І сэрцы б’юцца ва ўнісон

Людзі і лёсы Нумары

2555

Даўно гэта было. Шмат вёснаў таму назад, ажно ў 1966 годзе, малады хлопец Мікола прыйшоў з арміі і ўладкаваўся ў кінасетку г. Стоўбцы. А тым вясновым цёплым надвячоркам вёз ён у Рубяжэвічы новы кінафільм. Калі праязджаў праз рэчку, на мосце ўбачыўдзяўчыну – танклявую, стройную, нібы тая бярозка. Мімалётны пагляд блакітных вачэй, хараство дзяўчыны захапілі сэрца Мікалая. Прыехаў у клуб і давай распытваць у загадчыцы ўстановы: хто ж яна такая? Даведаўся: дзяўчына мясцовая, з паважанай сям’i, працавітая, выдатніцай была ў школе, а цяпер – вучыцца на настаўніцу, на пятым курсе ў Брэсцкім педагагічным інстытуце, на канікулы прыехала да бацькоў, як заўсёды, дапамагчы па гаспадарцы. А завуць яе – Людміла. «Вось якая – «людзям міла», – падумаў Мікола, – а для мяне дык імя лепей няма!» Некалькі разоў сустрэўшыся ў клубе, зачаравала Людміла хлопца сваёй лагоднай усмешкай, голасам сваім ласкавым. Размаўляць з дзяўчынай было адно задавальненне: начытаная, дасведчаная, цікавая, яна шмат ведала, з ёю можна было пагаварыць на любую тэму.

У хуткім часе паехала студэнтка на вучобу, і паляцелі ў далёкі Брэст да яе Міколавы пісьмы. «Думаю толькі пра цябе, – пісаў хлопец, – адна ты запаланіла маё сэрца!» І каб назаўсёды быць разам, Мікола настойліва прасіў яе рукі.

Маладыя распісаліся ў сакавіку 1967 года ў стаўбцоўскім загсе. А паколькі сваёй хаты не мелі, прыйшлося арандаваць у Стоўбцах кватэру. Дзеля мужа Людміле не прыйшлося пакінуць вучобу. Інстытут яна закончыла на дзённай форме навучання, атрымала дыплом. І пачалі маладыя віць сваё «гняздо» на роднай Стаўбцоўшчыне.

І задумалі яны пабудаваць свой дом. Атрымалі зямельны надзел. Ад бацькоў засталася невялічкая хатка, якую перавезлі ў Стоўбцы, у ёй нарадзіліся дзеткі: дачушка і сынок. Пайшлі ў сад, затым у школу. А маці з бацькам марылі пра дыхтоўны дом. І здзейснілі яны сваю мару. І дом пабудавалі, і дзяцей уладкавалі. Усё ў згодзе ды ў каханні рабілі разам, раіліся адно з адным. І вось у гэтым годзе, 25 сакавіка, Мікалай Іванавіч і Людміла Браніславаўна Грахоўскія са Стоўбцаў адзначаюць залатое вяселле.

Яны цяпер на заслужаным адпачынку. Іх бачаць заўсёды разам, вясёлых і добразычлівых. У іх часта збіраюцца родныя, каб пагутарыць за кубкам духмянай гарбаткі, пазнаёміцца з кулінарнымі рэцэптамі гаспадыні, а на гэта яна вялікая майстрыха. Заўсёды побач з імі дзеці, якія звяртаюцца за парадай да бацькоў, бо маці з таткам застаюцца сэрцам маладымі. Чацвёра ўнукаў з павагай зазначаюць, што дзядуля з бабуляй – сучасныя: на розныя тэмы з імі можна пагаварыць, з імі радасна адпачыць на свята, павесяліцца, паспяваць, патанцаваць. Для ўсіх радасць – палюбавацца на кветкі ля хаты, якія з любоўю і шчырасцю вырошчваюць Мікалай Іванавіч і Людміла Браніславаўна, яны ўсё любяць рабіць разам. Муж і жонка блізкія адно аднаму па духу, маюць агульныя захапленні.

Людміла Браніславаўна і Мікалай Іванавіч – паважаныя людзі ў горадзе і ў раёне. Галава сям’і спачатку працавау ў сістэме кінасетак, а затым доўгі час – у ПЭСе, адкуль і пайшоў на заслужаны адпачынак, мае шмат грамат і ўзнагарод. Людміла Браніславаўна – настаўнічала, выкладала хімію, біялогію і геаграфію, спачатку ў Старасвержанскай СШ, затым у Школе працоўнай моладзі, у Стаўбцоўскай школе-гімназіі. З першых дзён заснавання СШ № 3 доўгі час працавала там. За працу яе адзначалі граматамі і ўзнагародамі. У абоіх працоўны стаж складае больш за 40 гадоў.

Юбілей шлюбнага саюза Грахоўскіх збярэ іх дзяцей, унукаў, родных і сяброў за адным сталом. І, як і 50 гадоў назад, у адрас юбіляраў прагучаць шчырыя словы віншаванняў і гарэзлівае «горка!»

Іна ГРАХОЎСКАЯ-БАТАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *