Акунуцца ў свет дабрыні

На сувязі - рэдакцыя Нумары

У тэрытарыяльным цэнтры панавала такая шчырая атмасфера, што я спытала: «А можна ў наступны раз узяць з сабою ўнука? Няхай і дзіця акунецца ў свет дабрыні».

Універсітэт трэцяга ўзросту я наведала першы раз, таму пачуцці мяне перапаўняюць. У зале сабраліся культурныя, уважлівыя адзін да аднаго суразмоўцы. Усміхаліся, дзяліліся сваім добрым настроем. Медыцынская сястра змерала жадаючым ціск. Для нас, пажылых, гэта якраз тая праблема, якую трэба «пільнаваць». Калі ціск у норме, можна спакойна адчуваць сябе ў любой абстаноўцы.

Ля ўваходу ветліва сустрэў загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс. Ён запрасіў на сустрэчу воіна-інтэрнацыяналіста Ігара Дразда, нашага стаўбцоўскага героя з ордэнам Чырвонай Зоркі.

У той вечар я доўга не магла заснуць… Адчувала эмацыянальны ўздым, маральнае ўзрушэнне. Пра тое, дзе пабывала і з кім сустракалася, падзялілася з дачкой. Не думала, што ў нас у Стоўбцах ёсць куточак, дзе столькі цёплых чалавечых адносін. У тэрытарыяльным цэнтры збіраецца як быццам адна сям’я. Вырашыла, што буду наведвацца сюды. Унучка абяцала падвозіць. Да гэтага з вялікай асалодай аддавала свой час кветкам, агароду. Вачыма хацелася б займацца гэтым і далей, але ўзрост падказвае змяніць занятак.  

Вера КОЖЫЧ, г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *