Паказала праверка на прадпрыемстве

Нумары Пракурорскі нагляд

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна праведзена праверка выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», іншых заканадаўчых актаў у ААТ «Навасвержанскі лесазавод».

Выяўлены рад парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі. Дапускаецца курэнне па-за спецыяльна адведзеным для гэтага месцам. У будынку лесацэха план эвакуацыі людзей пры пажары не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням. Дапускаецца эксплуатацыя адкрытых размеркавальных каробак, прымяняюцца віды злучэння жыл электраправадоў, не прадугледжаныя ТНПА. Лесацэх не забяспечаны нарматыўнай колькасцю пярвічных сродкаў пажаратушэння. На складах гатовай прадукцыі аўтаматычная сістэма пажарнай сігналізацыі знаходзіцца ў непрацоўным і няспраўным стане.

Акрамя таго, нягледзячы на парушэнне Міжгаліновых правілаў па ахове працы ў лясной, дрэваапрацоўчай прамысловасці і ў лясной гаспадарцы, на станку для апрацоўкі драўніны (інв. № 1352) наяўнае ахоўнае агароджанне піловачнага дыска не стварае бяспечнасці для работнікаў. На гэтым станку кнопка ўключэння знаходзіцца ў няспраўным стане (трэснуты корпус). І хоць на момант праверкі станок не працаваў, ён не быў выведзены з эксплуатацыі і абясточаны. На дрэваапрацоўчым станку ЦРМ-2 (інв. № 1941) не ў поўнай меры ўстаноўлена ахоўнае агароджанне.

Пры абследаванні санітарна-бытавых памяшканняў лесапільна-дрэваапрацоўчага цэха ўстаноўлена, што дапускаецца эксплуатацыя санвузла ў перыяд правядзення яго рамонту. У гардэробе гэтага цэха не арганізавана раздзельнае захоўванне дамашняга і рабочага адзення, не ўсе душавыя абсталяваны вешалкамі для адзення і паліцамі для банных прылад, гумовымі ці пластыкавымі дыванкамі.

На лесазаводзе дапускаюцца парушэнні заканадаўства аб працы адносна тэрмінаў выплаты работнікам заработнай платы.

Выяўлены парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб захаванасці ўласнасці адносна захоўвання будаўнічых матэрыялаў. Падчас праверкі дошкі ляжалі на зямлі, у снезе. Таксама на адкрытых пляцоўках на зямлю былі скінуты дошкі для рэзервовага паліва.

У ходзе праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй устаноўлена, што кадравай службай ААТ «Навасвержанскі лесазавод» абавязацельствы дзяржаўных службовых асоб па захаванні антыкарупцыйных абмежаванняў за правераны перыяд не афармляліся.

Устаноўлены факты ўказання ў табелях уліку рабочага часу няправільных звестак, у выніку чаго работнікам неабгрунтавана налічвалася і выплачвалася заработная плата. Так, устаноўлена, што майстар на лесасеках А. 27.12.2016 кіраваў спецыяльным аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, што пацвярджаецца пратаколам абследавання. Складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Хоць пры даных абставінах майстар не мог фактычна ажыццяўляць свае службовыя абавязкі, у табелі ўліку рабочага часу за гэты дзень у яго адзначана восем адпрацаваных гадзін.

Загадам дырэктара ААТ «Навасвержанскі лесазавод» на прадпрыемстве створана антыкарупцыйная камісія. Аднак дакументы, што рэгламентуюць дзейнасць камісіі, не распрацоўваліся, а яе дзейнасць фактычна не ажыццяўлялася.

У ходзе праверкі захавання ААТ «Навасвержанскі лесазавод» патрабаванняў заканадаўства пры заключэнні і выкананні дагавораў, спагнанні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ўстаноўлена, што нясвоечасова прымаюцца меры па забеспячэнні завяршэння кожнай знешнегандлёвай аперацыі ў поўным аб’ёме ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны, дэбіторская запазычанасць прадпрыемства ў судовым парадку з контрагентаў не спаганяецца.

Дапускаюцца і парушэнні заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя. Тэрыторыя, прылеглая да адміністрацыйна-бытавога корпуса, засмечана дробнымі бытавымі адходамі.

Па выніках праверкі пракуратурай раёна кіраўніцтву ААТ «Навасвержанскі лесазавод» унесены адпаведныя акты рэагавання, накіраваныя на ўхіленне парушэнняў, прычын і ўмоў, што ім садзейнічаюць.

Яўген АСОСАЎ,стажор на пасадзе памочніка пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *