Да дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

2666

БРЫГАДА «ХУТКАЙ КАМУНАЛЬНАЙ ДАПАМОГІ»

Гэтая брыгада ў Стаўбцоўскім АКС лічыцца аварыйна-аднаўленчай. Калі не зусім афіцыйна, то яе можна назваць «хуткай камунальнай дапамогай». У любы час сутак, не зважаючы на выхадны або святочны дзень, члены брыгады на чале з Аляксандрам Мядзведзевым гатовы выехаць на аварыю на цеплавых сетках і ліквідаваць яе аператыўна і якасна. У такім выпадку лік ідзе на гадзіны і нават мінуты.

Іх гаспадарка і зона абслугоўвання – тры цеплапункты ў райцэнтры, кацельня на базе цэнтральнай раённай бальніцы, каля паўсотні кіламетраў цепласетак. Пры неабходнасці яны прыходзяць на дапамогу і калегам з іншых участкаў – выязджаюць на аб’екты ў Дзераўную, Наваколасава. Сумесная работа, узаемавыручка – без гэтага камунальнікам не выжыць.

– Аварыйных сітуацый бывае нямнога. Больш планавай работы. Да прыкладу, мянялі кампенсатары, пракладвалі пі-трубу, – заўважае начальнік участка цеплавых сетак Аляксандр Мядзведзеў і, не ўдаючыся ў падрабязнасці, пераводзіць стрэлкі на аб’ектыўную рэальнасць: – На даны момант у кватэры ўсіх жыльцоў шматпавярховага мікрараёна паступаюць цяпло і гарачая вада, інакш мы з вамі спакойна не сядзелі б за гэтай размовай, – прыводзіць «жалезны» аргумент мой суразмоўца.

Начальніка ўчастка Аляксандра Мядзведзева завочна прадставіў мне дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Мурын. Маўляў, Аляксандр – майстар камунальных спраў. Спецыяліст, адказнасць якога не выклікае сумненняў. І, немалаважна, у АКС Аляксандр і яго жонка Марына, аператар кацельні ў Новым Свержані, стварылі сямейны «падрад».

У адказ на апошняе Аляксандр шматзначна ўсміхаецца: «У АКС работы шмат, хопіць на ўсіх…» І сапраўды, падчас знаёмства, якое адбывалася на цеплапункце № 1, высвятляецца, што ў ліпені мінулага года ўліўся ў брыгаду слесар Уладзімір Шашко. Малады чалавек закончыў Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, падчас вучобы праходзіў у брыгадзе вытворчую практыку. Прывёў яго ў брыгаду Аляксандр Мядзведзеў. «Гэта мой дзядзька, – не без гордасці гаворыць Уладзімір і тлумачыць сваё разуменне сваяцка-дзелавых адносін: – Работа цікавая, а ўсё астатняе залежыць ад мяне самога. Патрабаванні да мяне такія ж, як і да іншых».          

Маладому слесару Уладзіміру Шашко яшчэ як пашанцавала з калектывам. Моладзь у брыгадзе падтрымліваюць, ды і ёй ёсць у каго вучыцца. Побач з Уладзімірам працуюць слесары Святаслаў Балабанчык (на даны момант у сувязі з вытворчай неабходнасцю пераведзены на ўчастак у Наваколасава), Віктар Жук. У аварыйнай брыгадзе не абысціся без электрагазазваршчыкаў, работу якіх за тонкасць зварных швоў нярэдка называюць ювелірнай. Увогуле нельга не сказаць пра спецыфіку работы брыгады камунальнікаў – у цеплавых камерах, непасрэдна на падземных камунікацыях, а гэта пад адкрытым небам і, часцей за ўсё, пад пільным вокам і крытыкай жыльцоў і старонніх назіральнікаў. У сувязі з гэтым маюць актуальнасць пытанні аховы працы.

У пары з дасведчаным зваршчыкам Генадзем Лаўрыновічам шчыруе Пётр Лугаўскі. Паўтара года таму Пётр атрымаў гэтую запатрабаваную прафесію ў Дзяржынскім ліцэі.

– Усяму вучыцца, схоплівае на ляту. Ужо мае чацвёрты разрад. Добры футбаліст (у АКС ёсць свая спартыўная каманда, і яна выступае ў раёне, на абласных спаборніцтвах камунальнікаў), – характарызуе Пятра начальнік участка цеплавых сетак.

Як кіраўніку яму гэта відней, а яшчэ Аляксандр Мядзведзеў і сам па прафесіі зваршчык. Яго ўвогуле можна назваць спецыялістам універсальным. У свой час ва Уздзенскім ПТВ дадаткова атрымаў, акрамя зваршчыка, яшчэ дзве спецыяльнасці – вадзіцеля і слесара. Пачынаў у Стоўбцах на малочным заводзе, а ў 2004 годзе, калі гэтае прадпрыемства закрылася, прыйшоў у АКС на вакантную пасаду зваршчыка.

Аляксандр у гэтым годзе завочна заканчвае Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж па «сваёй» жа спецыяльнасці – «цеплатэхнік». Ён арганічна спалучае тэорыю з практыкай і ў многім дзякуючы гэтаму вырас да начальніка «стратэгічнага» ўчастка. Стаўбцоўшчына стала для яго другой радзімай. Нарадзіўся ў Расійскай Федэрацыі, але яшчэ школьнікам разам з бацькамі пераехаў на радзіму сваёй матулі. У Аляксандра і Марыны двое ўласных дзяцей-школьнікаў, дачка і сын. У іх доме ў Дзень работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі будзе сямейнае свята.

Камунальнікам ёсць куды імкнуцца. Гэта павышэнне прафесійнага майстэрства, заняткі спортам і іншае. Прафсаюзны камітэт прапануе абанементы на наведванне басейна ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе.

НА ЗДЫМКУ: начальнік участка цеплавых сетак Аляксандр Мядзведзеў і зваршчык Пётр Лугаўскі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАДАРУНКАВЫ СЕРТЫФІКАТ

Кіраўніцтва камбіната бытавога абслугоўвання ў пошуку новых формаў работы. Да іх можна аднесці ўвядзенне падарункавых сертыфікатаў. Яны дзейнічалі падчас навагодніх і ражджэственскіх свят на паслугі манікюру, рамонт абутку і адзення. Так званая «паслуга для сябра» дае магчымасць атрымаць з 10-працэнтнай скідкай абслугоўванне па адзначаных трох паслугах, а таксама цырульні і для сябе, і для таго, хто прыйшоў разам. Практыкуюцца святочныя 10- і 15-працэнтныя скідкі на тавары ў ведамасным магазіне, а таксама на выязным гандлі і на паслугі ў Доме быту.

Дырэктар раённага камбіната бытавога абслугоўвання Святлана Янушкевіч лічыць, што, каб паправіць справы, неабходна займацца вытворчасцю. Зроблены ўжо такі крок – майстрыхі атэлье асвоілі пашыў трыкатажнай бялізны. Разглядаецца пытанне аб адкрыцці на базе камбіната бытавога абслугоўвання швейнага цэха сумесна з Жодзінскай трыкатажнай фабрыкай «Світанак».

Добрым зачынам на бягучы вытворчы год стала заключэнне з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна дагавораў на пашыў спецадзення. Ёсць ужо заказы на 30 тысяч рублёў.

Камбінат шырока практыкуе выязны гандаль як у сталіцу, іншыя гарады, так і на айчынныя прадпрыемствы, дзе шырока прапануе швейную прадукцыю ўласнай вытворчасці.

Касцяк калектыву камбіната бытавога абслугоўвання складаюць надзейныя кадры, стаж работы якіх у гэтай галіне – дзесяцігоддзі. На іх, а таксама на маладых супрацоўнікаў, якія ўнеслі ў калектыў свежы струмень, можна спадзявацца пры ажыццяўленні перспектыўных задач і напрамкаў работы.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *