Вясеннія клопаты

Нумары У райвыканкаме

Аб тым, як сельскагаспадарчыя прадпрыемствы падрыхтаваны да веснавых палявых работ, на пасяджэнні райвыканкама далажыў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колясень. Ён паведаміў, што ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама праводзіцца мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы сельскагаспадарчых і іншых арганізацый раёна да правядзення веснавых палявых работ. Для дасягнення запланаваных аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі распрацаваны заданні па забеспячэнні вытворча-эканамічных паказчыкаў у 2017 годзе. Зроблены план падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі, удакладнены і даведзены аб’ёмы і графікі рамонту трактарных рухавікоў, поўнакамплектных машын, вузлоў і агрэгатаў. Ужо вядуцца ўсе палявыя работы.

Для атрымання патрэбных аб’ёмаў прадукцыі раслінаводства яравую сяўбу плануецца правесці на плошчы 25 070 гектараў, з якіх 9415 гектараў будзе адведзена пад яравыя збожжавыя і збожжабабовыя культуры, 820 гектараў – пад бульбу, 2950 гектараў – пад цукровыя буракі, 450 гектараў – пад лён-даўгунец, 7040 гектараў – пад кукурузу на зялёны корм, 620 гектараў – пад кукурузу на збожжа, 80 гектараў – пад агародніну, 3500 гектараў – пад аднагадовыя травы. Падсеяць шматгадовыя травы трэба на плошчы 5070 гектараў.

Аналіз аграметэаралагічных умоў падчас зімоўкі і вынікаў адрошчвання маналітаў пацвярджае, што ўсе плошчы азімага рапсу і азімых збожжавых культур валодаюць нармальнай жыццяздольнасцю. Неабходна правесці хімпраполку на плошчы 11,9 тысячы гектараў, усяго ж азімага кліна – 16,7 тысячы гектараў. Веснавое ворыва плануецца правесці на трох тысячах гектараў. Больш за ўсё – у ААТ «Вішнявецкі-агра» – 250 гектараў, у ААТ «Рубяжэвічы» – 310 гектараў, у ААТ «Рочавічы» – 964 гектары.

Не займаюцца насенняводствам бабовых траў і не маюць уласнага насення ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Рубяжэвічы». Праведзена пераразмеркаванне насення шматгадовых траў паміж гаспадаркамі раёна ў колькасці 10 тон.

На 20 сакавіка ў сельгасарганізацыях раёна было 46 тон насення кукурузы (на 1,5 тысячы гектараў пасеваў). Праз мясамалпрам плануецца пастаўка насення замежнай селекцыі на плошчу 4,2 га, на астатнюю плошчу – дзве тысячы гектараў – гаспадаркі будуць набываць насенне самастойна.

Галоўным складаемым павышэння ўрадлівасці зямлі з’яўляецца ўнясенне арганічных угнаенняў. Для бездэфіцытнага балансу гумусу патрабуецца ўносіць па 10-12 тон на гектар зямлі.

Пры заданні 533 тысячы тон арганічных угнаенняў пад яравую сяўбу практычна нарыхтавана 536 тысяч тон (101%), вывезена 522,7 тысячы тон (97%), унесена 211,6 тысячы тон, ці 40% ад вывезенага. Патрэбна 74,9 тоны сродкаў абароны раслін.

У правядзенні веснавых палявых работ будуць задзейнічаны 372 адзінкі трактароў, з іх 52 – энерганасычаныя (з якіх 43 – спраўныя). Прастойваюць энерганасычаныя трактары ў наступных арганізацыях: ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ Аталезь-агра», ААТ «Шашкі». Гатоўнасць культыватараў і дыскатараў для закрыцця вільгаці – 81%, камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў – 78%, камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў – 67%.

Асаблівую ўвагу патрэбна ўдзяляць апрацоўцы глебы па мінімальнай тэхналогіі. Па тэмпе выканання рамонтных і падрыхтоўчых работ нізкі ўзровень падрыхтоўкі ў ААТ «Шашкі», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ААТ «Рубяжэвічы», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

Асноўнай прычынай нізкіх тэмпаў рамонту з’яўляецца адсутнасць у сельскагаспадарчых арганізацыях фінансавых сродкаў для закупу запчастак і камплектуючых, а таксама для аплаты рамонту, выкананага рамонтнымі заводамі і арганізацыямі аграсэрвіса.

Усе механізатары забяспечаны спецадзеннем (акрамя ААТ «Радзіма Дзяржынскага»). Усе гаспадаркі маюць алкатэст, усюды выдадзены загады па арганізацыі прыборнага кантролю, ёсць журналы рэгістрацыі праходжання кантролю, назначаны асобы, адказныя за правядзенне кантролю перадрэйсавага, міжрэйсавага і па заканчэнні работы.

Для пажарнай бяспекі падчас веснавых палявых работ патрэбна ўкамплектаваць тэхніку сродкамі пажаратушэння.

Усе сталовыя пачалі сваю работу. На 20.03.2017 медагляды прайшлі толькі работнікі ААТ «Вялікі Двор», «Рубяжэвічы», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ТАА «СЖК «Налібакі» і СГФ «Аталезь-агра».

У абмеркаванні пытання падрыхтоўкі да веснавых палявых работ бралі ўдзел намеснік начальніка РАУС Руслан Харута, галоўны ўрач ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Ігар Кунцэвіч.

Некаторым кіраўнікам прыйшлося тлумачыць, чаму ў іх гаспадарках такія нізкія тэмпы падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі.

Раённы выканаўчы камітэт прыняў па гэтым пытанні канкрэтныя рашэнні.

Падрыхтавала Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *