З пачуццём абавязку

Нумары Соцыум

103b

Лідзію Босую з вёскі Пруды мы засталі за такім заняткам: яна сядзела ў сваім утульным пакоі, вышывала ручнік. У бабулі ёсць унукі, малітвенна жадае яна, каб дачакацца благаславіць іх вясельным ручніком.

З Прудамі ў Лідзіі Канстанцінаўны звязаны доўгія гады жыцця: сюды маладая настаўніца прыехала працаваць у васьмігадовую школу, тут выйшла замуж. Стаж работы яе ў адукацыі складае 40 гадоў, 12 з іх – на дырэктарскай пасадзе ў навучальнай установе.

Інтэлігенты ў вёсцы запатрабаваны і тады, калі выйшлі на заслужаны адпачынак. Лідзія Босая – нязменны старшыня выбарчай камісіі і 15 гадоў з’яўляецца старастам вёскі. Ды якім старастам! У гэтым годзе яна атрымала першую прэмію па выніках спаборніцтваў сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

Акрэсліць работу старасты, які пранікся жыццём вяскоўцаў, проста немагчыма. Кожны новы дзень падкідае новы клопат. Вясна будзіць рупліўцаў прыбрацца. Стараста напамінае аб гэтым тым, чые двары чакаюць прыкладання рук. Як і ў кожнай лясной вёсцы, у Прудах шмат дач – і тых, якія дасталіся па спадчыне дзецям, і купленых участкаў, на якіх выраслі сучасныя шыкоўныя асабнякі. З усімі гаспадарамі стараста трымае кантакт і просіць іх падпарадкоўвацца вясковым парадкам. У Прудах, дарэчы, 96 жылых дамоў і 62 дачы.

Ёсць у старасты і больш перспектыўныя задачы, якія датычаць жыццядзейнасці ўсяго населенага пункта. Аб іх стараста не адзін раз гаварыла на сесіях сельвыканкама. Адна з зацяжных праблем – вострая неабходнасць у пракладцы водаправода. Ужо не адзін год актыў вёскі вядзе перапіску з рознымі інстанцыямі. Стараннямі старасты вёскі пры падтрымцы мясцовых улад створаны кааператыў на пракладку прыроднага газу. Гэта вельмі аблегчыць быт вяскоўцаў. Лідзія Босая ўспамінае час, калі ў штаце сельвыканкама быў ветурач, які абслугоўваў падворкі вяскоўцаў. На сучасны момант узнікла вялікая патрэба мець у штаце сельвыканкама электрыка, якога б маглі выклікаць пры патрэбе вясковыя людзі. Пытанне гэтае стаіць вельмі востра, і стараста спадзяецца, што яно будзе пачута і прынята па ім станоўчае рашэнне.

Лідзія Канстанцінаўна не раз у нашай размове згадвала добрым словам старшыню Налібацкага сельвыканкама Аляксандра Пілінкевіча, які праяўляе зацікаўленасць да жыцця прудчан, унікае ў надзённыя праблемы, таму і ёсць вынік па вырашэнні многіх пытанняў. Такі ж уважлівы да просьбаў старасты і вяскоўцаў і дырэктар СЖК «Налібакі» Віталь Кушнер. І гэтая ацэнка працы кіраўнікоў простымі людзьмі дорага каштуе.

Да ўсяго ёсць справа старасце. Падчас правядзення агляду мастацкай самадзейнасці клубных устаноў яна абышла дамы вяскоўцаў з просьбай дастаць з куфэркаў тканыя посцілкі, вышыванкі і ншыя мастацкія творы, зробленыя рукамі вясковых умельцаў, для выставы народнай творчасці ў Налібацкім доме культуры. Разам з Лідзіяй Канстанцінаўнай і мы пабывалі ў дамах такіх талентаў.

Найбагацейшы скарб вязаных кручком рэчаў мае Ганна Фарботка. У ліку такіх умельцаў і сям’я Сцяпана і Лідзіі Фарботкаў. Іх дагледжаныя двор і дом упрыгожаны рознымі дэкаратыўнымі рэчамі, на якія здатныя майстры Лідзія Сямёнаўна і яе магілёўская ўнучка Аляксандра.

На здымку Лідзія Босая (злева) з Марыяй Дошчачка, якая ўмее вырабляць прыгожыя палавічкі. У вёсцы паважаюць Марыю Іосіфаўну за яе хрысціянскую цярпімасць і пакорлівасць. Яна засталася ўдавою ў 31 год з трыма дзецьмі на руках. Працавала ў паляводстве, ноччу заступала на дзяржурствы ў школьным інтэрнаце. Усіх дзяцей упарадкавала. Мае цяпер шэсць унукаў і дзевяць праўнукаў.

Лідзія Канстанцінаўна пазнаёміла нас з сям’ёю Каштальянаў. Міхаіл Міхайлавіч працаваў фельчарам на ФАПе, Станіслава Бярнардаўна – начальнікам паштовага аддзялення. Шмат добрых слоў ад старасты мы пачулі пра сацыяльных работнікаўАлену Дошчачка і Анатоля Ражко. Анатоль Іванавіч акрамя таго, што мае клопат пра састарэлых людзей вёскі, яшчэ працуе і паштальёнам. Многія з вяскоўцаў выпісваюць раённую газету «Прамень». А Лідзія Канстанцінаўна гаворыць нам, што яна яшчэ памятае, як яе бацька ў Слабодцы атрымліваў «Голас селяніна».

Вёска Пруды – набожная. Пастаянна ідуць службы ў каплічцы, за якой таксама беражлівы догляд. Падчас Вялікага посту ўсе стараюцца паспавядацца і прычасціцца. Да вялікага дня Пасхі Пруды ажывуць прыездам у бацькоўскія дамы дзяцей-гараджан.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *