Бальніца можа быць здраўніцай

Медыцына Нумары

2888

У цэнтральнай раённай бальніцы стала працаваць водагразелячэбніца. З гэтай нагоды адбылося ўрачыстае адкрыццё новага аддзялення ў паліклініцы, на якое ўскладваеццая важная роля прафілактыкі захворванняў і аздараўлення жыхароў раёна.

На адкрыцці водалячэбніцы прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім. Усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у прэзентацыі і азнаёміцца з паслугамі, якія цяпер будуць аказвацца. Прэзентацыя водалячэбніцы была настолькі пранізана пазітывам, што Алена Анісім не прамінула аб гэтым сказаць у сваім слове, падтрымаўшы ініцыятывы кіраўніцтва і калектыву медустановы, нястрымнае жаданне ўдасканальваць паслугі і іх моцны імпульс стваральнай дзейнасці.

–             Мы рады падзяліцца нашай радасцю з кіраўніцтвам раёна, з жыхарамі Стаўбцоўшчыны, – вітае ўсіх прысутных галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка. – Сіламі нашай будаўнічай брыгады пры падтрымцы медыцынскіх работнікаў, дапамозе дызайнераў мы абсталявалі водалячэбніцу. Яна ўкамплектавана кедравай бочкай, гэтая працэдура дазволіць падыхаць водарам натуральнага дрэва. Будуць працаваць лячэбныя ванны. У стадыі завяршэння кабінет з гідрападводным масажам. Пасля прыняцця гэтых прыемных працэдур можна пачаставацца кіслародным кактэйлем на травах знакамітай Рубяжэвіцкай фітааптэкі. У гэтым жа аддзяленні знаходзіцца лімфамат – сістэма кампрэсарнай тэрапіі, якая аказвае лячэбнае і аздараўленчае ўздзеянне на арганізм. Дарэчы, лімфамат ёсць далёка не ва ўсіх медыцынскіх установах, і гэта трэба цаніць і скарыстоўваць магчымасць атрымаць такую масажную паслугу прэсатэрапіі.

Старшая медыцынская сястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення Наталля Петух задаволіла цікаўнасць прысутных, расказала аб працэдурах, якія можна будзе атрымаць. І запрасіла наведаць водалячэбніцу. Паслугі даступныя па цэнах: выкарыстанне кедравай бочкі з кіслародным кактэйлем каштуе 3,55 руб., хвойная ванна з рамонкам, скіпідарная ванна, гразевая ванна – 1,98 руб.

Дарэчы зрабіць такі акцэнт: распрацаваны падарункавыя сертыфікаты на наведванне водалячэбніцы. Іх можна набыць для сваіх родных, блізкіх, сяброў, калег і зрабіць ім прыемнасць, прадаставіўшы магчымасць наведаць здраўніцу для ўмацавання свайго здароўя і падняцця жыццёвага настрою.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *