Тры сям’і – «бяздзетныя»

Нумары Соцыум Увага - дзецям

З пачатку года ў раёне з трох сем’яў адабраны чацвёра дзяцей. Паводле Дэкрэта № 18 прызнана, што гэтыя дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне і таму змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне.

Дзве з гэтых сем’яў – няпоўныя, у іх клопат пра дзяцей ускладзены на адну матулю. Аднак матулі і ў няпоўных, і ў поўнай сям’і – і гэта асабліва трывожыць – не могуць пахваліцца сваім так бы мовіць мацярынскім капіталам. Дзве з іх раней ужо былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, трэцяя – выхадзец з той сям’і, дзе дзяцей прызнавалі пакінутымі без апекі бацькоў. Вось такая спадчына…  

Далей – болей. На пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх, куды гэтыя бацькі былі выкліканы, высветліліся і іншыя сямейна-бытавыя падрабязнасці. У поўнай сям’і, да прыкладу, п’юць абое бацькоў, і замест іх малалетняга ўнука вымушана даглядаць пажылая бабуля, у якой праблемы са здароўем. Да гэтага сям’я жыла (у падобным духу) у Салігорскім раёне, але, як толькі пачаліся сур’ёзныя праблемы, рэзка стала паглядаць у бок малой радзімы жонкі. Прычына іх – усё тая ж, п’янства, а з ім – нявыхады на работу і, адпаведна, звальненне за прагулы, пагроза адабрання малалетняга дзіцяці. Гэтыя гора-бацькі наіўна спадзяваліся, што на Стаўбцоўшчыне, у аддаленай вёсцы, да іх не дабяруцца педагог сацыяльны Залужскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, раённая камісія па справах непаўналетніх…

Аналізуючы гэтыя факты, намеснік старшыні раённай камісіі Наталля Хвасько звяртае ўвагу на напружанасць абстаноўкі, што склалася ў раёне на пачатку 2017 года. За паўтара месяца адабраны ў бацькоў чацвёра дзяцей. За ўвесь 2016 год 22 дзіцяці былі адабраны з 11-ці сем’яў, 14 з іх вернуты бацькам пасля выканання індывідуальнага плана рэабілітацыі сям’і ў сувязі са станоўчай дынамікай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *