Дзень падпісчыка

На сувязі - рэдакцыя Нумары

2777

Сераду і суботу, традыцыйныя дні выхаду «раёнкі» ў свет, нашы чытачы і падпісчыкі пачынаюць са знаёмства з любімым выданнем. А нядаўна і пятніца, якая была аб’яўлена абласным і раённым днём падпісчыка, па праву стала днём «Праменя».

Самай першай, запланаванай многімі падпісчыкамі ў тую пятнічную раніцу справай, быў працяг падпіскі на газету «Прамень» на другі квартал. Паход у гарадское аддзяленне паштовай сувязі суправаджаўся добрым настроем і жаданнем падзяліцца ім з іншымі. Мне, як прадстаўніку рэдакцыі, было прыемна пачуць шмат добрых слоў і пажаданняў у адрас газеты, адчуць вернасць ёй на працягу многіх гадоў і веру ў «Прамень» нашых чатычоў. Сярод іх было нямала людзей знаёмых, інтэлігентных і нераўнадушных, якія душой хварэюць за свой горад і раён.

Мы ў сваю чаргу не засталіся ў даўгу перад падпісчыкамі – пастараліся адзначыць удзельнікаў дня падпісчыка карыснымі сувенірамі, на гэты раз – флікерамі. Святлоадбівальны элемент асвятляе ў цемры і такім чынам зберагае жыццё і здароўе, а «Прамень» – выводзіць на бяспечныя кірункі і маршруты жыцця, дае шанц стаць не толькі адметным падпісчыкам, але і аўтарам газетнага артыкула, цікавым суразмоўцам або героем публікацыі, пра якога даведаюцца як на Стаўбцоўшчыне, так і за яе межамі. Гэтыя і іншыя матэрыялы адпраўляюцца на сайт газеты і такім чынам літаральна за некалькі хвілін становяцца часткай сусветнай інфармацыйнай прасторы. У гэтым – прыцягальнасць і разнастайнасць «Праменя», яго сучасны воблік з фактычным «тыражом» без межаў.

Аддзяленне паштовай сувязі таксама ўнесла сваю лепту, калі прапаноўвала падпісчыкам узяць у якасці падарунка выданне з парадамі для здароўя, кулінарнымі рэцэптамі, настаўленнямі садаводам і агароднікам (што вясной актуальна), размалёўкамі для дзяцей і т. п. Непасрэдна ў зале з падпісчыкамі працавалі начальнік гарадскога аддзялення Алена Груца і старшы інструктар па падпісцы раённага вузла паштовай сувязі Вольга Емяльянава. Дарэчы, работнікі пошты гатовы прыйсці да сваіх патэнцыйных падпісчыкаў дахаты, у працоўны калектыў. У мінулыя выхадныя яны ўпершыню апробавалі эфектыўнасць «выязнога» падпіснога пункта, які працаваў на Цэнтральным рынку.

На завяршэнне дня падпісчыка рэдакцыяй не была парушана даўняя традыцыя – правядзенне латарэі па розыгрышы пяці бясплатных экзэмпляраў квартальнай падпіскі на раённую газету. На гэты раз шчасліўчыкамі сталі наступныя сем’і стаўбчан: Жукоў (вуліца Будаўнікоў), Сурко (вуліца Свярдлова), Корсакаў (вуліца Царука), Юнцэвічаў (вуліца Чарняхоўскага), Сяргеевых (вуліца Клімука).

Віншуем пераможцаў і нагадваем, што падпіска на»Прамень» на другі квартал бягучага года працягваецца. Да канца сакавіка засталося няшмат часу, таму варта паспяшацца ў аддзяленне сувязі або звярнуцца да паштальёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *