На веснавы баль запрашаюць Слушкі

Адукацыя Нумары

0065

0066

0067

Рашэнне райвыканкама аб устанаўленні Дня заснавання горада Стоўбцы падштурхнула нас падрыхтаваць веснавы баль, прысвечаны заснавальнікам нашага горада – князям Слушкам.

У нашай навучальнай установе стала добрай традыцыяй праводзіць балі. Калі мы звернемся да гістарычных крыніц, то ўбачым, што баль – гэта мэтанакіраванае дзеянне, галоўнай задачай якога было стварэнне ўмоў для камунікатыўных зносін моладзі, умення карыстацца правіламі этыкету, развіццё добрага густу. Гэтае выхаваўчае мерапрыемства можна ладзіць у выглядзе спектакля.

На гэты раз члены гісторыка-краязнаўчага клуба «Рагнеда» вырашылі звузіць гістарычныя рамкі і запрасіць гасцей на баль да двара старажытнага роду Слушкаў. Аляксандр і Софія Слушкі і іх маленькая дачка Альжбета (іх ролі выканалі дзесяцікласнікі Данііл Ігнаценка і Вікторыя Нарановіч і другакласніца Ксенія Найдзяновіч) запрасілі да сябе гасцей з розных куткоў, каб на іх паглядзець і сябе паказаць. Гасцей чакала цудоўна ўпрыгожаная зала, стылізаваная пад гістарычную эпоху XVI- XVIII стст. Баль пачынае Дзіяна Марцінкевіч, наша госця, (сапраўдная сучасная Папялушка) з рамантычнай песняй «Няхай жыве баль», а побач кружыцца ў танцы трыа дзяўчынак. Шыкоўным шэсцем і выкананнем «Паланэза» ўразілі ўсіх прысутных госці з мястэчка Рубяжэвічы, вучні сярэдняй школы. Гучала прыгожая музыка, а кожнага з гасцей прадстаўляў цырымоніймайстар, распарадчык балю, у выкананні вучаніцы 10 класа Саманты Кавалёвай. Гаспадар Слушка нават свой тэатрык прадэманстраваў, дзе і народная песня гучала ў выкананні хлопчыка і дзяўчынак – сямікласніц, і танцы вясёлыя прапанавалі развучыць самыя маленькія артысты, члены клуба – вучаніцы 5 «Б» класа. Сучасныя кавалеры і дамы прадэманстравалі шыкоўныя бальныя касцюмы. «Паланэз» змяняўся «Мінуэтам» і «Контрдансам», гучалі беларуская і польская мовы, на якіх размаўлялі героі сцэнкі пра паненак і гусараў у выкананні вучняў 8 «А» класа. А падчас перапынку паміж танцамі госці балю бавілі час рознымі гульнямі. Побач са старэйшымі прывабна выглядалі і малодшыя танцоры, дзяўчынкі і хлопчыкі 7 «А» класа. А маленькая гаспадыня балю Альжбета Слушка таксама павесяліла гасцей выкананнем гумарыстычнага танца. Сапраўдным упрыгажэннем балю стаў танец з веерамі ў выкананні ансамбля «Гарошынкі». А цудоўныя дзяўчынкі падарылі гасцям не толькі цікавы танец, але і маленькія бутаньеркі – букецікі кветак, якія прымацоўваюцца да сукенкі на добры ўспамін аб балі. Усе прыгажуні-дзяўчынкі з задавальненнем прынялі ўдзел у музычнай гульні з веерамі, перад якой пачулі цікавы аповед пра тое, як можна размаўляць з дапамогай веера. І ў канцы загучаў вальс, які з сярэдзіны XIX ст. стаў самым папулярным бальным танцам, у выкананні дзесяцікласнікаў Вольгі Рушанян і Паўла Дзяргая, Вікторыі Нарановіч і Данііла Ігнаценкі, Марыны Абрамовіч і Мікіты Мукоіда, Аліны Гапончык і Паўла Лябедзькі, Аліны Дзяжынскай, Арцёма Грамыкі і Аляксея Барысевіча. Гісторыя вальса звязана з імем Іагана Штрауса, венскага кампазітара, які напісаў больш за 500 вальсаў. Спецыяльна для вальса будаваліся вялікія танцавальныя залы. А вось у Англіі вальс не адразу стаў папулярным, бо, на думку жыхароў гэтай краіны, ён не адпавядаў нормам маралі. Ды і ў Расіі не адразу дазволілі яго танцаваць. Балі, наогул, з’явіліся ў Расіі ў эпоху Пятра Вялікага. А зараз вальс з задавальненнем танцуюць і маленькія, і дарослыя.

Балі зноў уваходзяць у моду. І ў нашай моладзі ёсць такая магчымасць – не толькі адчуць прыгажосць той ці іншай эпохі, засвоіць этыкет, навучыцца выхаванасці і ўменню зносін, але і дакрануцца да нашай старажытнай гісторыі, ганарыцца сваімі продкамі, ведаць сваё мінулае.

Таццяна ТАТАРЫНЕЦ,настаўнік гісторыі, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага клуба «Рагнеда» гімназіі № 1 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *