Творчыя паездкі

Культура Нумары

0766

ДАЎГАЎПІЛС САБРАЎ МУЗЫКАНТАЎ

Духавое аддзяленне Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў здзейсніла паездку ў латвійскі горад Даўгаўпілс і паўдзельнічала ў І Міжнародным конкурсе выканаўцаў на духавых інструментах. Узначаліў дэлегацыю юных музыкантаў загадчык аддзялення Аляксандр Нічыпаровіч.

Конкурс праходзіў ва ўніверсітэце культуры і быў выдатна арганізаваны. Канкурсанты мелі цудоўныя ўмовы пражывання. Што датычыць самога конкурсу, то ў ім прынялі ўдзел 143 удзельнікі з шасці краін – Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Расіі і Беларусі. Беларусь прадстаўлялі: адзін удзельнік з Маладзечна, два – з Мінска і 10 – са Стоўбцаў.

Конкурс праходзіў у некалькіх узроставых намінацыях, у складзе журы былі прафесары музыкі, у тым ліку прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Аляксандр Карацееў.

Вучні Стаўбцоўскай школы мастацтваў вярнуліся з конкурсу з перамогамі. Віншаванні прымаюць трубачы Дзмітрый Сінкевіч, Дзмітрый Ждановіч – уладальнікі лаўрэацкіх дыпломаў ІІ ступені. З імі займаецца выкладчык Дзмітрый Вяршэня. Выхаванцы Уладзіміра Татарыцкага – саксафаністы – таксама атрымалі ўзнагароды: Мілана Гаптар – лаўрэацкі дыплом ІІ ступені, Ганна Булаш – лаўрэацкі дыплом ІІІ ступені, Мацвей Кобрык узнагароджаны дыпломам удзельніка.

Вучні Аляксандра Нічыпаровіча таксама парадавалі сваім майстэрствам: трубачы Назар Папкоўскі, Арцём Маскаленчык і Мацвей Пракаповіч узнагароджаны лаўрэацкімі дыпломамі ІІ ступені, барытаніст Ян Пракаповіч – дыпломам ІІІ ступені. Трубач Павел Ажгірэвіч атрымаў дыплом удзельніка.

У паспяховым выступленні юных музыкантаў вялікая заслуга як выкладчыкаў, так і канцэртмайстраў Уладзіміра Бандаровіча і Наталлі Сінягуб.

Паездка за мяжу, удзел у прэстыжным конкурсе, экскурсіі па прыгожым горадзе даставілі юным музыкантам масу ўражанняў і прыемных эмоцый.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

У ГОРАДЗЕ МАЙСТРОЎ

Народныя майстры Стаўбцоўшчыны прынялі ўдзел у традыцыйным фестывалі народнай творчасці «Казюкі», які адбыўся ў Гродне.

У гэтым годзе Горад майстроў быў вельмі прадстаўнічым і размясціў мастацкія вырабы больш як 150 умельцаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны.

Дэлегацыю нашага раёна ўзначаліла кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» раённага Цэнтра культуры Аліна Халявінская. Сама яна прадставіла на суд шматлікіх наведвальнікаў Горада майстроў свае мастацкія работы з саломкі і карзіны з сасновай драніцы. Алена Скараходава прадэманстравала ўпрыгажэнні для валасоў і іншыя мастацкія рэчы, выкананыя ў тэхніцы стужкавага дызайну. Валерый Чараднічэнка прывёз найпрыгажэйшыя аўтарскія работы, выкананыя спосабам разьбы па дрэве, Людміла Віцько – мастацкія вырабы з газетных трубачак, а Святлана Карніцкая – цудоўныя рэчы з бісеру.

Народны клуб майстроў народнай творчасці «Пралеска» адзначаны дыпломам гэтага міжнароднага фестывалю за захаванне нацыянальнай спадчыны ў рамёствах.

Майстры Стаўбцоўшчыны атрымалі запрашэнне паўдзельнічаць летам у выставах-кірмашах народнай творчасці ў Літве і Польшчы.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *