Шчодры дарунак прыроды

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

2333

У Прудскім доследна-вытворчым лясніцтве веснавыя будні ажывіліся нарыхтоўкай гаючага напітку – бярозавага соку. Толькі некалькі тыдняў на год бяроза дае свой сок. Таму рупнасць сабраць яго, давесці да толку вельмі патрэбная ў гэты час. Для работнікаў лясной гаспадаркі гэта з’яўляецца неад’емнай часткай вытворчых клопатаў.

Да дагледжанага, аздобленага экзатычнымі раслінамі і мастацкай творчасцю працаўнікоў будынка лясніцтва пад’язджюць машыны – заплаціць за сок. Мінчанін уступае з намі ў размову і гаворыць, што ён кожны год купляе гаючы напітак Налібацкай пушчы ў Прудах. Лясніцтва рэалізуе сок насельніцтву і адвозіць на перапрацоўчыя прадпрыемствы – Мінскі завод безалкагольных напіткаў і Гарадзейскі цукровы камбінат. Кошт аднаго літра соку для насельніцтва складае 10 капеек, ужо рэалізавана фізічным асобам больш за дзве тоны.

Збор соку ў Прудскім лясніцтве з захаваннем усіх правілаў вядзецца пад кіраўніцтвам майстра лесу Аляксандра Аскальдовіча (на верхнім здымку злева). Плануецца нарыхтаваць у сезон яго не менш за 100 тон.

Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната мае дагаворы на пастаўку бярозавіку са Стаўбцоўскім, Валожынскім, Уздзенскім, Капыльскім і Клецкім лясгасамі. Плануецца закупіць яго каля 300 тон. Валожынскі і Уздзенскі, больш паўночныя лясгасы, пакуль не прыступілі яшчэ да масавага збору соку, а вось тры астатнія актыўна яго вядуць і пастаўляюць перапрацоўшчыкам.

Сок разліваюць у шкляныя бутэлькі і сучасныя ўпакоўкі bag-in-boxs. Вытворцы прапануюць спажыўцам як натуральны бярозавы сок, так і з настоямі мацярдушкі, шыпшыны, а таксама яблычна-бярозавы і з канцэнтратамі апельсінавага і мультывітаміннага сокаў.

Каштоўны напітак прыроды пастаўляецца ў гандлёвыя сеткі Беларусі, для дзіцячага харчавання ва ўстановы адукацыі, экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю. Амерыканская фірма здаровага харчавання, якая летась закупіла на стаўбцоўскім філіяле партыю бярозавага соку, і ў гэтым годзе мае інтарэс да каштоўнага напітку беларускай зямлі, аб чым сведчаць перамовы, якія вядуцца цяпер з вытворцамі.

Для работы ў зімовых умовах бярозавік будзе нарыхтаваны як паўфабрыкат шляхам асептычнага кансервавання ў мяшкі аб’ёмам 200 літраў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *