Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістравана за апошнія тры тыдні 10 шлюбаў, зроблена шэсць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 16 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Іван Шалькевіч, Арцём Крывашэй, Ганна Смоўж, Васіліса Цвяткова, Валерыя Канавал, Софія Трацяк, Ульяна Макоўская, Сняжана Рымашэўская, Васіліса Малахава, Артур Валадзько, Арцемій Грачоў, Мікіта Суматохін, Варвара Курылава, Іван Чэмка, Мацвей Пархімовіч і Уладзімір Камейша.

Зямны шлях закончыўся для 50-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі чатыры вогненныя здарэнні. Загаранне адбылося па вуліцы Цэнтральнай, 19, у Стоўбцах, дзе гаспадар праявіў неасцярожнасць пры курэнні. Да пажару ў дачным доме ў Рубяжэвічах прывялі няспраўнасці пячнога ацяплення. Здарыліся пажары ў жылых дамах у Дзераўной і Кучкунах. Ніхто не пацярпеў, агнём пашкоджана маёмасць. У выніку веснавой паводкі падтоплены 21 падворак у Новым Свержані і чатыры – у Стоўбцах. Узровень вады ў рацэ Нёман дасягнуў 202 см (небяспечны – 210 см) і паступова падае.

Міліцыяй зарэгістравана 114 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны тры крымінальныя справы, у дзвюх з іх устаноўлены падазроныя. Непадалёку ад піцэрыі «Гарадок» хуліган нанёс грамадзяніну цялесныя пашкоджанні. З дома, што будуецца па вуліцы Касценчыка ў Стоўбцах, злодзей выкраў газавы кацёл і 25 радыятараў ацяплення, чым нанёс шкоду іх уладальніцы ў памеры 3450 рублёў.

Пракуратура раёна вынесла прадпісанне кіраўніцтву ААТ «Навасвержанскі лесазавод» у сувязі з тым, што на прадпрыемстве мела месца захоўванне будаўнічых матэрыялаў на адкрытых пляцоўках. Унесена таксама і прадстаўленне кіраўніцтву ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дзе дапушчаны парушэнні патрабаванняў працоўнага заканадаўства.

ДАІ выявіла 212 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных вадзіцеляў і дзевяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 31 недысцыплінаваны пешаход. Здарылася сем ДТЗ. Раніцай 6-га сакавіка на скрыжаванні вуліцы Якуба Коласа і завулка Сацыялістычнага ў Стоўбцах вадзіцель аўтамабіля «Міцубісі», жыхар Мінска, пры выездзе з другаснай дарогі на галоўную не прапусціў аўтамабіль «Фольксваген-пола». У выніку сутыкнення пацярпеў вадзіцель «Фольксвагена».

«Хуткая» атрымала 242 выклікі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *