕЦ, начальнік РАУС з 1995 года па 2002-гі:

– Працавалі напружана, добрасумленна. Негатыву хапала, але і раскрывальнасць злачынстваў была высокай. Было шмат выдатных супрацоўнікаў: Г. М. Уласік, В. І. Малікаў, В. А. Янчур, А. А. Драбовіч, У. А. Альховік. Працавалі звышурочна, без адгулаў – на патрыятызме. Большасць маіх калег прывяло ў міліцыю прызванне. Ганаруся тым, што дзеці – дачка і сын – пайшлі па маіх слядах, працуюць у Міністэрстве ўнутраных спраў рэспублікі. Усім жадаю аптымізму, удачы, здзяйснення мараў.

Міхаіл ЛУКША, начальнік РАУС з 2002 года па 2003-ці:    

– Гэты год – самы лепшы год маёй службы. Пасля я быў накіраваны намеснікам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама. Канешне, мае калегі зрабілі для РАУС значна больш. Цудоўны быў калектыў, час. Стоўбцы ўспамінаюцца пастаянна. Маёй апорай быў першы намеснік В. А. Янчур. Следчым працаваў В. І. Малікаў. Прыемна, калі супрацоўнік расце па службе. Прыгадваецца В. І. Канапацкі, У. А. Гарохавік, А. Я. Тулейка, начальнік фінчасці В. І. Трацяк. Прафесіяналізмам вылучаўся цяперашні начальнік РАУС І. А. Мамайка. Пажаданні асабоваму саставу – служыць так, каб у раёне было спакойна.

Мікалай ГРУША, начальнік РАУС з 2003 года па 2005-ы:

– У мяне ўсё самае добрае звязана са Стаўбцоўскім РАУС. Было шмат задумак, і нямала зрабілі. Адрамантавалі кабінеты і актавую залу, набылі тэхніку і мэблю. Прыемна працавалася з А. К. Юрэлем, М. І. Мігурам, В. І. Малікавым, У. А. Гарохавікам. Сучаснае мысленне і аналітычны розум І. А. Мамайкі ўжо тады выдавалі ў ім стратэга, будучага кіраўніка. Стаўбцоўскі райаддзел – у ліку лепшых аддзелаў Мінскай вобласці, і жадаю не спыняцца на дасягнутым.

Уладзімір ЛОБАЧ, начальнік РАУС з 2005 года па 2007-ы:

– Сярод прыемных успамінаў – менталітэт мясцовага насельніцтва, якое клапоціцца пра навядзенне парадку ў сваіх населеных пунктах. Калектыў райаддзела складаўся з граматных супрацоўнікаў. У першую чаргу гэта М. І. Мігура, У. А. Гарохавік, Д. І. Воранаў, В. І. Трацяк, І. А. Мамайка, А. К. Юрэль, Д. А. Будзько. Пажаданні асабоваму саставу – дабівацца вынікаў і не саступаць перад цяжкасцямі.

Алег САВАСЦЕЙ, начальнік РАУС з 2008 года па 2012-ы:

– На Стаўбцоўшчыне адбылося маё станаўленне як кіраўніка – вырас з маёра да падпалкоўніка, быў адзначаны медалём «За бездакорную службу». Таму ўспамінаю гэты час з цеплынёй і ўдзячнасцю лёсу за тое, што трапіў служыць у край цудоўных людзей, таленавітых кіраўнікоў. Мы цесна супрацоўнічалі з кіраўнікамі праваахоўнага блока ў раёне, праводзілі сумесныя мерапрыемствы. Спадзяюся, што сваім удзелам прымножыў добрыя традыцыі райаддзела. На сваёй цяперашняй пасадзе, начальніка крымінальна-выканаўчага факультэта Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, стараюся рыхтаваць дастойную змену, якая будзе пісаць гісторыю міліцыі і з удзячнасцю пераймаць вопыт ветэранаў. Мірнага неба, удачы, здароўя і шчасця!        

Аляксандр ГЛАДУН, начальнік РАУС з 2012 года па 2014-ы:

– Дасылаю ўсім сардэчнае прывітанне і пажаданні моцнага здароўя, у тым ліку і ад УУС Мінаблвыканкама, дзе на даны момант нясу службу. Для мяне Стаўбцоўскі райаддзел быў першым месцам праходжання службы ў рэгіёне. Сувязі падтрымліваем і сёння. Пэўная лепта была ўнесена ва ўзвядзенне новага будынка міліцыі. Дзякуй выканкаму за ўвагу і падтрымку ў пытаннях будаўніцтва, плённае і сумленнае ўзаемадзеянне. Стаўбцоўскі райаддзел міліцыі, скажу вам аўтарытэтна, забяспечвае правапарадак падчас усіх культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў у раёне.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *