Абавязкі бацькоў – гэта адказна

Нумары Пракурорскі нагляд

Асноўным законам краіны замацаваны абавязкі бацькоў у выхаванні дзяцей, клопатах аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Згодна з арт. 75 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і бацькі нясуць адказнасць за дзяцей. Яны абавязаны клапаціцца аб іх фізічным, духоўным і маральным развіцці, адукацыі і падрыхтоўцы да самастойнага жыцця ў грамадстве.

У выпадку невыканання ці неналежнага выканання бацькамі абавязкаў па выхаванні дзяцей да іх прымяняюцца меры ўздзеяння, прадугледжаныя шлюбна-сямейным заканадаўствам. Вышэйшай мерай сямейна-прававой адказнасці за невыкананне бацькоўскага абавязку з’яўляецца пазбаўленне бацькоўскіх правоў, якое праводзіцца толькі ў судовым парадку.

Бацькі могуць быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў на падставах, прадугледжаных ч. 1 арт. 80 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, а канкрэтна: калі будзе ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выхавання і (ці) утрымання дзіцяці; злоўжываюць бацькоўскімі правамі і (ці) жорстка адносяцца да дзіцяці; вядуць амаральны лад жыцця, што аказвае шкодны ўплыў на дзіця; адмовіліся ад дзіцяці. Пры адмове без уважлівых прычын узяць дзіця з арганізацыі аховы здароўя пасля яго нараджэння ці пры пакіданні яго там у абавязковым парадку прад’яўляецца іск аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

У 2016 годзе ў суд Стаўбцоўскага раёна паступіла 15 іскавых заяў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. З іх разгледжана з вынясеннем рашэння 13 заяў, па адной грамадзянскай заяве справа спынена, яшчэ па адной – пакінута без разгляду. Заяўнікамі па данай катэгорыі спраў у большасці выпадкаў з’яўляліся грамадзяне (11 спраў), таксама тры іскавыя заявы пададзены аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, і адна заява пададзена пракуратурай раёна. Падставай для пазбаўлення бацькоўскіх правоў у дзесяці выпадках паслужыла ўхіленне ад выхавання і (ці) ўтрымання дзіцяці. У трох выпадках прычыны, што паслужылі падставай для адабрання дзяцей па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх, не адпалі на працягу шасцімесячнага, як і даецца, тэрміну.

Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з’яўляецца крайняй мерай і прымяняецца ў сітуацыі, калі абараніць правы і інтарэсы дзіцяці іншым шляхам немагчыма. На судовым пасяджэнні павінны быць даказаны абставіны, што бясспрэчна пацвярджаюць віну бацькоў, якія ўпарта, нягледзячы на ўсе меры папярэджання, і пасля не выконваюць свой бацькоўскі абавязак, і факт, што змяненне паводзін бацькоў у лепшы бок немагчыма.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў губляюць усе правы, заснаваныя на факце радства з дзіцем. У тым ліку і права на ўтрыманне ад яго, наследаванне па закону і інш. Разам з тым, пазбаўленне бацькоўскіх правоў не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні дзяцей.

Юлія ЧАБАН,памочнік пракурора Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *