Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне адзін шлюб, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзесяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ганна Качановіч, Мацвей Якусік, Ангеліна Хмялеўская, Арсеній Крывель, Марк Нежавец, Яраслаў Грынюк, Софія Сібірцава, Аляксей Дайліда, Ілья Лысы і Цімафей Кузьміч.

Зямны шлях закончыўся для 11-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Апечках, дзе ў вяскоўца успыхнулі лазня і хлеў, якія стаялі пад адным дахам. Прычына здарэння высвятляецца. Пажарныя выязджалі ў Задвор’е на тушэнне сухой травы.

Міліцыяй зарэгістраваны 142 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана шэсць крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазроныя. У жыхаркі Дзярэчынцаў невядомы выкраў з дому 1500 долараў ЗША. У п. Нёман двое нецвярозых зламыснікаў забралі з аўтамабіля, прыпаркаванага на вуліцы, пачку цыгарэт з запальнічкай.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены пратакол у адносінах да жыхара Мінска, ураджэнца Налібакаў, які незаконна, з дапамогай сеткі, здабыў на возеры Кромань 17 плотак і акуня. Браканьеру пагражае штраф да 50 базавых велічынь, неабходна кампенсаваць нанесеную шкоду ў памеры 435 рублёў.

Пракуратурай раёна падчас праверкі райаддзела міліцыі выяўлены парушэнні заканадаўства, накіраванага на прафілактыку правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін. Кіраўніцтву РАУС унесена прадстаўленне.

Суд абмежаваў у волі на 1,5 года (з забаронай займацца распарадчай дзейнасцю на працягу трох гадоў) 42-гадовага стаўбчаніна, які, будучы вадзіцелем і прадаўцом аўтамагазіна, займаўся прысваеннем і растратай грашовых сродкаў, прадуктаў. На дзве базавыя велічыні аштрафавана 65-гадовая жыхарка Слабады, якая захоўвала самагонны апарат.

ДАІ выявіла 129 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – п’яны вадзіцель і 11 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 28 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана пяць ДТЗ. Усе – без пацярпелых.

«Хуткая» атрымала 216 выклікаў, у тым ліку чатыры – да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *