Сацыяльная праблема

Медыцына Нумары

Па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя штогод 24 сакавіка праводзіцца дзень барацьбы з туберкулёзам. Мерапрыемствы гэтага накірунку, у тым ліку інфармацыйнага характару, праведзены і ў нашым раёне.

Праблема туберкулёзу існуе і заслугоўвае асаблівай увагі, паколькі патрабуе комплекснага падыходу з вырашэннем цэлага раду пытанняў сацыяльнага характару. Узровень захваральнасці напрамую залежыць ад жыллёвых умоў, умоў працы на вытворчасці, ад матэрыяльнага дастатку насельніцтва, ад захавання кожным, без выключэння, здаровага ладу жыцця.

Узбуджальнікі туберкулёзу – мікабактэрыі. Крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы на туберкулёз чалавек, а таксама паражоная гэтай хваробай буйная рагатая жывёла. Хворы выдзяляе туберкулёзныя палачкі ў навакольнае асяроддзе пры кашлі, чханні, размове, са слінай, сліззю, макротай. Заражэнне туберкулёзам здаровых людзей адбываецца пры ўдыханнні паветра, якое ўтрымлівае кропелькі сліны і макроты хворага, а таксама часцінак пылу, асемянёных туберкулёзнай палачкай. Заражэнне можа адбыцца і пры судакрананні з рэчамі хворага, а таксама пры ўжыванні ў ежу сырога малака ад хворых на туберкулёз кароў.

Гэтая хвароба можа развівацца ў любым органе – лёгкіх, нырках, кішэчніку, у касцях і суставах, мазгавых абалонках. Але часцей за ўсё паражаюцца органы дыхання. У адных людзей туберкулёз працякае бурна, з высокай тэмпературай, кашлем і макротай. У іншых – больш вяла і суправаджаецца толькі слабасцю, стамляльнасцю, невысокай тэмпературай (37,0-37,5 градусаў), нязначным пакашліваннем, а ў радзе выпадкаў – бессімптомна.

Хто ж больш рызыкуе захварэць? Гэта людзі, якія злоўжываюць алкаголем, заядлыя курыльшчыкі, а таксама тыя, хто пабываў у месцах заключэння, дзе захваральнасць у дзясяткі разоў вышэйшая.

Сярод хворых на туберкулёз значную долю складае непрацуючае насельніцтва – і гэта адна з праблем нашага часу. Большасць з гэтых людзей з цяжкасцю пралячыўшыся некалькі месяцаў, самавольна пакідаюць стацыянар. З гэтага часу лячэнне неэфектыўнае, захворванне хутка прагрэсіруе. Аб якім выздараўленні ў такім разе можа ісці размова? І ці варта гаварыць, што хворы на туберкулёз, які пайшоў са стацыянара, вельмі небяспечны. У першую чаргу церпяць блізкія родзічы і знаёмыя, захваральнасць кантактных асоб у тры-чатыры разы вышэйшая, чым у звычайнага насельніцтва.

На лячэнне аднаго хворага ідуць вялікія сумы. Дык чаму ж урачы павінны ўгаворваць, пераконваць у неабходнасці лячэння, вядзення здаровага ладу жыцця?!

Хворым на туберкулёз належыць прайсці доўгае бесперапыннае лячэнне. Працягласць яго вагаецца ад чатырох месяцаў да года і больш, у залежнасці ад формы хваробы. А значыць, вельмі важнае значэнне ў эфектыўнасці лячэння мае ранняя дыягностыка і своечасова пачатае лячэнне.

Асноўны метад ранняй дыягностыкі – гэта флюараграфія грудной клеткі ў насельніцтва ва ўзроставай групе 17 гадоў і старэй, а таксама пастаноўка ўнутрыскураной пробы Манту ў дзяцей і пастаноўка дыяскін-тэста ў падлеткаў. Флюараграфічнае абследаванне жыхароў нашага раёна праводзіцца пульмасканам ЦРБ, Дзераўнянскай УБ і перасоўнымі флюараўстаноўкамі Мінскага абласнога тубдыспансера.

Імунізацыя – важная мера прафілактыкі. Шматгадовы вопыт ажыццяўлення планавай імунізацыі прадэманстраваў несумненную эфектыўнасць гэтага метаду барацьбы з туберкулёзам. Вакцынацыя праводзіцца ў раддоме нованароджаным на трэці-пяты дзень жыцця дзіцяці.

Унутрыскураная проба Манту дае магчымасць устанавіць наяўнасць інфіцыравання туберкулёзам у дзяцей. І гэта дазваляе правесці прафілактыку ў перыяд, калі не развілася яшчэ лакальная форма інфекцыі. Таму пры атрыманні накіравання на кансультацыю да ўрача-фтызіятра не адкладвайце візіт на заўтра, ад гэтага ў многім можа залежаць здароўе любімага вамі чалавека – вашага дзіцяці.

Марына САНКЕВІЧ, урач-фтызіятр



Tagged

1 комментарий по теме “Сацыяльная праблема

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *