Навучаючы іншых, мы вучымся самі

Адукацыя Нумары

2444

Сённяшняя гераіня інтэрв’ю прысвяціла выбранай прафесіі большую частку свайго жыцця. Яна стала выкладчыцай малявання, бо, на яе погляд, маляванне – гэта найлепшае пазнанне свету. Таццяна Несцярук ужо 28 гадоў працуе ў Стаўбцоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе кіруе народнай самадзейнай студыяй выяўленчага мастацтва «Вясёлка». Яе навучэнцы з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Аб тым, як дасягнуць такіх цудоўных вынікаў, гутарым з педагогам.

–             Таццяна Віктараўна, зараз вы займаецеся тым, што сапраўды прыносіць вам задавальненне. Ці адразу выбар паў на маляванне?

–             Мне заўсёды падабалася маляваць. Да таго ж, на выбар маёй будучай спецыяльнасці паўплывалі настаўнікі. У выніку я паступіла ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт. Пасля заканчэння яго разам з мужам па размеркаванні прыехала ў Стоўбцы, дзе і засталася. Мая дачка таксама пайшла па нашым шляху – скончыла акадэмію мастацтваў, магістратуру, працуе выкладчыкам кафедры графічнага дызайну БДАМ, з’яўляецца членам Саюза мастакоў Беларусі.

Я ніколі не шкадавала, што выбрала для сябе такі шлях. І жадаю, каб мае навучэнцы сталі добрымі людзьмі, знайшлі сваё месца ў гэтым складаным свеце і таксама займаліся тым, што будзе прыносіць ім задавальненне. Мне вельмі прыемна, што 25 нашых выпускнікоў зараз маюць творчую прафесію, і гэта не можа не радаваць.

–             Кожнае дзіця – індывідуальнасць і патрабуе адпаведнага падыходу. Якія метады навучання вы практыкуеце ў сваёй працы?

–             Я тлумачу сваім навучэнцам, што пра чалавека ярчэй гаворыць тая справа, якой ён займаецца. І такога прынцыпу трэба прытрымлівацца ў жыцці. Я магу пахваліць дзяцей, сказаць: «Ты малайчына!», – што ў пэўным ключы прынясе карысць. Але калі рабіць так вельмі часта, то пахвала перастане мець каштоўнасць. Таму прымяняю і іншыя падыходы. Вельмі добра разумею, што ўсе дзеці таленавітыя, усе маюць вялікі патэнцыял, асабліва малодшыя. Яны бачаць нестандартна, вельмі жыва. Такое бачанне і трэба падтрымліваць у дзяцей.

Маляванне – найлепшы спосаб пазнання свету чалавекам, маленькім чалавекам, які знаёміцца з прадметам, запамінае яго, такім чынам набываючы вопыт. Уважлівасць і вопыт з’яўляюцца важнымі складнікамі поспеху. Калі да разумовага разважання і візуальнага вопыту дадаць яшчэ эмоцыі і выкарыстаць мастацкія сродкі, то ў чалавека, які мае талент, атрымаецца твор мастацтва.

Вельмі важна быць для сваіх навучэнцаў сябрам. Я з імі займаюся толькі два разы на тыдзень, а ўвесь астатні час яны ў сям’і. Каб дзеці раслі ў мастацка-эстэтычным плане, шмат працую з бацькамі. Мы знаходзімся ў поўным узаемаразуменні, за што я ім вельмі ўдзячна.

–             Чым вы займаецеся з навучэнцамі зараз?

–             Нам падабаецца праектная дзейнасць. Ужо некалькі апошніх гадоў мы рэалізуем шэраг мастацкіх праектаў. Гэта вельмі цікава. Часцей за ўсё я даведваюся аб конкурсе, які праходзіць, затым распавядаю дзецям, і мы разам ствараем схему, накіраваную на рэалізацыю гэтага праекта.

У гэтым годзе рэалізуецца вялікі рэспубліканскі праект «Здравствуй, мир». Тэма намінацыі выяўленчага мастацтва прысвечана беларускім казкам і казкам народаў свету. Мы пачалі працу над праектам яшчэ ў верасні. Зрабілі выставу, на якой былі прадстаўлены 23 дзіцячыя творы. З іх сем кампазіцый пасля прагляду кваліфікацыйнай камісіяй дапушчаны да рэспубліканскага этапу. Я лічу, што гэта ўжо добры вынік.

–             Навучэнцы вашай студыі з’яўляюцца дыпламантамі, лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў. Якімі апошнімі дасягненнямі вы ганарыцеся?

–             У мінулым годзе ў нас быў вялікі творчы праект «Размова з Малевічам». Ён праводзіўся сярод народных дзіцячых студый на рэспубліканскім узроўні. Наша студыя прадставіла 14 прац, зробленых у стылі Казіміра Малевіча. Як вядома, мастак Малевіч не быў анімалістам. А мы з дзецьмі ўявілі, як бы ён гэта рабіў. У манеры пісьма Малевіча мы намалявалі шмат жывёлін і назвалі гэты праект «Ружовы слон і іншыя». Для нас гэта была своеасаблівая інавацыя. Есць распаўсюджанае меркаванне, што Казімір Малевіч – гэта «Чорны квадрат» і не больш таго. Але гэта вельмі вялікая асоба, як у гістарычным, так і ў мастацкім плане. Таму маляваць у яго стылі было няпроста. Тым больш, што ўзрост дзяцей, якія прымалі ўдзел у гэтым конкурсе, – 10-13 гадоў. Некаторыя дзеці зразумелі адразу, а іншым было цяжка перабудавацца, таму што думаць, як нехта іншы, і маляваць, як нехта – цяжкі занятак. Ты павінен рабіць тое, што ў звычайным жыцці не робіш. Ты павінен думаць, як іншы. Але ж гэта прыносіць вельмі багаты вопыт. За ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Размова з Малевічам» народную самадзейную студыю выяўленчага мастацтва «Вясёлка» ўзнагародзілі дыпломам за лепшы праект.

У гэтым годзе ў нас ужо ёсць дыпламант V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «Дружаць дзеці на планеце». Ім стала Любава Фянько. Таксама па выніках абласнога этапу міжнароднага конкурсу «Я малюю Піцер» дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджана Ілона Прыёмка.

–             Якія творчыя планы вы ставіце перад сабой на бліжэйшую будучыню?

– Зараз нас шмат куды запрашаюць, мы многа працуем і з задавальненнем прымаем удзел у разнастайных выставах і конкурсах. 11 сакавіка ў Стаўбцоўскім ЦТДМ праходзіў адзін з этапаў абласнога фестывалю метадычных ідэй сярод устаноў дадатковай адукацыі вобласці. Наша студыя прэзентавала вялікую выставу. Я дзялілася вопытам сваёй працы па арганізацыі работы з дзецьмі.

Народная самадзейная студыя выяўленчага мастацтва «Вясёлка» працуе даўно і мае вялікі архіў творчых дзіцячых прац. Таму ёсць мара стварыць галерэю дзіцячага малюнка. Але гэта не так проста рэалізаваць. Таму, калі нехта зможа нам аказаць падтрымку, я буду вельмі ўдзячна.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *