Выхад на лёд небяспечны

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Нумары РАНС інфармуе

У сувязі з умовамі надвор’я абласным выканаўчым камітэтам прынята распараджэнне аб забароне выхаду на лёд на тэрыторыі Мінскай вобласці.

Гэты дакумент накіраваны ў першую чаргу на забеспячэнне бяспекі і папярэджанне няшчасных выпадкаў на вадаёмах вобласці.

Як адзначыў старшыня раённай арганізацыі АСВОД Іван Шчарбанюк, у мінулыя выхадныя на вадаёмах раёна праведзены сумесныя рэйды з работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і райаддзела міліцыі. Праінструкціраваны 14 чалавек (да іх ведама даведзена і распараджэнне аблвыканкама), якія, рызыкуючы ўласным жыццём, знаходзіліся на лёдзе. У лік папулярных на даны момант вадаёмаў «экстрэмальнай» рыбалкі трапілі гарадское возера і возера Кромань, вадаём у Скамарошках.

Выратавальнікі звяртаюць увагу на тое, што на вуліцы ўстанавілася плюсавая тэмпература, і сіноптыкі ў бліжэйшы час моцных маразоў не прагназуюць. На многіх вадаёмах ужо можна назіраць інтэнсіўнае раставанне лёду. У перыяд адлігі рэкі і азёры асабліва небяспечныя, таму што змяняецца не толькі таўшчыня лёду, але і яго структура. Цяпер лёд на вадаёмах вобласці неаднародны і нестабільны. Падталы лёд мае адценні шэрага, матава-белага або жоўтага колеру і з’яўляецца найбольш ненадзейным, так як абвальваецца без папераджальнага гуку патрэсквання. Самы трывалы лёд – блакітнага адцення.

Ратавальнікі нагадваюць, што бяспечным для вагі чалавека лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 7 см. Самы тонкі лёд, як правіла, назіраецца ў месцах упадзення ў рэчышчы рэк ручаёў, змены плыні рэк, ля абрывістых берагоў, а таксама там, дзе ў вадзе растуць кусты і дрэвы.

Калі вы праваліліся пад лёд, самае галоўнае – не паддавацца паніцы. Пакуль паміж пластамі адзення застаецца паветра, вы зможаце трымацца на плыву. Каб выбрацца з палонкі, налягайце грудзьмі на лёд і шырока расстаўляйце рукі, каб павялічыць плошчу апоры і паменшыць ціск на край лёду. Выбраўшыся з вады, уставаць катэгарычна забаронена, бо застаецца небяспека зноў праваліцца пад лёд. Варта адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага.

Калі вы раптам сталі відавочцам таго, што нехта праваліўся пад лёд, то ў першую чаргу ацаніце абстаноўку і падумайце, ці зможаце дапамагчы чалавеку. Лепш паклікаць яшчэ каго-небудзь на дапамогу, таму што пры няправільных дзеяннях ёсць пагроза самому аказацца ў бядзе. Для аказання дапамогі ўзбройцеся палкай або вяроўкай, падпаўзіце да месца пралому лёду за 3-4 м і падайце пацярпеламу другі канец наяўнага сродку выратавання. Калі выцягнеце чалавека з вады, адразу ж адвядзіце яго ў цёплае месца і выклічце хуткую дапамогу.

У выпадку, калі неабходная дапамога ратавальнікаў, неадкладна тэлефануйце на нумары 101 ці 112.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *