Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне за апошнія два тыдні два шлюбы, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 18 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Антон Каспаровіч, Максім Кутас, Арцём Гелейша, Данііл Кажамяка, Ганна Княжэвіч, Валерыя Карпеня, Міраслава Кутас, Дар’я Рэзнік, Марк Рымашэўскі, Валерыя Лявончык, Андрэй Клімовіч, Андрэй Жукаў, Аляксандр Станкевіч, Варвара Крамко, Валерыя Чарнец, Максім Клаўшун, Анастасія Самахвал і Лізавета Маліноўская.

Зямны шлях закончыўся для 27-мі жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі загаранне гаража ў Пагарэлым. Здарэнне выклікана неасцярожным абыходжаннем з агнём.

Міліцыяй зарэгістравана 117 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 17 крымінальных спраў, у 12-ці з іх устаноўлены падазроныя. З дачнага дома ў Літве зніклі лічбавая тэлевізійная прыстаўка, пульт і інш. У п. Нёман двое нецвярозых спрабавалі ўгнаць ад дома аўтамабіль «Рэно-меган-сцэнік». З 23 па 25 сакавіка праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні п’янства. Тэл. гарачай лініі – 5-01-72.

Пракуратурай раёна праверана выкананне патрабаванняў Дэкрэта № 18 на тэрыторыі раёна, у выніку чаго ўнесена прадстаўленне ў адрас кіраўніцтва філіяла «Энергазбыт», рыхтуецца прадстаўленне ў райвыканкам.

Суд прыгаварыў да выпраўленчых работ на 1,5 года з утрыманнем 15 працэнтаў заробку 51-гадовага жыхара Ячнага, які выкраў у доме аднавяскоўца віно, прадукты. 30-гадовы жыхар Аталезі паквапіўся на 160 кг ячменю, за што аштрафаваны на 276 рублёў. 51-гадовая жыхарка Раёўшчыны папярэджана за тое, што захоўвала дома самагонны апарат (апарат – канфіскаваны).

ДАІ выявіла 182 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 13 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і чацвёра п’яных вадзіцеляў (адзін з іх, жыхар Стоўбцаў, – «паўторнік», яму пагражае канфіскацыя аўтамабіля «Мазда»), 30 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксаваны дзве дарожныя аварыі. З 23 па 27 сакавіка аб’яўлена акцыя «Цвярозы вадзіцель». Калі вы бачыце або ведаеце, што за рулём знаходзіцца п’яны, званіце па тэл. 5-19-15 або 102.

«Хуткая» атрымала 440 выклікаў, у тым ліку пяць – да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *