Пра выбар прафесіі і героя нашага часу

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

0768

У Дзень Канстытуцыі, калі праходзілі ўрачыстасці з нагоды ўручэння пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у Стоўбцах адбыўся адкрыты дыялог старшыні райвыканкама Юрыя Горлава з моладдзю.

Атрымалася плённая і ўзаемазацікаўленая размова, якая, дарэчы, абяцае мець працяг. У ёй знайшлося месца не толькі дзелавым ініцыятывам, ацэнцы грамадскага руху, але і настальгічным успамінам маладосці, лірычным адступленням. Высветлілася, што ў старэйшага і маладога пакаленняў шмат агульнага.

За гадзіну размовы маладымі людзьмі раёна было зададзена больш за дзясятак пытанняў. Умоўна іх можна падзяліць на некалькі тэматычных блокаў.

Дзе спатрэбіцца ўменне

– На даны момант востра стаіць пытанне працаўладкавання. Якія спецыяльнасці запатрабаваны ў раёне?

– Час ніколі не быў простым – ні 10, ні 20 гадоў таму, – упэўнены Юрый Горлаў. – Успомніце вашых дзядоў, прадзедаў. У іх сапраўды быў цяжкі час. Ваявалі, аднаўлялі краіну. А сёння наша краіна імкліва развіваецца. Той, хто хоча працаваць, заўсёды будзе працаваць. Галоўнае – мець жаданне і адказнасць перад сабою, дзяржавай. У вас цяпер важны перыяд, вы вызначаецеся, кім хочаце стаць. Сёння ёсць попыт на так званыя галіновыя прафесіі. У будаўніцтве – інжынер-будаўнік, у сацыяльнай сферы – урач, педагог. З развіццём тэхналогій і ў нас, а не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, узнікне патрэба ў праграмістах.

Аднак самыя запатрабаваныя прафесіі – сельскагаспадарчага профілю. Я сам закончыў сельскагаспадарчую ВНУ, пазней – Акадэмію пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У раёне не хапае ветурачоў, заатэхнікаў, аграномаў. Інжынераў ужо дастаткова. Да мяне на прыём прыходзяць маладыя людзі з просьбай: хачу быць галоўным спецыялістам. Каб стаць ім, неабходна прайсці пэўную школу. Папрацаваць загадчыкам гаража і т. п. Да яго прыгледзяцца. Ісці трэба паступова.

Выбіраць вам, але краіна наша – сельскагаспадарчая, раён – таксама. Сельскай гаспадаркай забяспечваецца харчовая бяспека рэспублікі. Значыць, сельскагаспадарчыя прафесіі будуць запатрабаваны заўсёды. І ўмовы для работы і жыцця на вёсцы створаны прыстойныя. Акрамя навучання за кошт гаспадаркі, гарантавана жыллё з далейшай магчымасцю набыцця яго ва ўласнасць на льготных умовах.

Прафарыентацыйнай рабоце неабходна ўдзяляць больш увагі, праводзіць яе паглыблена. Трэба падказаць 14-гадоваму маладому чалавеку, які шлях выбраць. Ёсць добрая практыка выязджаць на прадпрыемствы для практычнага знаёмства з прафесіямі. Прапаную вярнуцца да яе. Выбраць маршруты, вызначыцца з профілямі. Асноўныя – адукацыя, медыцына, сельская гаспадарка, прамысловасць. У нас ёсць што паказаць, і мы можам прадэманстраваць, чым прыцягваем маладых спецыялістаў.

Рабочыя месцы

– Хацелася б больш рабочых месцаў для моладзі. Многія з нас думаюць вярнуцца працаваць у свой раён.

– Пытанне цікавае, – зазначыў Юрый Горлаў. – Раённы бюджэт датуецца дзяржавай: на 50 працэнтаў ён напаўняецца за кошт адлічэнняў у выглядзе падаткаў і на 50 працэнтаў – за кошт паступленняў з рэспубліканскага бюджэту. Плануем прыцягваць інвестыцыі, ствараць новыя вытворчасці і новыя рабочыя месцы. Гэтае пытанне – аб стварэнні новых рабочых месцаў – знаходзіцца на кантролі і ў кіраўніка дзяржавы. У мінулым годзе мы стварылі 84 рабочыя месцы. Сёлета, каб папоўніць бюджэт, мяркуем стварыць іх больш за 90. Учора на пасяджэнні выканкама разглядалі гэтае пытанне, таму што звярнуліся фермеры, грамадзяне, якія хацелі б стварыць у раёне вытворчасць. За новымі рабочымі месцамі стаіць і дастойная заработная плата.

У чым «фокус»

– Ці будзе адкрыта ў Стоўбцах кафэ для моладзі?

– Кафэ ўжо адкрыта, толькі чамусьці моладзь туды не вельмі ходзіць. З 2015 года ў нас дзейнічае фізкультурна-аздараўленчы комплекс, і на яго базе працуе цудоўнае кафэ. У Мінску вы не зможаце паспрабаваць такі кіслародна-малочны кактэйль, які прапануюць вам у гэтым кафэ. Называецца кактэйль «Фокус». Раю вам – схадзіце туды з бацькамі, сябрамі!  

У перспектыве мы плануем прыцягнуць інвестара, каб пабудаваць у цэнтры Стоўбцаў (на пляцоўцы, дзе ўстанаўліваем навагоднюю ёлку) гандлёва-забаўляльны цэнтр. Жадаючых шмат узвесці там нешта накшталт супермаркета. Але мы не ідзём на такое, каб у цэнтры горада з’явілася яшчэ адна «каробка». Хочацца, каб там, акрамя гандлёвага цэнтра, была сучасная кіназала з 3D-паказам і ўтульнымі канапамі, боўлінгам, кафэ… Над гэтым пытаннем працуем і спадзяёмся, што з’явяцца і інвестары.

Стаўбцоўшчынавачыма кіраўніка

– Нядаўна прайшоў фотаконкурс «Міншчына вачыма маладых». А што б вы прадставілі на конкурс «Стаўбцоўшчына вачыма кіраўніка»? – спыталі ў Юрыя Горлава.

– Цудоўных месцаў на Стаўбцоўшчыне шмат. Наша «разынка»– мясціны, звязаныя з імем Якуба Коласа. Налібацкая пушча зачароўвае, асабліва ў зімовы час. Возера Кромань – цуд, які можна фатаграфаваць з берага і з вышыні, бо ў раён набыты квадракоптар. На Нёмане плавае мноства лебедзяў – які атрымаеццца здымак! У кожным населеным пункце ёсць непаўторныя мясціны – проста трэба быць уважлівым. Імі варта ганарыцца.

І, дарэчы, да маладых творцаў ёсць слушная прапанова. На вуліцу Цэнтральную ў Стоўбцах выходзяць «тарцы» чатырох дзевяціпавярховых дамоў. Як упрыгожыць іх? У нас ёсць на гэты конт ідэі, але і вы падумайце. Важна, каб жыхары горада і раёна любілі сваю Стаўбцоўшчыну, разам аздаблялі яе, ганарыліся ёю і, немалаважна, добрымі справамі ўпісвалі сваё імя ў яе гісторыю.  

Грамадскае і асабістае

Бліц ад старшыні райвыканкама Юрыя Горлава:

– Хто «герой нашага часу»?

– У кожным працоўным калектыве ёсць свае героі. Гэта людзі, якія ўносяць дастойны ўклад у развіццё раёна, у якіх ёсць перспектыва стаць вялікімі героямі.

– Вы былі камсамольцам?

– Камсамольцам не быў. Распалася партыя. Быў акцябронкам, піянерам. Запомніўся прыём у піянеры – на плошчы горада, а таксама канікулы ў піянерскім лагеры, у якім сустракаліся з піянерамі з Балгарыі. Пасябравалі, перапісваліся і абменьваліся фотаздымкамі.

–Шосты школьны дзень: у школе ці дома з бацькамі?

– Дома з бацькамі.

– Любімы від спорту.

– Футбол. Стварылі каманду райвыканкама. Па серадах трэніруемся.

– Як вы ставіцеся да таго, што моладзь «завісае» ў інтэрнэце?

– Таксама «сяджу» ў інтэрнэце, але не так часта. Чытаю навіны. Кожны дзень заходжу на «Аднакласнікі». У мяне ўсе аднакласнікі, аднакурснікі – у Расіі. Вымушаны кантактаваць з імі праз сацыяльныя сеткі.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *