Адметны дзень для юных грамадзян

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Соцыум

22w

22r

22t

22e

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, раённы камітэт БРСМ далучыўся да Усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі».

У гэты адметны дзень вясны прайшло ўрачыстае ўручэнне пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь самым юным грамадзянам раёна, якім нядаўна споўнілася 14.

– Прыняць удзел у акцыі адгукнуліся сем устаноў адукацыі. Яны прадставілі сваю лепшую моладзь, валанцёраў і актывістаў, усяго 40 дзяўчат і юнакоў. Амаль палова іх – вучні школы № 2 г. Стоўбцы, – адзначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Павіншаваць юных грамадзян і ўручыць ім пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь прыйшлі старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Іосіф Язвінскі, а таксама выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі райаддзела міліцыі Раман Верамейчык. Разам з пашпартам кожны вучань атрымаў і падарункавы набор з сімвалічнай назвай «Я – грамадзянін Беларусі». Дваццаці школьнікам, якія вырашылі папоўніць рады БРСМ, Анастасія Калодзінская ўручыла членскія білеты. Са словам у адказ выступіла вучаніца СШ № 2 г. Стоўбцы Анастасія Белавусава. Завяршылася ўрачыстасць клятвай на вернасць Радзіме, якую зачытала вядучая, малады спецыяліст раённага Цэнтра культуры Кацярына Панядзько, і «Адкрытым дыялогам», падчас якога моладзь задала свае пытанні старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву.

Па добрай традыцыі, трое нашых юных грамадзян, членаў БРСМ, былі вылучаны раённым камітэтам для атрымання свайго асноўнага дакумента на ўрачыстасці ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» і Цэнтральным камітэце БРСМ з удзелам кіраўніцтва Мінскай вобласці, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў рэспублікі. Такое ганаровае права прадастаўлена васьмікласнікам Ксеніі Бруевай (Коласаўская школа), Сяргею Тарасаву (гімназія № 1) і Віктару Валевачу (СШ № 3 г. Стоўбцы).  

Нягледзячы на дастаткова юны ўзрост, у гэтых маладых людзей ужо ёсць пэўныя дасягненні, якія сведчаць пра неардынарнасць, высокую матываванасць, настойлівае імкненне да мэты. Пацвярджаецца гэта ўдзелам у алімпіядах, інтэлектуальных гульнях і спартыўных спаборніцтвах, значнымі грамадскімі справамі класа, школы і раённай арганізацыі моладзі. Да прыкладу, Віктар Валявач – удзельнік першага этапа рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Сяргей Тарасаў – пераможца раённай гульні «Знатакі АБЖ», выбраны ў гімназіі капітанам каманды КВЗ. Ксенія Бруева, выхаванка Наваколасаўскай школы мастацтваў, паказвае сябе ў музыцы. У іх, зрэшты, яшчэ ўсё наперадзе…

Быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – значыць, жыць і служыць роднай краіне дзеля яе росквіту, дзеля нашай агульнай будучыні.      

НА ЗДЫМКАХ: Ксеніі Бруевай уручыў пашпарт старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра; урачыстасць у Стоўбцах прайшла з удзелам старшыні райвыканкама Юрыя Горлава; выступае ад моладзі Анастасія Белавусава; удзельнікі ўрачыстасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *