Удзячнасць працавітым і гаспадарлівым

Нумары Соцыум

22i

22o

22u

У райвыканкаме на мінулым тыдні прайшло мерапрыемства па ўшанаванні пераможцаў раённага спаборніцтва па закупках сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва за мінулы год.

У зале сабраліся старшыні сельвыканкамаў, старасты вёсак, малаказборшчыкі і малаказдатчыкі, якія забяспечылі летась вышэйшыя паказчыкі. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі шчыра падзякаваў прысутным за сумленную працу. Былі прыведзены вынікі развіцця ўласных падсобных гаспадарак за мінулы год. У насельніцтва закуплена 205 тон малака – за два апошнія гады паказчык знізіўся акурат напалову. Гэта звязана са змяншэннем колькасці кароў на падвор’ях вяскоўцаў. Калі ў 2010 годзе ў сельсаветах налічвалася 1400 рагуляў, то сёлета – усяго 625. Такая тэндэнцыя працягваецца. Але той, хто рупіцца, трымаючы карміліцу, мае і неблагі дадатковы даход. Больш за іншых закуплена малака на карову ў Мікалаеўшчынскім сельсавеце – па 1384 кілаграмы, на другім месцы Старасвержанскі сельсавет, а на трэцім –Дзераўнянскі з паказчыкамі 571 і 364 кілаграмы адпаведна. Дарэчы, на закупленае ў вяскоўцаў малако сёлета крыху большай стала надбаўка. За здадзеных у сельгаставарыствы цялят плацяць таксама больш. У хлявах насельніцтва павялічылася колькасць свіней і склала 3616 галоў. Вяскоўцы пачалі трымаць больш коз і трусоў, а таксама пчол.

Затым адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў. У спаборніцтве сярод органаў мясцовага самакіравання першае месца прысуджана старасце вёскі Пруды Лідзіі Босай. Лідзія Канстанцінаўна звыш пятнаццаці гадоў з’яўляецца нязменным кіраўніком гэтага пушчанскага населенага пункта. Яна актыўная і неабыякавая да праблем вяскоўцаў. Другое месца заняла стараста вёскі Раёўшчына Вішнявецкага сельсавета Тамара Кожыч, трэцяе – стараста вёскі Старына Шашкоўскага сельсавета Ірына Босая. Гэтыя ўмелыя і нераўнадушныя людзі – найпершыя дарадчыкі і памочнікі старшыняў сельвыканкамаў. Праца іх складаная і часам няўдзячная, але патрэбная. Менавіта яны дапамагаюць знайсці спадчыннікаў пустых дамоў, вядуць вялікую растлумачальную работу сярод аднавяскоўцаў па добраўпарадкаванні вуліц і прысядзібных тэрыторый, навядзенні парадку на месцах вечнага спачыну продкаў. І гэта яскрава паказалі святы вёсак, у арганізацыі якіх старасты прымалі самы актыўны ўдзел.

Аркадзій Расціслававіч выказаў словы падзякі за работу і старшыням сельвыканкамаў. У сувязі з аб’яднаннем сельсаветаў работы ў мясцовай улады прыбавілася, але старшыні выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

Сярод малаказдатчыкаў першае месца прысуджана Міхаілу Бецю (Дзераўнянскі сельсавет), які і ў папярэднія гады быў нязменным прызёрам спаборніцтва. Міхаіл Іосіфавіч рэалізаваў 14 110 кілаграмаў малака. Сям’я трымае трох кароў. Як сказаў гаспадар, усе яны – пяршачкі. Кормяць жывёлу добра, таму і малака летась надаілі няблага. Сена, якое дапамагаюць нарыхтоўваць дзеці, даюць уволю. Цялятак здалі ў таварыства. Рупіцца Міхаіл Іосіфавіч па гаспадарцы разам з жонкай. На другім месцы Іосіф Паўлавец (Старасвержанскі сельсавет), на трэцім – Юрый Рымашэўскі (Мікалаеўшчынскі сельсавет), якія здалі адпаведна па 12 416 і 11 524 кілаграмы малака. Заахвочвальныя прэміі ў данай намінацыі атрымалі Галіна Пявец, Ганна Коржык і Тадэвуш Цвірка (Мікалаеўшчынскі сельсавет), Аляксандра Глобаж (Вішнявецкі сельсавет) і Мікалай Булаш (Старасвержанскі сельсавет). Усе гэтыя людзі вылучаліся шчыраваннем і ў мінулыя гады, рэалізоўваючы дзяржаве немалую колькасць лішкаў прадукцыі.

Малаказборшчыкам, работа якіх заўжды была даволі няпростай, таксама ўручаны заахвочвальныя прэміі. Іх атрымалі Ганна Коржык (Мікалаеўшчынскі сельсавет), Вікторыя Суднік (Старасвержанкскі сельсавет), Надзея Філіповіч (Дзераўнянскі сельсавет), Баляслаў Гайдук (Рубяжэвіцкі сельсавет), Аляксандр Глобаж (Вішнявецкі сельсавет).

Усе пераможцы і прызёры спаборніцтва ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *