У рабочым рытме

Добраўпарадкаванне Нумары

0767

З 13-га сакавіка на Міншчыне аб’яўлены месячнік добраўпарадкавання. Не выключэнне – і наш раён. Мінулая субота на Стаўбцоўшчыне стала не толькі днём актыўнай добраахвотнай працы, скіраванай на прывядзенне ў парадак Стоўбцаў і сельскіх населеных пунктаў.

З раніцы крыху падмарозіла, і надвор’е спрыяла таму, каб папрацаваць на агульную карысць з асалодай. Для большасці працоўных калектываў ударнымі аб’ектамі сталі замацаваныя за іх прадпрыемствамі і арганізацыямі вуліцы. У ход пайшлі мяцёлкі і шуфлі, з дапамогай якіх убіралі вулічны змёт.

У парку «Дружбы народаў» асноўная работа гэтай веснавой парой – абрэзка дрэў. Прычым, як і ў мінулыя гады, узнікла неабходнасць у зразанні самых высокіх галін, пашкоджаных раслінай-паразітам амялой. Традыцыйна на дапамогу камунальнікам прыйшлі работнікі раённых электрасетак. На гэты раз – на чале з маладым майстрам Эрвінам Шмальцам.

Аўтавышкай кіруе машыніст Юрый Кісель, а на вышыні, у люльцы, працуе вопытны электраманцёр Аляксандр Сахута.

На абрэзцы самых высокіх дрэў у парку працуе брыгада камунальнікаў. Да 28-мі метраў сягае ўвысь страла новай аўтавышкі, якую прадпрыемства набыло летась. «Усё спілаванае будзе прыбрана і вывезена з парку, – не сумняваецца начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы Валерый Бохан і дадае: – Сёння на суботніку на розных аб’ектах працуюць 276 нашых работнікаў».

Сярод найбольш значных аб’ектаў камунальнікаў – падсыпка і добраўпарадкаванне трох завулкаў Прытыцкага. На месцы бачым, як гравійна-пясчаную сумесь, якую згрузіў адзін з МАЗаў, услед разраўноўваюць і ўкатваюць з дапамогай пагрузчыка і грэйдара. Шчыруюць брыгадзір Валянціна Лосік, вадзіцель грэйдара Уладзімір Звярынскі, вадзіцель пагрузчыка Уладзімір Шваб. Арганізаваны своеасаблівы канвеер добраўпарадкавання. За яго ходам сочыць начальнік участка добраўпарадкавання АКС Валерый Красоўскі. Перамагаючы гул цяжкай тэхнікі, ён тлумачыць: «Задзейнічана 12 адзінак тэхнікі, у тым ліку восем МАЗаў-«дваццацітоннікаў» аўтапарка № 17″. На завулкі трэба высыпаць каля 200 тон сумесі. Яе дастаўляем з кар’ера «Слабодка». Аб’ём работы вялікі, але ўсё ідзе па плане».  

Значны ўклад у раённы суботнік, і не толькі, зрабілі работнікі ДРБУ № 135. У гэты дзень на аб’язной «брукаванай» дарозе яны займаліся ўстаноўкай каменя ў гонар гісторыка-культурнай каштоўнасці, помніка архітэктуры Рэспублікі Беларусь – брукаванага ўчастка тракту «Новы Свержань – Мір» з брукаванай праезджай часткай, абочынай, прыдарожнымі пасадкамі дрэў XVI–XIX стст. Вялі таксама высечку абапал старадаўняй дарогі драўнінна-куставой расліннасці, уборку паваленых дрэў.

Дырэктар ДРБУ № 135 Вадзім Савіцкі расказвае, што адметны валун (вагою дзесьці 10-12 тон) быў знойдзены на ўскрайку лесу каля вёскі Аколава і некалькі тыдняў таму быў дастаўлены ў Стоўбцы, дэманструе шыльду для каменя, якая была выраблена па заказе арганізацыі.

У суботніку на гістарычным месцы прымае ўдзел і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. У размове ён адзначае ў цэлым высокі арганізацыйны ўзровень суботніка з боку кіраўнікоў прадпрыемстваў раёна, звяртае ўвагу на максімальную колькасць удзельнікаў. Так, ля «брукаванкі» працуюць сем адзінак тэхнікі, каля трох дзясяткаў чалавек. Сярод іх – работнікі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Сярод сваіх землякоў працавала і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім.

– Тое, што тут сёння адбываецца, – вельмі важна, – ацаніла парламентарый. – Трэба даводзіць «брукаванку» да толку, а яшчэ адкрыць у Стоўбцах краязнаўчы музей, каб усе ведалі, што мы – народ, са сваёй гісторыяй, культурай, мовай.

Добраўпарадкаванне «брукаванкі», як і навядзенне парадку на сваёй зямлі, працягнецца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *