Размова па сутнасці

Нумары Прамая лінія

Прамыя тэлефонныя лініі – эфектыўная форма зносін кіраўнікоў органаў дзяржкіравання з грамадзянамі, якая даўно сябе зарэкамендавала. Гэта не толькі добрая магчымасць дапамагчы чалавеку, але і быць у курсе мясцовых праблем, што дазваляе ўбачыць тэндэнцыі развіцця рэгіёна.

Ужо стала добрай традыцыяй па суботах праводзіць тэлефонныя прамыя лініі з кіраўніцтвам вобласці і раёна. Меры апертыўнага рэагавання, якія прымаюцца пасля тэлефонных зваротаў, ужо дазволілі зняць многія жыццёвыя пытанні. І калі на тэлефонную лінію паступае ўсё менш і менш зваротаў, то вывад, безумоўна, адзін – хвалюючых пытанняў і праблем становіцца менш. І гэта радуе. Не стала выключэннем і мінулая субота.

На прамую лінію са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым патэлефанавала член садовага таварыства «Лівенка». Жанчына прасіла ў Юрыя Мікалаевіча дапамогі ў арганізацыі правядзення сходу членаў таварыства і набыцці генплана.

–             Вам абавязкова патрэбна сабраць сход членаў таварыства, выбраць старшыню. Я даручу юрысту райвыканкама вывучыць ваша пытанне і пісьмова растлумачыць, што вам патрэбна зрабіць, каб яно было вырашана. Прадстаўнік райвыканкама да вас прыедзе і, калі патрэбна, прыме ўдзел у сходзе, – растлумачыў Юрый Горлаў.

Горад Стоўбцы расце, прыгажэе, маладзее. І нездарма на прамую лінію паступаюць пытанні наконт будаўніцтва жылля.

Грамадзянка Стоўбцаў цікавілася, ці будзе будавацца ў бягучым годзе жыллё ў горадзе.

–             У красавіку 2017 года ў Стоўбцах распачнецца будаўніцтва двух 60-кватэрных дамоў. Адзін з іх плануецца пабудаваць па дзяржзаказе з прыцягненнем ільготных крэдытных рэсурсаў. У асноўным там будуць 2–3-пакаёвыя кватэры. У другім доме будуць 1–2-пакаёвыя кватэры, 20 з якіх плануецца выдзеліць дзецям-сіротам, 20 кватэр будзе прадаваць УКБ, астатнія будуць размеркаваны ў адпаведнасці з чаргой. У верасні 2017 года плануецца распачаць будаўніцтва яшчэ аднаго, трэцяга, дома за ўласныя сродкі грамадзян. Для таго каб удакладніць, калі падыдзе чарга на будаўніцтва вашага жылля, патэлефануйце ў аддзел ЖКГ райвыканкама, – праінфармаваў старшыня райвыканкама.

На вуліцы – вясна. Дажджы. Грунтавая дарога раскісла. Адсюль і трывожны сігнал з мікрараёна Паўночны-2 г. Стоўбцы. Жыхарка мікрараёна прасіла кіраўніка райвыканкама аб тэрміновай дапамозе.

–             У нашым мікрараёне так разбіла дарогу, што ні прайсці ні праехаць. Патрэбна боты гумовыя абуваць.

Старшыня райвыканкама ўдакладняе прыналежнасць дарог у спецыялістаў. Людзей абнадзейвае:

–             Пастараемся зрабіць усё, што ад нас залежыць. У бягучым годзе ў вашым мікрараёне будуць добраўпарадкаваны ўсе прамежкавыя дарогі. На будаўніцтва дарог і водаправода выдзелена 9 млрд руб. (недэнамінаваных). Гэта сур’ёзныя фінансавыя ўкладанні. Але праблемы патрэбна вырашаць. Адны пытанні можна зняць аператыўна. Іншыя ж патрабуюць часу і вялікіх фінансавых расходаў. Напрыклад, як рамонт і будаўніцтва дарог. Але стараемся знаходзіць варыянты вырашэння праблем, аператыўна разабрацца. Галоўная мэта ўлады – дапамагчы людзям. І тое, што прамыя лініі праходзяць кожную суботу, – вельмі выніковая практыка. Асабліва на раённым узроўні. Многія праблемы ўжо вырашаны, – рэзюмаваў Юрый Мікалаевіч.

Жыхары Стаўбцоўшчыны прадаўжаюць звяртацца на прамыя лініі, падымаючы бытавыя, глабальныя праблемы, уносяць свае прапановы па тым ці іншым пытанні. Гэтыя факты пацвярджаюць эфектыўнасаць падобнай формы «сустрэч з насельніцтвам».

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *