Планы на водпуск

Нумары Соцыум

На чарговым пасяджэнні савета раённага аб’яднання прафсаюзаў Беларусі былі пастаўлены задачы па развіцці прафсаюзнай экскурсійна-турыстычнай дзейнасці на 2017 год. Па гэтай тэме мы вядзём гутарку са старшынёю раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрыем Ларычэвым.

–             Юрый Іванавіч, арганізацыя экскурсійнай дзейнасці заўсёды была прэрагатывай прафсаюзаў. Якія новыя кірункі ў гэтай рабоце на сучасным этапе?

–             Іх найбольш поўна можна было прасачыць на нядаўняй прафсаюзнай экскурсійна-турыстычнай выставе «ПРАФТУР -2017», арганізатарамі якой выступілі фірмы «Беларустурыст» і «Белпрафсаюзкурорт» пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў. На выставе быў прадстаўлены не толькі экскурсійны турызм, але і зусім новыя напрамкі: прамысловы, спартыўны, навукова-пазнавальны, медыцынскі, падзейны турызм. Быў прэзентаваны новы сумесны праект турысцка-экскурсійнага ўнітарнага прадпрыемства «Беларустурыст» і канцэрна «Беллегпрам» па папулярызацыі айчынных брэндаў. Турыстам прапануюцца гасцінічныя нумары, у якіх усе прадметы інтэр’ера – ад мэблі да дамашняга тэкстылю – выкананы з натуральных матэрыялаў беларускіх вытворцаў. Драўляная мэбля, ільняныя пасцельныя рэчы, гліняны посуд ствараюць атмасферу простага быту і ўтульнасці, і гэта цяпер ва ўсім свеце лічыцца найбольш камфортным. Ёсць і «Замкавыя нумары», убранства якіх выканана ў стылі княжаскіх пакояў. Беларусь багатая на самабытныя традыцыі, разнастайныя фестывалі, якія праходзяць у вялікіх і малых гарадах нашай краіны. Каб прапагандаваць іх, распрацаваны ўнікальны каталог падзейнага турызму. У ім пазначаны ўсе значныя фестывалі, тэматычныя святы, конкурсы, выставы, якія праходзяць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, што паспрыяе росту пазнавальнасці Беларусі для замежных турыстаў.

–             Будзем спадзявацца, што гэта пасадзейнічае развіццю інфраструктуры, дасць прыток інвестыцый. І разам з тым – пашырыць магчымасці для арганізацыі адпачынку і аздараўлення членаў працоўных калектываў. На якую падтрымку могуць разлічваць члены прафсаюзаў?

–             Захоўваецца 25-працэнтная скідка для членаў прафсаюза. Працуе пункт ранняга браніравання. Прафсаюзныя арганізацыі, члены прафсаюзаў ужо сёння могуць з вялікай скідкай забраніраваць сабе паездкі на ўвесь год. І калі ў мінулым годзе прадастаўлялася скідка толькі на туры па Беларусі, то цяпер сюды ўключаны і замежныя туры. Новыя магчымасці адкрывае і ўведзены з 12 лютага пяцідзённы бязвізавы рэжым. Маршруты створаны, праграмы таксама. Яны ўключаюць падарожжы, аздараўленне, паслугі прафсаюзных здраўніц. Застаецца чакаць ініцыятыўнасці ад прафсаюзных лідараў раёна ў арганізацыі адпачынку працаўнікоў калектываў, у скарыстанні магчымасцяў аздаравіцца, карысна і з цікавасцю правесці вольны час. Шмат прапаноў можа прадаставіць філіял «Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій» сэрвіснага даччынага ўнітарнага прадпрыемства «Гасцінічны комплекс «Арбіта».

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *