Спаборніцтвы

Нумары Спорт

МІЖНАРОДНЫЯ І МІЖРАЁННЫЯ

Прызнаннем паспяховай падрыхтоўкі юных лёгкаатлетаў Стаўбцоўшчыны стала запрашэнне прыняць удзел у міжнароднай матчавай сустрэчы. Выдатная нагода праявіць сябе і пераняць вопыт равеснікаў з Расіі, Украіны, Латвіі, Ізраіля і іншых краін.

Беларусь прадстаўлялі маладыя спартсмены з усіх абласцей. Добра глядзеліся ў прэстыжных спаборніцтвах і юныя стаўбчане. Іван Каваленка заняў другое прызавое месца ў трайным скачку. Ён жа паказаў высокі вынік і ў скачках у даўжыню. Сярод мацнейшых таксама нашы лёгкаатлеты: Карына Уліч і Валянцін Бугроў – у штурханні ядра, Андрэй Ліпніцкі – у бегу на 60 метраў і скачках у даўжыню, Вадзім Хмель – у бегу на 200 метраў.

Вызначыліся юніёры са Стаўбцоўшчыны і ў міжраённых спаборніцтвах – адкрытым першынстве Уздзенскай ДЮСШ. Неабходна было прадэманстраваць майстэрства ў штурханні ядра, скачках, бегу на 60 метраў. І тут зноў прызёрам стаў Іван Каваленка. Прызавыя месцы занялі таксама Іван Багдановіч, Ілья Туміловіч, Валерыя Манік. Спаборніцтвы любога рангу важныя – такія настаўленні дае трэнер Анатоль Турчановіч, нацэльваючы юных на сур’ёзную працу, праяўленне волі і майстэрства.

 

«БРОНЗА» ДЛЯ ВАЛЕЙБАЛІСТАЎ

11 зборных раёнаў, у тым ліку і каманда юнакоў Дзераўнянскай ДЮСШ, прынялі ўдзел у турніры першынства Мінскай вобласці па валейболе сярод юнакоў 2001-2002 гадоў нараджэння. На папярэднім этапе нашы перамаглі сапернікаў з Клецкага і Крупскага раёнаў і выйшлі ў фінальную чацвёрку, дзе мацнейшыя каманды ў гульнях паміж сабой разыгралі прызавыя месцы.

Гаспадароў пляцоўкі, калектыў Нясвіжскага раёна, валейбалісты з Дзераўной адолелі, але ва ўпартых гульнях уступілі канкурэнтам з Салігорскага і Маладзечанскага раёнаў. Такім чынам, заваявана прызавое трэцяе месца.

За каманду Стаўбцоўскага раёна выступалі Дзяніс Шаламоўскі, Арсеній Гаптар, Данііл Віцько, Яўген Вайткевіч, Сяргей Дабрыян, Мікіта Салаўёў, Уладзіслаў Шаламоўскі, Алег Грыбоўскі, Дзмітрый Лявончык і Аляксандр Ванагель. Рыхтавалі каманду да спаборніцтваў Віктар Гаптар і Міхаіл Мамайка.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *