Дасягненні сяльчан

Нумары Сельская гаспадарка

15r

УВІШНЫЯ, УМЕЛЫЯ, СТАРАННЫЯ

У рамках аб’яўленай прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод», старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч уручыла падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункі сямі лепшым жывёлаводам ААТ «Жацерава». Таварыства ў кагорце гаспадарак, дзе летась надоена ў сярэднім ад кожнай каровы звыш шасці тысяч кілаграмаў малака. У мясных справах таксама плён, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы складаюць звыш шасцісот грамаў.

На МТФ «Раёўшчына» лідар па надоях малака сярод сваіх калег па працы аператар машыннага даення Ларыса Вяргейчык. Ларыса Барысаўна – прызнаны майстар у прафесіі. Трыццаць гадоў яна аддала працы ў жывёлагадоўлі, з якіх дваццаць пяць рупіцца на гэтай ферме і пастаянна ў перадавіках. Актыўная, жыццярадасная, лёгкая на пад’ём, яна прымае ўдзел і ў грамадскай рабоце. Жанчыну вылучалі дэлегатам на ІV Усебеларускі народны сход. За поспехі ў рабоце яна ўзнагароджана граматай аблвыканкама. Выгадавала дваіх дзяцей і мае трох унукаў.

На МТФ «Жацерава» былі ўшанаваны чатыры жанчыны-перадавікі. Аператар машыннага даення Алена Арцюховіч з патомных жывёлаводаў, у нядаўнім мінулым працавалі даяркамі яе маці і бабуля. І хоць стаж работы ў гэтай прафесіі мае яшчэ не такі і вялікі, пяць гадоў доіць кароў, але ўжо спасцігла сакрэты гэтай работы. Аб чым сведчыць вынік – надаіла летась ад каровы больш за сваіх каляжанак, перасягнуўшы сямітысячны рубеж. Алена Міхайлаўна старанная і ўвішная жанчына, маці траіх дзяцей.

Людміла Мілаванава ў ліку маладых аператараў машыннага даення таварыства. Жанчына працавітая. З першых гадоў работы паказала сябе ўмелай і дасціпнай. Добра корміць, шкадуе жывёлу, і каровы аддзячваюць ёй высокай прадукцыйнасцю. Каб жыць годна – трэба працаваць. З такім дэвізам жанчына ідзе па жыцці. Варта адзначыць, што Людміла Аляксандраўна пастаянна атрымлівае высокія паказчыкі, папярэдне выходзіла пераможцам у раённым спаборніцтве. І сёння плённа працуе.

У цялятніцы Марыны Люцер пакуль што невялікі стаж работы ў данай прафесіі, але старанная працаўніца дабіваецца высокіх паказчыкаў.

Гадаванцы ў групе Марыны Іванаўны дасягаюць кілаграмовых сярэднясутачных прываг. Аператар машыннага даення Таццяна Рудаман тры гады шчыруе на ферме. Таццяна Анатольеўна зарэкамендавала сябе добрасумленнай працаўніцай і мае неблагі вынік па надоях малака.

Таццяна Дубрава дваццаць шэсць гадоў працуе на МТФ «Горкі». Была аператарам машыннага даення, нейкі час працавала брыгадзірам, а апошнія сем гадоў рупіцца цялятніцай. Работа ў Таццяны Аляксандраўны нялёгкая і адказная – яна гаспадарыць у прафілакторыі, дзе гадуе цялятак ад нараджэння да месячнага ўзросту. Захаванасць маладняку ў цялятніцы высокая. У гэтым годзе жанчына будзе афармляцца на пенсію, але кіраўніцтва гаспадаркі зацікаўлена, каб руплівіца працягвала працаваць і далей. Аксана Меляшкевіч пачынала сваю працоўную дзейнасць цялятніцай на ферме ў Раёўшчыне, а цяпер доіць кароў. І гэта ў яе няблага атрымліваецца. Работа жанчыне падабаецца. Старанная і руплівая, Аксана Васільеўна працуе з жаданнем павялічыць дасягнуты вынік.

На здымках: 1. Аператары машыннага даення Людміла Мілаванава, Алена Арцюховіч і цялятніца Марына Люцер. 2. Аператар машыннага даення Аксана Меляшкевіч і цялятніца Таццяна Дубрава. 3. Аператар машыннага даення Ларыса Вяргейчык.

 

У ДРУГОЙ ДЗЯСЯТЦЫ

Падведзены вынікі работы жывёлаводаў краіны за мінулы год. З прадукцыйнасцю вышэй рэспубліканскага ўзроўню спрацавалі малочныя цэхі 506 сельгаспрадпрыемстваў. У іх ліку і восем нашых гаспадарак. Высокае шаснаццатае месца ў працаўнікоў ТАА «СЖК «Налібакі». У гэтым таварыстве летась атрыманы рэкордны для раёна надой – 8412 кілаграмаў малака ад каровы. Работнікі фермаў ААТ Вялікі Двор» займаюць 52 прыступку, ААТ «Каганец» – на 83, ААТ «Радзіма Якуба Коласа» – на 156, ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – на 219, ААТ «Жацерава» – на 228, ААТ «Агранёманскі» – на 241, ААТ «Вішнявецкі-агра» – на 463. У лідарах у рэспубліцы СГК ЗАТ «Вітэкс» Уздзенскага раёна, дзе летась у сярэднім ад кожнай каровы атрымана 10 308 кілаграмаў малака.

 

БУЛЬБУ ВАРТА ПЕРАПРАЦОЎВАЦЬ

У Мінску адбыўся І Міжнародны форум «Беларусь аграрная – 2017», арганізатарамі якога выступілі часопіс «Продукт.ВY» і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. У форуме, які ў такім фармаце праходзіў упершыню, прынялі ўдзел спецыялісты навукова-практычных цэнтраў НАН Беларусі па земляробстве, жывёлагадоўлі і механізацыі сельскай гаспадаркі, якія выступалі ў рамках асноўных секцый – кормавытворчасць, ільнаводства і бульбаводства. Адбыўся абмен думкамі аб сітуацыі, якая склалася на рынку тавараў. Дзяліліся накопленым у гэтым кірунку вопытам замежныя госці. Прысутнічаў на мерапрыемстве і фермер Уладзімір Радзевіч.

– Разам з іншымі пытаннямі абмяркоўвалі і тэндэнцыю бульбянога рынку, – расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. – А яна даволі складаная. Усіх вытворцаў хвалююць нізкія цэны на наш тавар. Гэтая акалічнасць вымушае многіх бульбаводаў скарачаць вытворчасць бульбы або наогул не займацца яе вырошчваннем. Пры тым усім зразумела, што адрадзіць галіну ў будучым будзе даволі складана. Таму для фермераў рэспублікі, як і для іншых вытворцаў бульбы, выхад у данай сітуацыі толькі адзін – наладзіць перапрацоўку. Толькі ў такім разе можна будзе працаваць, не змяншаючы плошчы пад культурай, і атрымліваць прыбытак. Прапанова слушная, але кожны вытворца вырашае сам, як яму паступіць.

Варта сказаць, што Уладзімір Радзевіч пралічыў сітуацыю яшчэ два гады назад, і сёлета на вытворчых плошчах ТАА «Сула Плюс» распачата будаўніцтва завода па вырабе сухіх бульбяных шматкоў. Кантракт на пастаўку абсталявання заключаны з галандскай кампаніяй.  

– Такая прадукцыя на рынку запатрабавана, – гаворыць фермер. – У пастаўках бульбяных шматкоў зацікаўлены не толькі айчынныя вытворцы прадуктаў харчавання, а і Расіі, краін Азіі, Паўднёвай Амерыкі, Еўропы. Дарэчы, сёння ў Еўропе перапрацоўваецца да 70 працэнтаў вырашчанай бульбы (у нашай краіне толькі два), з якой вырабляюцца прадукты, неабходныя для вытворцаў хлебабулачных і мясных вырабаў, паўфабрыкаты хуткага прыгатавання для сістэмы грамадскага харчавання.

 

ЗААХВОЦІЛІ ЗА ПЛЁННУЮ ПРАЦУ

На сельгаспрадпрыемствах раёна пачаліся справаздачныя сходы. Першымі трымалі справаздачы кіраўнік і спецыялісты ААТ «Вішнявецкі-агра». Жывёлаводы гаспадаркі летась спрацавалі з прыбаўкай і перасягнулі пяцітысячны надой малака ад каровы. У мясных справах плён – таварыства прызнана лепшым у раённым спаборніцтве па вытворчасці мяса на 100 гектараў сельгасугоддзяў. Руплівым хлебаробам няблага аддзячыла і ніва. Аб гэтым гаварылі на агульным сходзе акцыянераў дырэктар Віктар Худніцкі і галоўныя спецыялісты таварыства. Былі прааналізаваны эканамічныя паказчыкі і пастаўлены задачы на бягучы год. Як адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па эканоміцы Іван Загдай, працаўнікі таварыства працуюць з поўнай аддачай, паступова павялічваючы паказчыкі. Ёсць станоўчыя зрухі ва ўсіх галінах, а значыць – і магчымасці для павышэння свайго рэйтынгу ў раёне.

За шматгадовую, добрасумленную і плённую працу сямнаццаці работнікам таварыства былі ўручаны каштоўныя падарункі – тэлевізары, халадзільнікі і пральныя машыны-аўтаматы. Усе рупліўцы гаспадаркі прэміраваны.

Для працаўнікоў таварыства і запрошаных гасцей была арганізавана культурная праграма. З канцэртам выступіў ансамбль народнай музыкі «Бяседа».

Прайшлі сходы акцыянераў у ААТ «Вялікі Двор», «Радзіма Якуба Коласа», «Агранёманскі» і «Радзіма Дзяржынскага».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *