На ўлонні

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

ХОЦЬ ЯШЧЭ НЕ ЯГАДНЫ СЕЗОН

Са Стаўбцоўскага лясгаса ў адказ на шматлікія звароты грамадзян паведамілі, што парадак збору грыбоў і ягад у нашых лясах не мяняецца.

Хоць цяпер далёка не сезон на грыбы і ягады, заклапочанасць у жыхароў раёна, традыцыйна актыўных зборшчыкаў гэтых дароў прыроды, узнікла ў сувязі з новым Лясным кодэксам Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу 31 снежня 2016 года.

Згодна з артыкулам 44 Ляснога кодэкса, «грамадзяне маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду і без дазвольных дакументаў бясплатна ажыццяўляць для задавальнення ўласных патрэб збор дзікарослых ягад, грыбоў, пладоў, арэхаў і іншых (акрамя драўніны) лясных рэсурсаў». Пры гэтым нарыхтоўку соку можна весці на ўчастках ляснога фонду, якія вызначаны для гэтых мэт лясгасам і яго структурнымі падраздзяленнямі – лясніцтвамі. Інфармацыя аб месце знаходжання такіх участкаў даводзіцца шляхам размяшчэння на афіцыйным сайце лясгаса, у раённай газеце і т. п. Бясплатна на аснове ляснога білета на ўчастках ляснога фонду грамадзяне могуць размяшчаць вуллі і пасекі, праводзіць сенакос і пасьбу жывёлы.

Плата за старонняе лесакарыстанне і нарыхтоўку другасных лясных рэсурсаў прадугледжана толькі для юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў.

Як падкрэсліў намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа, новы Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяніў паўнамоцтвы па ўстанаўленні таксавага кошту. Да 31 снежня 2016 года таксы за староннія лясныя карыстанні і нарыхтоўку другасных лясных рэсурсаў зацвярджаў райвыканкам, а з уступленнем у сілу Ляснога кодэкса таксы ўстанаўліваюцца пастановай урада краіны і прывязаны да базавай велічыні.

Пр

 

ШЧУПАК ПАД ЗАБАРОНАЙ

Стаўбцоўская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету паведамляе, што з 1 сакавіка па 15 красавіка дзейнічае забарона на лоўлю шчупака звычайнага і, згодна з Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, здабыча яго забаронена любымі прыладамі лоўлі.

У выпадку ненаўмыснай здабычы рыбаловамі гэтага віду рыбы неабходна выпусціць яе ў жывым выглядзе назад у рыбалоўныя ўгоддзі.

У перыяд забароны, як сведчыць статыстыка міжрайінспекцыі, павялічваецца колькасць фактаў браканьерства на рэках і вадаёмах. У 2016 годзе супрацоўнікамі міжрайінспекцыі ў перыяд нерасту выяўлена 19 фактаў браканьерства, у кожным з іх парушальнікі былі прыцягнуты да адказнасці. За кожную незаконна здабытую рыбіну імі быў выплачаны кошт ацэненай шкоды, што нанесена навакольнаму асяроддзю. У перыяд нерасту ён вылічваецца ў трохразовым памеры.

Рыбаловы-аматары! Беражыце багацце нашых вадаёмаў і рэк, і яны аддзячаць нам сваёй прыгажосцю і выдатнай рыбалкай.

Ілья МАЗУН, дзяржінспектар Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *