Адказныя задачы міліцыі

Ахова правапарадку Нумары

1267631664853У райаддзеле міліцыі адбылося  падвядзенне вынікаў работы за 2013 год. Абмеркаванне праблемных момантаў і планаў на новы год праходзіла з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў і ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, раённага аддзела Следчага камітэта, мясцовай улады.

Пра партрэт злачынцы

– Пры забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян, ахове грамадскага парадку наладжана цеснае ўзаемадзеянне з судом, пракуратурай, органамі ўлады, – звярнуў увагу начальнік райаддзела міліцыі Аляксандр Гладун. –Вынікі маніторынгу грамадскай думкі сведчаць пра тое, што давер да супрацоўнікаў міліцыі расце, іх паважаюць у першую чаргу за прафесіяналізм, ветлівыя адносіны. Амаль 100 працэнтаў заяў, якія паступілі ад грамадзян з паведамленнямі аб злачынствах,  разгледжаны ў тэрмін да трох сутак.

Разам з тым, неабходна ўдасканальваць пытанні якасці і паўнаты збору інфармацыі, слядоў і доказаў з месца злачынства. Пры тым, што ў цэлым у раёне зменшылася колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, вырасла колькасць фактаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, махлярстваў, угонаў. «Падрасла» ўдзельная вага злачынстваў у грамадскіх месцах. І фактычна палова іх адбывалася «пад п’яны настрой».    

З аналізу злачыннасці відзён сацыяльны партрэт злачынцы: гэта мужчына ва ўзросце 35-40 гадоў, з судзімасцю, які нідзе не працуе і злоўжывае спіртным. У яго псіхалогіі – адмоўныя адносіны да працы і вера ва ўдачлівасць, магчымасць пазбегнуць выкрыцця. Нягледзячы на глыбокія карані рэцыдыўнай злачыннасці,  усім неабходна ствараць умовы, каб аблегчыць адаптацыю раней судзімых у грамадства. Нельга не адзначыць, што, як правіла, і злачынцы, і тыя, хто пацярпеў ад іх, – людзі паміж сабою знаёмыя, якія перад гэтым разам распівалі спіртное.   

Пра неадступнасць пакарання

– Раскрывальнасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку склала 62 працэнты. Гэта лепшы вынік за апошнія сем гадоў, – падкрэсліў першы намеснік начальніка райаддзела міліцыі – начальнік крымінальнай міліцыі Іван Мамайка. – Найбольш складаная абстаноўка склалася на тэрыторыі Заямнаўскага сельсавета, дзе за год учынена 36 злачынстваў (больш за 10 працэнтаў). У сувязі з гэтым была зроблена карэкціроўка ў размеркаванні сіл оперупаўнаважаных. Пры тым, што на аднаго оперупаўнаважанага прыходзіцца абслугоўванне не менш як двух сельсаветаў, канкрэтна за Заямнаўскім сельсаветам быў замацаваны адзін «опер». У выніку, раскрывальнасць злачынстваў тут узнялася да 75 працэнтаў.

Стабільна і эфектыўна працуюць старшыя оперупаўнаважаныя Часлаў Гарэлік і Сяргей Станкевіч. Высокі працэнт раскрывальнасці на тэрыторыі Рубяжэвіцкага сельсавета, які абслугоўвае оперупаўнаважаны Аляксандр Куракевіч. У горадзе выдзяляецца оперупаўнаважаны Аляксандр Бадун.

Летась супрацоўнікамі крымінальнага вышуку  раскрыты дзве мабільныя злачынныя групоўкі, якія арудавалі на тэрыторыі нашага і суседніх раёнаў. Адна з іх займалася крадзяжамі з дамоў, кватэр, другая (у яе складзе разам з судзімымі быў і непаўналетні са Стоўбцаў) – крадзяжамі будматэрыялаў, запчастак, гаруча-змазачных матэрыялаў.    

Рэзервам для павышэння раскрывальнасці злачынстваў служыць узаемадзеянне крымінальнага вышуку з іншымі падраздзяленнямі міліцыі. Так, супрацоўнікамі ДАІ раскрыта 14  крадзяжоў транспартных сродкаў. Вялікую дапамогу аказалі ўчастковыя інспектары.

У духу сучасных патрабаванняў варта ўдасканальваць работу ў сферы наркакантролю: выяўляць каналы пастаўкі наркотыкаў і жылыя памяшканні са статусам «прытон», а таксама актывізаваць сумесна са школамі і іншымі суб’ектамі прафілактыкі растлумачальную работу сярод моладзі.  

Пра ролю ўчастковых

Пра прафілактычныя мерапрыемствы ў сферы сямейна-бытавых адносін, антыалкагольную кампанію гаварыў намеснік начальніка райаддзела – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан Харута:

– З гэтай мэтай праводзяцца адпрацоўкі населеных пунктаў, розныя прафілактычныя акцыі, рэйды па выяўленні тых, хто займаецца вырабам і рэалізацыяй спіртаўтрымліваючай вадкасці. Выяўлены 84 такія факты, у выніку якіх знішчаны 33 міні-заводы, 216 літраў  самагону, 3,5 тоны брагі і іншае. 51 чалавек пастаўлены на ўлік да ўрача-нарколага. 23 асобы накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Сярод лепшых участковых названы Яўген Сянько, Дзмітрый Дарашчук, Павел Карніцкі. Тым не менш, большасці ўчастковых неабходна  працаваць пераважна  з тымі, хто злоўжывае спіртным і стварае сямейную нядобранадзейнасць. Участковым інспектарам для эфектыўнай працы з людзьмі на сваім участку створаны ўсе ўмовы (у тым ліку і жыллёвыя), ім неабходна акрэсліць так званую «групу рызыкі» і ўшчыльную працаваць з кожным з гэтых людзей у індывідуальным парадку. На месцы важна наладзіць кантакт паміж участковым, кіраўніцтвам сельвыканкама і сельгасарганізацыі.

Дарэчы, па ініцыятыве міліцыі гандаль спіртным у раёне абмежаваны перыядам з 9 да 22 гадзін.

Пра афіцэрскую годнасць

На пытаннях кадравай палітыкі райаддзела, пытаннях павышэння іміджу работніка міліцыі, яго афіцэрскай годнасці спыніўся намеснік начальніка райаддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Сяргей Богач. Калектыў – згуртаваны, прафесійны, мае свае напрацоўкі і патэнцыял. Адбор кандыдатаў на службу ажыццяўляецца і з ліку грамадзянскай моладзі. Акурат на сходзе былі ўручаны граматы і падзякі кіраўніцтва МУС лепшым супрацоўнікам. Сярод адзначаных – начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаіл Азановіч, начальнік ізалятара часовага ўтрымання Юрый Акуліч, старшы інспектар дарожна-патрульнай службы Сяргей Каломенскі. Інспектару ДАІ Дзмітрыю Давідоўскаму прысвоена першае спецыяльнае званне – малодшы лейтэнант міліцыі. 12 падзяк супрацоўнікам міліцыі паступіла на працягу года ад грамадзян. Разам з тым, былі факты прыцягнення супрацоўнікаў да дысцыплінарнай адказнасці, пяцёра панеслі адміністрацыйную адказнасць за парушэнне правілаў дарожнага руху.

На сходзе старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі адзначыў, што ў мінулым годзе міліцыя аказала вялікую дапамогу ў арганізацыі пастоў па спыненні афрыканскай чумы свіней. У гэтым плане Стаўбцоўскі раён аказаўся найбольш пацярпелым у Мінскай вобласці.

2014 год – надзвычай адказны для работнікаў аховы правапарадку рэспублікі, у тым ліку і нашага раёна. Са значных падзей – выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у сакавіку, у маі – чэмпіянат свету па хакеі. Рыхтавацца да іх неабходна грунтоўна і ўжо цяпер. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *