Дэкрэт № 3. Ільгота – ужо дзесяці заяўнікам

Нумары Соцыум

У раённую камісію працягваюць паступаць заявы ад грамадзян з просьбай вызваліць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, прадугледжаных Дэкрэтам № 3, у сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Паводле даных старшыні камісіі, начальніка райфінаддзела райвыканкама Наталлі Валявач, пасяджэнні камісіі праходзілі ўжо тройчы, на іх разгледжана 21 заява жыхароў раёна, задаволена дзесяць заяў. У двух выпадках камісія задаволіла просьбы заяўнікаў часткова – вызваліла ад выплаты збору на 50 працэнтаў.

Сярод тых, каму камісія пайшла насустрач, – 22-гадовы жыхар Кучкуноў, якому была прад’яўлена да выплаты поўная сума збору – 360 рублёў. У маі 2015 года ў яго завяршылася тэрміновая ваенная служба (аб чым былі прадастаўлены копія ваеннага білета і даведка з вайсковай часці), і ён пачаў праходжанне ваенна-ўрачэбнай камісіі і псіхалагічных тэстаў для ўстройства на работу ў гэтую ж часць па кантракце. У хлопца былі і дамашнія клопаты, таму што ў кастрычніку 2014 года не стала бацькі, а непаўналетняя сястра паступіла вучыцца на платнай аснове. Са студзеня 2016 года малады чалавек служыць кантрактнікам.

Вызвалены ад збору, прад’яўленага ў поўнай суме, і жыхар Вялікіх Навікоў, 1973 года нараджэння. Як указана заяўнікам, з 2012 года ён хварэе, мае другую групу інваліднасці, але ў 2015 годзе па стане здароўя не змог паехаць і пацвердзіць сваю інваліднасць. На цяперашні момант ён займаецца афармленнем дакументаў на аднаўленне групы інваліднасці, у чым яму аказваюць дапамогу сваякі.

Задаволена просьба аб вызваленні ад выплаты збору ў памеры 220 рублёў 47 капеек жыхара Мархачоўшчыны, 1984 года нараджэння. Вясковец раней працаваў у цэнтральнай раённай бальніцы, аднак па ўласным жаданні звольніўся, таму што цяжка было дабірацца на работу. Шукаў іншыя варыянты па спецыяльнасці электраманцёра. Даглядаў бацьку, які хварэў і ў верасні 2015 года памёр (як пацвярджэнне прадстаўлены эпікрызы, пасведчанне аб смерці). На даны момант гэты грамадзянін працуе ў ААТ «Вішнявецкі-агра».

Нагадваем, што падаць заяву на вызваленне ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй можна ў службе «адно акно» райвыканкама. Там жа можна азнаёміцца і з пералікам дакументаў, якія неабходна прадставіць для пацвярджэння цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *