На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

2549

ЛІЧБЫ ЗДАРОЎЯ

З сакавіка Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь пачало інфармацыйна-адукацыйную кампанію па прафілактыцы хвароб арганаў кровазвароту, накіраваную на зніжэнне смяротнасці па гэтай прычыне. У рамках адзначанай праграмы на працягу ўсяго года будуць праводзіцца акцыі.

Адна з іх – «Кантралюем ціск – працягваем жыццё» – на гэтым тыдні прайшла ў нашым раёне. Валеалагічная і кардыялагічная службы цэнтральнай раённай бальніцы арганізавалі выязны пункт вымярэння артэрыяльнага ціску ў будынках друкарні і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. У рамках акцыі спецыялістамі цэнтральнай раённай бальніцы і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзіліся кансультацыі па прафілактыцы хвароб сістэмы кровазвароту, былі раздадзены інфармацыйна-адукацыйныя матэрыялы – памяткі, буклеты.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: артэрыяльны ціск вымярае медыцынская сястра кардыялагічнага кабінета Стаўбцоўскай райбальніцы Ванда Якусік.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПАСАДЗІЦЬ ДРЭЎЦЫ

З 1 па 8 красавіка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі рэспублікі аб’яўлена штогадовая добраахвотная акцыя – «Тыдзень лесу-2017». Сёлетняя акцыя прысвечана аднаўленню лясоў, пашкоджаных у выніку стыхійных бедстваў, што адбыліся на тэрыторыі Беларусі летам 2016 года. На Стаўбцоўшчыне прадугледжаны ўчасткі для масавых пасадак лясных культур і добраўпарадкавання на тэрыторыі Рубяжэвіцкага, Акінчыцкага, Старынскага і іншых лясніцтваў.

– Удзел у акцыі могуць прыняць усе жадаючыя (кантактныя тэлфоны – 4-28-41, 7-42-43), – звяртае ўвагу намеснік дырэктара Стаўбцоўскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа. – Лясгас гатовы забяспечыць неабходным інвентаром і пасадачным матэрыялам.

 

БОЛЬШЗА 200 ТОН БЯРОЗАВІКУ

Стаўбцоўскім лягасам ужо нарыхтавана 234 тоны бярозавага соку пры плане 250 тон, у тым ліку 9,6 тоны гаючага ляснога напітку прададзена насельніцтву.

Сёлета нарыхтоўка соку пачалася даволі рана, з сярэдзіны сакавіка. Створаны чатыры нарыхтоўчыя брыгады – у Прудскім доследна-вытворчым, Налібацкім, Хатаўскім і Акінчыцкім лясніцтвах. Асноўныя адгрузкі бярозавіку ажыццяўляюцца на перапрацоўчыя заводы – Мінскі завод безалкагольных напіткаў і Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», з якімі ў лясгаса заключаны дагаворы.

Цана на бярозавік невысокая – 0,096 рубля за літр, таму і попыт насельніцтва захоўваецца. Продаж соку вядзецца ў названых вышэй лясніцтвах шляхам самавывазу з дзялянак, дзе вядзецца яго нарыхтоўка.

 

НА МЕСЦЫ БЫЛЫХ КАР’ЕРАЎ

У раёне працягваецца работа па ўцягванні ў гаспадарчы абарот былых унутрыгаспадарчых кар’ераў.

Так, ААТ «Вішнявецкі-агра» пасля праведзенай рэкультывацыі атрымаў землі былога кар’ера «Ахрэмавічы», у адносінах да яшчэ трох аналагічных кар’ераў – «Несцеравічы» (ААТ «АБФ ПМК-74 – Налібакі»), «Ругаец» (ААТ «Шашкі») і «Ператокі» (ААТ «Агранёманскі») – ідзе афармленне дакументаў для ўцягвання гэтых земляў у сельскагаспадарчы абарот. Разам з тым, як падкрэслівае начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Таццяна Юнцэвіч, у мінулым годзе выдаваліся сельгаспрадпрыемствам (ААТ «Рочавічы», ААТ «Рубяжэвічы», ААТ «Налібакі Агра») і прадпісанні ў сувязі з парушэннямі пры выкарыстанні ўнутрыгаспадарчых кар’ераў.

У мінулым годзе быў закрыты і адзін з прамысловых кар’ераў ДРБУ № 135 – «Тонава» , які выпрацаваў свой рэсурс. Рэкультываваныя на плошчы 4,6 га землі перададзены Стаўбцоўскаму лясгасу. У далейшым іх плануецца выкарыстоўваць для палігона цвёрдых бытавых адходаў, ідзе афармленне дакументацыі для перадачы гэтых земляў у пастаяннае карыстанне Стаўбцоўскаму аб’яднанню камунальных службаў. Таксама завершаны работы па рэкультывацыі кар’ера «Барок» (ААТ «Стаўбцоўскі цагельны завод»), землі перададзены ААТ «Стаўбцоўскі рйаграсэрвіс».

У 2016 годзе рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта дарожнікам ДРБУ № 135 і ДБТ № 7 працягнуты тэрміны дзеяння да 2020-2021 гадоў прамысловых кар’ераў «Слабодка-2» і «Пагарэлае-1″, а ДЭУ № 62 прадастаўлены зямельны ўчастак плошчай 7,2 га тэрмінам на 8,3 года для распрацоўкі кар’ера»Перакопаўшчына».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 

ЗАБЯСПЕЧЫЦЬ РЭНТАБЕЛЬНАСЦЬ

Як і іншыя суб’екты гаспадарання раёна, райспажыўтаварыства таксама заклікана гаспадарыць, плануючы эканомію рэсурсаў.

За мінулы год агульная сума эканоміі склала 143 тысячы рублёў. Увага накіроўвалася на зніжэнне ўзроўню транспартных расходаў, выдаткаў на рамонт асноўных сродкаў, расходаў на паліва і электраэнергію, утрыманне памяшканняў.

На новы вытворчы год усе падраздзяленні спажывецкай кааперацыі зарыентаваны на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці, скарачэнне затрат. Канечная мэта пастаўленых задач – кожнаму падраздзяленню забяспечыць рэнтабельную дзейнасць.

 

НА РЫНАК КАЗАХСТАНА

Аддзел нарыхтовак райспажыўтаварыства ў пачатку года адгрузіў партыю бульбы ў Казахстан, што дало магчымасць папоўніць валютную казну на 18,5 тысячы долараў. Прагнозны паказчык па экспарце прадукцыі па выніках работы за мінулы год выкананы на 146 працэнтаў пры запланаваных 114 працэнтах.

У ліку экспартнага тавару кожны год і лясныя ягады. За межы рэспублікі нарыхтоўшчыкі рэалізавалі 28 тон свежых чарніц з камер шокавай замарозкі.

У новым вытворчым годзе скарэктаваны ўжо планы на бягучы нарыхтоўчы сезон. Матэрыяльная база аддзела нарыхтовак дазваляе выдатна захаваць набытую сыравіну для далейшай яе рэалізацыі на айчынным і замежным рынках.

Пр

 

ТУРНІР ЮНЫХ ХІМІКАЎ

На базе СШ № 3 адбыўся восьмы раённы турнір юных хімікаў. Гэта каманднае спаборніцтва ва ўменні рашаць нестандартныя даследчыя задачы і аргументавана адстойваць свой пункт погляду ў публічных дыскусіях сабрала пяць камандаў: з СШ № 2, Дзераўнянскай СШ, Старасвержанскай СШ, Коласаўскай СШ, Цясноўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага.

Інтэлектуальная гульня патрабавала рашэння пяці алімпіядных задач. Лепш за ўсіх справілася з заданннем каманда СШ № 2 (кіраўнік Т. М. Голікава) і Коласаўскай СШ (кіраўнік Г. Ф. Семяняка). Яны ўдастоены дыпломаў І ступені. Каманда Цясноўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага (кіраўнік Я. А. Лямбовіч) узнагароджана дыпломам ІІ ступені. Каманды Старасвержанскай СШ (кіраўнік М. А. Чыневіч) і Дзераўнянскай СШ (кіраўнік С. У. Банцарэвіч) падзялілі паміж сабою трэцяе месца.

З ліку пераможцаў сфарміравана каманда Стаўбцоўскага раёна, якая ў красавіку будзе ўдзельнічаць у абласным турніры юных хімікаў.

Ала ВЯРШЭНЯ,метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *