Зямля яго надзей

Людзі і лёсы Нумары

15e

Мы землякі – з адной вёскі, з адной школы. З дзяцінства парадніла нас любоў да Бацькаўшчыны, любоў да людзей, якія жылі і жывуць на гэтай зямлі, любоў да роднай мовы. І сёння жывём і працуем разам, у адной творчай звязцы.

Алесь Камароўскі – аўтар паэтычных зборнікаў «Пачатак», «Зямля маіх надзей», «Валошкі памяці», «Азбука жыцця». У яго вершах і паэмах адгукаецца рэха Вялікай Айчыннай вайны, апеты праца і побыт простых людзей у мірны час. Самыя прачулыя, самыя натхнёныя радкі прысвечаны роднай зямлі, бацькам, настаўнікам, аднавяскоўцам. У вершах-прысвячэннях з удзячнасцю згадваюцца імёны слынных землякоў Якуба Коласа і Алеся Сянкевіча.

Нарадзіўся Алесь Камароўскі 1 сакавіка 1947 года ў вёсцы Мікалаеўшчына. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Служыў у арміі. Працаваў у Мінскай абласной бібліятэцы, літаратурным музеі Якуба Коласа, у добраахвотным таварыстве аматараў кнігі, на рэспубліканскім тэлебачанні і радыё, дырэктарам выдавецтва «Юнацтва», у рэдакцыях часопісаў «Маладосць» і «Вясёлка».

Як бачым, пражыта, адпрацавана парадкам – у розных установах, на розных пасадах. І перажыта за семдзесят гадоў нямала, што і знайшло адбітак у ягонай творчасці.

Зямля наша над Нёманам прыгожая, шчодрая, гасцінная. У лірычных вершах Алеся Камароўскага чалавечае жыццё і прырода ўзаемазвязаны, адлюстраваны ва ўсёй паўнаце і красе: ад валошкі ў жытнім полі да ўсмешкі на дзіцячым тварыку, ад грыбных і ягадных нерушаў да мядовага нектару ў пчаліных вуллях, ад срэбнага звону крыніцы ў лузе да вясельнай песні ў застоллі. Застаюцца ў памяці і душы, лёгка кладуцца на голас сардэчныя, мілагучныя радкі пра каханне.

Яны розныя, лірычныя вершы: і светлыя ад спаткання-замілавання, і шчымлівыя ад журбы і тугі падчас разлукі. Асобныя з іх пакладзены на музыку і прыгожа, з удзячным розгаласам, гучаць у дамах культуры і школах, на розных святочных мерапрыемствах у раёне.

Пад знакам Чалавечнасці жывуць, працуюць і мараць героі празаічных твораў Алеся Камароўскага: у полі і на ферме, у бібліятэцы і на турбазе, на самадзейнай сцэне і на спартыўнай пляцоўцы. Працуючы некалі на тэлебачанні, ён першы пачаў весці па-беларуску рэпартажы футбольных матчаў на сталічным стадыёне «Дынама». Сам у мінулым добры футбаліст, даўно і плённа распрацоўвае ў нашай літаратуры спартыўную тэматыку. З цікавасцю чытаюцца яго аповесці «Заварожаны мяч», «Пенальці», «Ахілесава пята», старыя і новыя апавяданні.

   У свой час яшчэ Янка Брыль, народны пісьменнік Беларусі, адзначыў адметнасць творчага стылю маладога празаіка: займальны сюжэт, натуральныя дыялогі, філасофскія і лірычныя адступленні, гумар. З добрай усмешкай, не парушаючы асноўнай, сур’ёзнай, тэмы аповеду, аўтар і падвясельвае нас, чытачоў, і збліжае з тым ці іншым героем у розных жыццёвых абставінах, не заўсёды шчаслівых і прыемных. Пра гэта яскрава сведчаць і новыя аповесці «Смаката» і «Радаводны лісток», надрукаваныя ў часопісе «Полымя».

   Знакавыя і адрасы паэзіі майго малодшага сябра тут, у родных мясцінах: Стоўбцы, Акінчыцы, Мікалаеўшчына, Альбуць, Бервянец, Смольня, Лядзіны, Прыстанька. Яны з дзяцінства выхаджаны яго нагамі, аблашчаны яго вачыма, сагрэты яго дыханнем. І ўвекавечаны ў яго творах – з дакументальнай дакладнасцю, з душэўнай шчырасцю і мастацкай вобразнасцю. Гэта зямля яго надзей, задум і здзяйсненняў.

Мікола   МАЛЯЎКА

Калектыў рэдакцыі «Праменя» шчыра віншуе беларускага паэта, нашага аўтара з юбілеем. Жадаем моцнага здароўя, новых творчых здабыткаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *