Наша моладзь

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

19f

19f1

ЗАСТАЕМСЯ ДОМА!

Так атрымалася, што мне пашчасціла даволі шмат падарожнічаць. Калі мой суразмоўца чуе, што я была ў Лондане і Шанхаі, яго вочы робяцца здзіўлена круглымі, і адрасуецца пытанне: «А чаму ты вярнулася?!» І яшчэ большае непаразуменне , як правіла, выклікае інфармацыя пра тое, што я жыву нават не ў Мінску, а ў Стоўбцах. У адказ я звычайна паціскаю плячыма і ўсміхаюся: «Патрыятызм галаўнога мозга». І гэта на самай справе так. Я вельмі люблю дарогу, люблю знаёміцца з новымі месцамі, але куды б я ні накіравалася, недзе праз тыдзень я пачынаю неверагодна сумаваць па сваіх родных мясцінах. І, мабыць, я, як ніхто іншы, разумела пачуцці адной кітаянкі, якая пры прызямленні ў Паднябеснай пачала спяваць у самалёце ад радасці. Маё сэрца таксама кожны раз і спявае, і танцуе, калі я вяртаюся дадому.

Улічваючы гэтыя абставіны, я проста не магла не прыйсці на сустрэчу пад назвай «Застаемся дома!», прысвечаную развіццю нашай малой радзімы, якая адбылася ў пачатку сакавіка ў дзіцячай бібліятэцы горада Стоўбцы. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Стаўбцоўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» ў асобе Міхаіла Мацкевіча і Паўла Савіцкага. Госці сустрэчы абмяркоўвалі, чаму не абавязкова жыць у Мінску, каб адкрыць сваю справу, падарожнічаць, мець захапляльнае хобі і камунікаваць з цікавымі людзьмі, чаму Стоўбцы – гэта сапраўды прыдатнае мястэчка для жыцця, вельмі спакойнае і ў згодзе з навакольным асяроддзем. Але ўсе пагадзіліся, што нам хочацца чагосьці яшчэ, каб наша жыццё было больш разнастайным і асэнсаваным.

Падчас мерапрыемства кожны мог падзяліцца сваімі думкамі адносна паляпшэння культурнай і сацыяльнай сітуацыі ў нашым горадзе. Дзякуючы супольнаму «мазгавому штурму» быў складзены прыблізны план культурных мерапрыемстваў, якія будуць праведзены неўзабаве (напрыклад, бясплатныя экскурсіі па горадзе ці арганізацыя мясцовага музея). Таксама ўсе пагадзіліся, што для паспяховай рэалізацыі праектаў патрэбна і далей арганізоўваць такія сустрэчы (на якія, дарэчы, запрашаюцца ўсе жадаючыя).

Акрамя цікавых знаёмстваў жыхароў горада мы пазнаёміліся з прадстаўніком арганізацыі «Будзьма» Святланай Чакушка. Святлана распавяла нам пра дзейнасць і праекты «Будзьма», расказала пра магчымасць атрымання грантаў дзеля развіцця невялікіх гарадоў, прывяла прыклады беларускіх населеных пунктаў, якім пашчасціла атрымаць фінансаванне для сваіх сацыяльных праектаў. Адным словам, дала надзею на тое, што не ўсе цікавыя задумкі сутыкаюцца з непаразуменнем.

Хочацца падзякаваць арганізатарам за цікавае мерапрыемства і гасцям за тое, што знайшлі час прыняць удзел у ім. Спадзяюся, што вельмі хутка мы ўсе зноў сустрэнемся. Стоўбцы – гэта наш дом, і толькі ад нас залежыць, наколькі ўтульным ён будзе.

Вера КРАМКО

Фота Паўла САВІЦКАГА

 

ПРЫЛЯТАЙЦЕ Ў БЕЛАРУСЬ

Моладзь Стаўбцоўшчыны сустракае вясну сімвалічнай акцыяй-заклікам – «Прылятайце ў Беларусь!».

Для птушак рыхтуюцца штучныя гняздоўі, упрыгожаныя стылізаванымі сімваламі нашай краіны. Мы чакаем птушак, як і патэнцыяльных турыстаў, для якіх наша краіна зрабіла бязвізавы ўезд. Стаўбцоўшчыне, часцінцы Беларусі, ёсць што паказаць гасцям і чым іх здзівіць.

Старт акцыі быў дадзены ў Мінску, на пленуме ЦК БРСМ. Як расказала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, былі   прадстаўлены самыя цікавыя ўзоры шпакоўняў, і ўсе яны «прапісаліся» ў чаканні новых пярнатых жыльцоў у адным з бліжэйшых сталічных двароў.

Дарэчы, штучныя гняздоўі для птушак з году ў год майструюць і работнікі лясніцтваў раёна. Усяго імі гэтай вясной плануецца падрыхтаваць каля 500 гняздоўяў. Як заўважыў галоўны ляснічы лясгаса Сцяпан Явід, палова іх ужо гатова і развешана ў лясных масівах.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *