Медыкі раяць

Медыцына Нумары

ПА ЗАЯВАХ ГРАМАДЗЯН

УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» праводзіць выпіскі з медыцынскіх дакументаў пры непасрэдным звароце грамадзян у аддзяленне прафілактыкі (кабінет № 124) ці па інтэрнэце на сайце http: www.scrb.by. Выпіска выдаецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян», Законам Рэспублікі Беларусь ад 28.10.2008 № 433 «Аб асновах адміністрацыйных працэдур» пры прад’яўленні дакумента, які засвядчае асобу.

Выпіска даецца бясплатна, на працягу пяці рабочых дзён з дня звароту, у кабінеце № 241, з панядзелка па пятніцу, з 15.00 да 19.00.

Адміністрацыя ЦРБ

 

ФУНКЦЫЯ – АХОЎНАЯ

20 сакавіка праводзіліся мерапрыемствы Сусветнага дня здароўя поласці рота. Прапануем матэрыял па гэтай праблеме.

Узнікненню большасці захворванняў поласці рота мы абавязаны бактэрыям. Бактэрыі, якія сілкуюцца рэшткамі ежы, вельмі хутка размнажаюцца, наслойваюцца, шчыльна склейваюцца паміж сабой і з паверхняй зуба. Так утвараецца зубны налёт – самы страшны вораг зубоў. Карыес, непрыемны пах з рота – усё гэта следства бактэрыяльнай інфекцыі. Акрамя таго, самі бактэрыі або таксіны, якія яны выдзяляюць, могуць трапіць у кроў. І тады гэта выклікае ці падтрымлівае хранічныя хваробы нырак, страўніка, сэрца, сасудаў…

У роце знаходзяцца і карысныя, і шкодныя бактэрыі (усяго каля 300 відаў). Важна, каб захоўваўся баланс паміж імі. Асноўную ахоўную функцыю ад уздзеяння на зубы і арганізм у цэлым выконвае сліна. За кошт яе дэзынфіцыруючых рэчываў поласць рота ахоўваецца ад бактэрый і вірусаў. Пад уздзеяннем сліны пачынаецца працэс пераварвання ежы і адпаведна харчавання нашага арганізма. Сліна ахоўвае нашы зубы ад страты важных мінеральных рэчываў.

Пасля прыёму ежы ў зубным налёце актывізуецца дзеянне бактэрый і кіслот. Іх негатыўнае ўздзеянне на зубы і дзясны дапамагае нейтралізаваць сліна. Кіслоты, калі яны не нейтралізаваны, аслабляюць зубы, прыводзяць да страты кальцыю і развіцця карыесу.

Каб узмацніць ахоўнае дзеянне сліны, рэкамендуецца чысціць зубы фторутрымліваючай пастай мінімум двойчы на дзень. Калі мы чысцім зубы, то выдаляем рэшткі ежы, стымулюючы тым самым слінааддзяленне, а таксама ўводзім невялікую колькасць фторутрымліваючых злучэнняў, што дапамагае сліне ўмацоўваць нашы зубы.

Калі няма магчымасці пачысціць зубы адразу пасля ежы, можна карыстацца жавальнай гумкай, што не ўтрымлівае цукру. У працэсе яе жавання павялічваецца слінааддзяленне, нейтралізуюцца кіслоты. А таксама выдаляюцца рэшткі ежы і захоўваецца свежасць дыхання. Аднак варта памятаць, што гумка з’яўляецца толькі дадатковым сродкам гігіены. Яна не можа замяніць паўнацэнную чыстку зубоў.

Памятайце: здаровыя зубы – здаровы арганізм!

Эдвард СТАНКЕВІЧ, раённы стаматолаг



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *