Выходзіць патруль “101”

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Нумары РАНС інфармуе

На Стаўбцоўшчыне яшчэ не ўсюды сышла вада з падтопленых веснавой паводкай падворкаў, а ўжо паўстае яшчэ адна праблема – надыход сухавею і небяспечнага ў пажарных адносінах перыяду.

Тэрміны да яго падрыхтоўкі вельмі сціслыя, што і паслужыла прычынай аператыўнага склікання пасяджэння раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях.

– Яшчэ некалькі дзён сухога надвор’я і ўзнікнуць пытанні пажарнай бяспекі, – выказаў свой прагноз, адкрываючы пасяджэнне, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын.

На Міншчыне (Старадарожскі, Слуцкі раёны) ужо зафіксаваны першыя факты выпальвання сухой расліннасці, што стварыла пагрозу лясным масівам, населеным пунктам і т. п.

Каб абараніць ад агню нашы лясы і населеныя пункты, гарантаваць бяспеку людзей, Валерыем Ілюшыным былі агучаны асноўныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы прадпрыемстваў і арганізацый раёна да пажаранебяспечнага перыяду 2017 года. Пастаўлена задача ажыццявіць іх да канца сакавіка. Прагучала прапанова на перыяд пажаранебяспечнага перыяду стварыць рабочую групу для распрацоўкі кіраўніцкіх рашэнняў і, зразумела, усім працаваць сумесна, ва ўзаемадзеянні. А выкананне правіл пажарнай бяспекі і падтрыманне парадку на замацаваных тэрыторыях – акурат тыя неабвержныя ўмовы, якія гарантуюць, што пажаранебяспечны перыяд пройдзе спакойна, без здарэнняў. Асобна было падкрэслена пра фінансаванне выдаткаў на тушэнне пажараў у лясных масівах і на тарфяніках – яно адбываецца за кошт уласніка гэтых земляў.  

Сярод актуальных патрабаванняў, якія прад’яўлены Стаўбцоўскаму лясгасу, торфабрыкетнаму заводу «Нёман», аграбудфірме «ПМК-74 – Налібакі», дарожным арганізацыям, турбазе «Высокі бераг» і іншым суб’ектам гаспадарання, – выхад груп патрулявання ў месцы масавага адпачынку грамадзян, карэкціроўка плана прыцягнення сіл і сродкаў для тушэння агню, у тым ліку забеспячэнне аператыўнага выезду тэхнікі, стварэнне запасу вады і так званых ахоўных мінералізаваных палос. На ўездах у лясныя масівы і на тарфянікі павінны быць устаноўлены шлагбаумы і, у выпадку неабходнасці, прадугледжаны інфармацыйныя аншлагі аб забароне наведвання лясоў і тарфянікаў. Дырэктар лясгаса Генадзь Кажушка выказаў пажаданне правесці на базе аднаго з лясніцтваў метадычныя заняткі для патрульных падраздзяленняў лясгаса. Падобныя заняткі-вучоба запланаваны, як і адмысловыя вучэнні з прыцягненнем аператыўных службаў раёна.  

Упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання даручана прадаставіць графікі і спісы мабільных груп, якім прадстаіць выяўляць у гаспадарках факты выпальвання сухой расліннасці і ржышча. Аб’яднанню камунальных службаў неабходна ў першую чаргу правесці тэхабслугоўванне і падрыхтоўку да эксплуатацыі пажарных гідрантаў, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Агульная і вельмі важная задача на працягу ўсяго пажаранебяспечнага перыяду – растлумачальная работа сярод насельніцтва. Выратавальнікі падчас сустрэч у калектывах узмацняюць эфект ад яе шляхам паказу тэматычных відэаролікаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *