Клопаты сялянскія

Нумары Сельская гаспадарка

0769

ЗАСТАЛАСЯ ЖЫЦЬ У ВЁСЦЫ

Больш за тры дзесяцігоддзі рупіцца ў жывёлагадоўчай галіне ААТ «Радзіма Дзяржынскага» Людміла Садоўская. Жыве Людміла Міхайлаўна ў Мешычах і працуе брыгадзірам на мясцовай малочнатаварнай ферме. Пра такіх людзей у народзе гавораць – дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Жанчына засталася жыць у вёсцы, хоць пасля заканчэння школы і паехала ў сталіцу. Толькі доўга там не прабыла. Выйшла замуж за аднавяскоўца і вярнулася ў родныя мясціны.

Дарога на працу займае ў брыгадзіра пешшу максімум дзесяць хвілін. З гэтым вытворчым падраздзяленнем звязана ўся яе працоўная біяграфія. Пачынала даяркай, шчыравала тэхнікам-асемянатарам. Мела неблагія вынікі ў рабоце, і кіраўніцтва гаспадаркі даверыла ёй узначаліць калектыў жывёлаводаў. Гэтую пасаду Людміла Садоўская займае звыш дваццаці гадоў, спалучаючы пры гэтым абавязкі тэхніка па штучным асемяненні. Працуе добрасумленна, з павагай ставіцца да падначаленых. Пастаянна кантралюе, каб у памяшканнях былі парадак і чысціня. У спаборніцтве сярод фермаў таварыства калектыў займае другое месца. Паказчыкі па надоях малака пакуль невысокія, але людзі стараюцца і летась спрацавалі з неблагой прыбаўкай. Пакарыць чатырохтысячны рубеж ім цалкам па сіле.

Людміла Міхайлаўна разам з мужам Міхаілам Іосіфавічам, які працуе ў Хатаўскім рыбгасе, трымаюць на падвор’і карову, гадуюць свіней. Людзі яны гаспадарлівыя, клапатлівыя бацькі. Маюць чацвёра дзяцей. Дзевяць унукаў любяць прыязджаць на канікулы да бабулі з дзядулем, папіць сырадою і пагуляць на прыволлі – побач з домам лес, дзе можна назбіраць грыбоў і ягад, працякае рака Уса. Як могуць, дзяўчынкі і хлопчыкі дапамагаюць па хатняй гаспадарцы. Людміла Міхайлаўна не нарадуецца на сваіх унукаў. Яны не даюць ёй старэць, побач з імі бабуля маладзее душой.

 

УРАДЛІВАСЦЬ ГЛЕБЫ ЗМЯНШАЕЦЦА

Летась у гаспадарках раёна праведзена комплекснае аграхімічнае абследаванне глеб на плошчы 66 986 гектараў, з якіх 49 907 – ворыўныя землі. Згодна з заключэннем спецыялістаў, павялічылася іх кіслотнасць. Найбольш моцнае падкісленне адбылося ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Агранёманскі», «Рочавічы» і «Дзераўное». А вось паказчык утрымання гумусу ў глебе даволі добры. Павысіўся ён у ААТ «Шашкі», «Жацерава», «Вішнявецкі-агра», «Вялікі Двор» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Гэта сведчанне таго, што на працягу чатырох гадоў у вышэйназваных гаспадарках планамерна ўносілася ў глебу неабходная колькасць арганікі.

Самае балючае пытанне паўстала з фосфарам. Адбылося гэта ў сувязі з падаражаннем данага віду ўгнаенняў і немагчымасцю, з-за недастатковасці сродкаў у пераважнай большасці сельгаспрадпрыемстваў, набыць іх неабходную колькасць. Сітуацыя, якая склалася, прывяла да недаўнясення фосфару ў глебу: замест 70 кілаграмаў на гектар у сярэднім прыпадала напалову менш. Рэзка скарацілася ўтрыманне даступнага фосфару на палетках ААТ «Рочавічы», «Шашкі», «Каганец» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», а вось у ААТ «Агранёманскі», «Рубяжэвічы» і «Вялікі Двор» яно наадварот павысілася.

Наяўнасць калію сярэдняя. Неблагія паказчыкі ў ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Вялікі Двор», «Рубяжэвічы» і «Жацерава», аднак знізіліся яны ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Радзіма Дзяржынскага» і «Шашкі».

Як падкрэслівае начальнік Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Аграхімпраект» Генадзій Аляшкевіч, упершыню за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў праследжваецца тэндэнцыя на змяншэнне ўрадлівасці глебы. Для таго каб спыніць гэты негатыўны працэс, неабходна закупляць і ўносіць у яе дастатковую колькасць форфарных і калійных угнаенняў.

 

СЯБРУЮЦЬ З «ЭКСТРАЙ»

З пачатку бягучага года якасць рэалізаванага перапрацоўшчыкам з сельгаспрадпрыемстваў малака паступова паляпшаецца. Гэта значыць стала большай грашовая выручка, павялічылася і заработная плата аператараў машыннага даення. Жывёлаводы трох гаспадарак – ААТ «Агранёманскі», «Вялікі Двор» і «Каганец» – прадаюць малаказаводам сваю прадукцыю толькі класам «экстра». Па якасці малака да іх ушчыльную наблізіліся і працаўнікі малочнага цэха «Вішнявецкі-агра». У лютым залічана найвышэйшым гатункам усё адгружанае малако з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», у ААТ «Шашкі» – звыш 80 працэнтаў. Прыбавілі ў якасці жацераўскія работнікі фермаў. Усяго за два месяцы пастаўлена на перапрацоўчыя заводы 12682,7 тоны малака ў заліковай вазе. Гатунку «экстра» адпавядае 67,4 працэнта малака, вышэйшаму – 31,5 працэнта. Тлустасцю вышэй базіснай рэалізоўваюць прадукцыю ўсе сельгаспрадпрыемствы. Самая высокая тлустаць малака ў ААТ «Агранёманскі» – звыш чатырох працэнтаў.

 

СУПЕРЭЛІТА «СТРАЛЕЦКІЯ»

Кіраўніцтвам ААТ «Жацерава» ў ТАА «Агракультура Тэхна» закуплена, з мэтай далейшага размножвання, адна тона суперэлітнага насення кармавога бобу сорту «стралецкія». Як расказвае галоўны аграном Іна Леўкавец, даная культура даволі багатая бялком. У далейшым мяркуюць сеяць боб на зялёны корм, каб папоўніць пратэінам рацыёны жывёлы і атрымліваць вышэйшыя надоі малака. Дарэчы, у гаспадарцы налічваецца 368 гектараў люцэрны, таксама багатай бялком травы. У гэтым годзе плануюць пашырыць пад ёю плошчу і пасеяць яшчэ 74 гектары.

 

ДЛЯ ЗАКРЫЦЦЯ ВІЛЬГАЦІ

У ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» распрацаваны інжынернай службай і зроблены ў майстэрнях таварыства восем шыроказахопных прапашных культыватараў КШП-9, якія прымяняюцца для закрыцця вільгаці.

– За суткі пры двухзменнай рабоце такім агрэгатам можна апрацаваць да 100 гектараў глебы, – гаворыць дырэктар таварыства Сяргей Мельнік. – Шэсць культыватараў рэалізавалі гаспадаркам раёна і адзін аддалі нашаму сельскагаспадарчаму філіялу «Аталезь-агра». Восьмы пакінулі за сабой для аказання паслуг.

 

КУПІЛІ СЕЛЬГАСТЭХНІКУ Ў ЛІЗІНГ

Машынна-трактарны парк СЖК «Налібакі» паступова папаўняецца новай сельскагаспадарчай тэхнікай. Услед за студзеньскім набыткам, трактарам «Беларус-82», у лізінгавую растэрміноўку аплаты кіраўніцтва купіла ў сакавіку энерганасычаны «Беларус-3522». А таксама кормараздатчык «Хозяин», які даручылі механізатару Генадзю Чарняўскаму. У бліжэйшых планах набыць дзевяціметровую касілку.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *