Аматарам спорту

Нумары Спорт

У ТРЭНІРОВАЧНЫМ РЫТМЕ

Стаўбчане апошнім часам сталі больш цікавіцца баскетболам. Раённая жаночая каманда стабільна займае прызавыя месцы ў першынстве вобласці. Але ўжо і рэспубліканскі баскетбол у цэнтры ўвагі заўзятараў. Актыўная падтрымка ў Стоўбцах забяспечана баскетбалісткам клуба «Гарызонт». Спартсменкі, якія прадстаўляюць Мінскую вобласць, менавіта ў зале нашага ФАКа адчуваюць, што гледачы перажываюць за іх, як за сваіх.

«Гарызонт» поўны намеру адстаяць тытул чэмпіёна Беларусі. Даволі працяглы турнірны шлях папярэдніх гульняў завяршыўся лідарствам «Гарызонта». Але ўмовамі спаборніцтваў прадугледжана яшчэ і стадыя плэй-оф. Гэта значыць, што першая на пачатковым этапе каманда павінна была згуляць з апошняй, восьмай, другая – з сёмай і г. д. Прадугледжаны па дзве чвэрцьфінальныя сустрэчы, а калі агульны вынік пасля іх нічыйны, то магчыма і трэцяя.

Такія вось дадатковыя клопаты для мацнейшых і шанц для іх апанентаў. У рэшце рэшт галоўны трэнер «Гарызонта» Наталля Трафімава, якая рыхтуе да рашаючых спаборніцтваў і зборную Беларусі, бачыць у гэтым і дадатковую магчымасць праверыць у «гарачай справе» і бліжэйшы рэзерв галоўнай каманды краіны.

Аматары, якія зноў запоўнілі залу ФАКа, сталі сведкамі поўнай перавагі баскетбалістак «Гарызонта» над сапернікамі з ФК «Полацк». 69:37 – такія лічбы высвечваліся на табло пасля першага паядынку. На другі дзень барацьба была больш упартай – трэнер «Гарызонта» дала магчымасць праявіць сябе і маладзейшым ігракам. Усё ж зноў вынік на карысць мінчанак пераканаўчы – 83:56.

Як і чакалася, у астатніх чвэрцьфінальных паядынках перамаглі больш вопытныя каманды. «Цмокі-Мінск» адолелі саперніц з Брэста. «Вікторыя» (Гродна) уступіла ў абедзвюх сустрэчах клубу «Гомель-Сож». А вось у пратаколе сустрэчы «Алімпіі» (Гродна) і «Гарызонта-2» зафіксаваны двойчы незвычайныя для баскетбола вынікі – 20:0. Звычайная гісторыя: спартсменкі другой «гарызонтаўскай» каманды не дабраліся да Гродна, у дарозе зламаўся аўтобус. І ім залічылі тэхнічнае паражэнне.

Турнірны расклад далей наступны. У паўфінале «Цмокі-Мінск» сустрэнуцца з «Алімпіяй». А сапернікам «Гарызонта» стане «Гомель-Сож». Нагадаем, што ў сустрэчы, якая адбылася ў лютым у нашым ФАКу, мінчанкі перамаглі гамяльчанак з лікам 99:36. Цяпер, зразумела, у трэніровачным рытме гуляць не будуць, бо пераможца сустрэчы становіцца прызёрам першынства. А далей – фінальны матч за званне мацнейшай каманды рэспублікі.

 

ЦІ ЛІШНІ ШАСНАЦЦАТЫ?

У спартыўнай прэсе абнародаваны календары сустрэч першынства Беларусі па футболе. У вышэйшай лізе, як і ў папярэднія гады, будуць спаборнічаць 16 камандаў. 9 з іх прадстаўляюць Мінск і сталічную вобласць.

У спісе ўдзельнікаў чэмпіянату ў першай лізе пакуль 15 клубаў. Так бы мовіць, адкрыты дзверы і для шаснаццатага.

Пераможца турніру і другі прызёр мінулагодняга чэмпіянату ў другой лізе – «Хваля» (Пінск). Гэтая каманда і ФК «Асіповічы» будуць змагацца ў першым дывізіёне. Трэці прызёр – ФК «Клецк» – адмовіўся ад павышэння ў класе. Цяпер, згодна з умовамі спаборніцтваў, мае права падаць сваю заяўку стаўбцоўская каманда «Нёман-Агра». Нагадаем, што футбалісты са Стоўбцаў занялі чацвёртае месца па выніках першынства рэспублікі ў другой лізе 2016 года.

Ці скарыстаюць нашы гэтае права? Пытанне не простае, бо важную ролю тут будзе мець і фінансавы фактар. Як жаданні балельшчыкаў стануць суадноснымі з магчымасцямі? Зразумела, што хацелася б на стадыёне «Юнацтва», аздобленым новымі прыгожымі крэсламі для гледачоў, назіраць футбольныя дзействы знакамітых камандаў.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *