На прыём – з жыццёвымі пытаннямі

Калонка дэпутата Нумары

15w

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай РАДАМАН правёў у Стаўбцоўскім райвыканкаме прыём грамадзян.

Да Мікалая Вячаслававіча жыхары раёна звяртаюцца з пытаннямі рознага характару, звяртаюцца не толькі як да члена Савета Рэспублікі, але і як да старшыні рэспубліканскага аграпрамысловага саюза, старшыні СВК «Агракамбінат Сноў».

У ліку першых была паднята тэма працаўладкавання. Маладая жанчына хвалюецца, ці захаваецца яе месца працы (зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску). Жанчына працавала прадстаўніком на Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінаце ад аграпрамсаюза.

Мікалай Радаман растлумачыў жанчыне перспектыву яе далейшага працаўладкавання. «Зараз хвалявацца няма чаго. Гадуйце дзіця. Выйдзеце з дэкрэтнага водпуску, тады пытанне разгледзім больш канкрэтна. Без працы не застаняцеся», – запэўніў Мікалай Вячаслававіч.

Жыхар вёскі Стары Свержань звярнуўся да Мікалая Радамана ад імя ўсіх працаўнікоў ААТ «Агранёманскі». Ён скардзіўся, што ў гэтым годзе ў гаспадарцы не прадалі людзям ніводнага кілаграма збожжа, хоць гэта занатавана ў калектыўным дагаворы таварыства.

Мікалай Вячаслававіч запэўніў, што гэтае пытанне будзе вырашана станоўча.

У гутарцы Мікалай Радаман таксама падзяліўся сваімі думкамі, выказанымі падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам».

–             Мікалай Вячаслававіч, падчас сустрэчы з Прэзідэнтам вы агучылі праблему ўсеагульнага акцыяніравання сельгаспрадпрыемстваў. Чаму ж не ўсім СВК выгадна акцыяніравацца?

–             Я разумею, што рэфармаванне павінна прыносіць карысць для суб’ектаў гаспадарання. Усеагульнае акцыяніраванне рухаецца, але пад ціскам. Гэта дабаўляе лішнія расходы і мітусню. Колькі дакументаў патрэбна перааформіць пры пераходзе СВК у ААТ! Напрыклад, каб памяняць назву, нам патрэбна перарэгістраваць 300 адзінак тэхнікі, зрабіць новыя тэхпашпарты на 2,5 тыс. будынкаў, перааформіць адвод зямлі і г. д. І гэта не бясплатна. А што зменіцца? Лепш працаваць будзем? Сумняваюся. Акцыяніраванне пагоршыць кіраванне ў аграрным сектары, людзі не будуць зацікаўлены ў працы. Атрымліваецца, мы гаворым аб раздзяржаўленасці, а на справе зганяем усіх у саўгасы, камуны. У краіне засталося каля 200 кааператываў. Ніводнае акцыянернае таварыства пры змене шыльды не пачало працаваць лепш. У спіску будучых банкротаў – 52 таварыствы. Упэўнены, што ўсё яшчэ на заканадаўчым узроўні можна прывесці ў адпаведнасць. Сёння на зямлі ёсць паспяховыя гаспадаркі, фермеры. Ім не трэба перашкаджаць. Няхай працуюць. Паспяховым арганізацыям трэба даць развівацца па ўласнай траекторыі. Маю думку падтрымаў і Прэзідэнт.

Хутка ў нашым аграсаюзе збяром вялікі сход. Няхай раскажуць аб сваім бачанні развіцця галіны аграпрамысловага комплексу кіраўнікі «флагманаў».

Патрэбна больш думаць аб вяскоўцах, павярнуцца да рэальнага сектара эканомікі. Менавіта так, як і патрабуе наш Прэзідэнт.

Я думаю, нас пачуюць, і будзе прынята правільнае рашэнне.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *