Гандаль. Жыллё. Здарэнні

Нумары Раённыя навіны

ФІРМЕННЫЯ СЕКЦЫІ

Апраўдваюць сябе такія формы гандлю, як адкрыццё фірменных секцый у прамысловых і прадуктовых магазінах раёна. Яскравым прыкладам можа служыць дзейнасць магазіна «Марк Фармэль». Па выніках работы за мінулы год гэтая крама забяспечыла тэмп росту ў супастаўных цэнах145 працэнтаў.

Кожны год адкрываюцца новыя фірменныя секцыі. Летась такая форма гандлю магазінам «Дзіцячы свет» наладжана з Гродзенскай абутковай фабрыкай «Нёман». Пакупнікі ацанілі прадукцыю агракамбіната «Сноў» у фірменнай секцыі магазіна «Забота».

У планы бягучага года райспажыўтаварыства ставіць адкрыццё фірменных секцый у магазіне № 34 «Родны кут» па рэалізацыі мясапрадуктаў ад агракамбіната «Дзяржынскі», у «Забоце» – па рэалізацыі кандытарскіх вырабаў фабрык «Слодыч» і «Чырвоны харчавік».

Пр

 

З ДОЛЕВЫМ УДЗЕЛАМ

Зацверджана жыллёвая праграма Стаўбцоўшчыны на 2017 год, згодна з якой у райцэнтры запланавана пабудаваць 120 кватэр.

Як адзначыў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мікалай Мармузевіч, будаўніцтва будзе весціся ў дзве чаргі. Адзін з 60-кватэрных дамоў мяркуецца ўзвесці паводле дзяржзаказу, кватэры ў другім 60-кватэрным доме прадугледжаны рознага прызначэння: 20 – сацыяльных, 20 – камерцыйных, 20 – з долевым удзелам грамадзян. Да будаўніцтва прыцягнуты Салігорскі домабудаўнічы камбінат.

Паводле апошніх даных аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, чарга тых, хто хацеў бы палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, налічвае ў Стоўбцах 1369 чалавек. Сярод іх – 80 шматдзетных сем’яў, 131 чалавек з катэгорыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, 10 сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды.

У Стоўбцах у жніўні бягучага года плануецца здаць у эксплуатацыю сацыяльны аб’ект – дзіцячы сад на 230 месцаў. Будаўнікі прыступілі да выканання ўнутраных работ – электрычных, сантэхнічных, тынковачных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

АДЧУЛІ ПАХ ГАЗУ…

У Стоўбцах каля 21 гадзіны 19-га сакавіка трапіла ў бальніцу адразу ўся сям’я – трое дзяцей і іх бацькі.

Сям’я пражывае ў райцэнтры ў двухпакаёвай кватэры, будуе ўласны дом. Усе выхадныя дома нікога не было. Прыехалі толькі ў нядзелю вечарам, бо трэба было старэйшае дзіця сабраць у школу, сярэдняе – у дзіцячы садок. Самая маленькая дачушка, 2016 года нараджэння, – дома з мамай. Каб хутчэй абагрэць кватэру, памыць дзяцей, уключылі двухконтурны газавы кацёл на максімальную адзнаку.

Дзесьці праз дзве гадзіны матуля дзяцей адчула пах газу, паскардзілася на галавакружэнне. Пачалі ванітаваць і дзеці. Выклікалі хуткую дапамогу, і ўсе паехалі ў бальніцу. На шчасце, атручэнне чадным газам (а менавіта з такім дыягназам паступіла сям’я) не паўплывала на стан здароўя дзяцей і іх бацькоў.

Як адзначыў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Мікалай Скрыган, вядзецца высвятленне прычын здарэння. Вядома, што ў лютым бягучага года жыльцам кватэры было выдадзена газавай службай прадпісанне адносна ўхілення недахопаў у вентыляцыі памяшкання, дзе ўстаноўлены індывідуальны газавы кацёл. Парушэнняў у рабоце катла не выяўлена. Ажыццяўляецца праверка работы вентыляцыйных каналаў у двухпавярховым доме.

 

УДАР У СЭРЦА

З пачатку года на Стаўбцоўшчыне здарыліся два цяжкія злачынствы – наўмысныя забойствы. Летась за ўвесь год не было ніводнага падобнага факта.

8-га лютага ў Стоўбцах 19-гадовая дзяўчына адным махам пазбавіла жыцця сужыцеля сваёй матулі. 16-га сакавіка ў Новым Свержані сын забіў свайго 67-гадовага бацьку. Абедзве ахвяры атрымалі ўдар нажом акурат у сэрца і памерлі на месцы здарэння.  

– Узбуджаны крымінальныя справы. Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні, экспертызы. Абвінавачваныя заключаны пад варту. Ім пагражае ад шасці да 15-ці гадоў зняволення, – патлумачыў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Мікалай Скрыган.

Як вынікае з матэрыялаў следства, забойства ў Стоўбцах выклікана канфліктнымі адносінамі ў сям’і. У Новым Свержані да трагічнага фіналу прывяло п’янства, амаральныя паводзіны. Сын і бацька адразу разам распівалі спіртное, а потым паміж імі ўзнікла сварка. Абое – раней судзімыя, прычым у загінуўшага судзімасць не была пагашана. Грошы на спіртное яны «зараблялі» на звалцы…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *