У камунальнікаў — сучасны падыход

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

103c

ПАРАДАК З ПРЫБЫТКАМ

У жыхароў раёна ёсць магчымасць навесці парадак у сваіх дварах і населеных пунктах, прычым з карысцю для сямейнага бюджэту.

Цяпер для гэтага аптымальныя ўмовы: у раёне аб’яўлены месячнік добраўпарадкавання, ды і паслязімовая дамашняя «рэвізія» выяўляе, як правіла, розныя непатрэбныя рэчы, што могуць быць другаснай сыравінай.

Нарыхтоўшчыкі з УП «Стаўбцоўскае АКС» гатовы выехаць дадому да здатчыкаў, працуюць нават у суботу. Прама на месцы і «жывымі» грашыма ажыццяўляецца разлік за здадзеныя макулатуру, шкло, пластык, а ў гэтым годзе даход можа прынесці і старая бытавая тэхніка – тэлевізар, халадзільнік, камп’ютар, газавая пліта і т. п.

– Насельніцтва, індывідуальныя прадпрымальнікі, арганізацыі звоняць нам вельмі актыўна, – пацвярджае нарыхтоўшчык другаснай сыравіны Алена Юзафатава. – Збіраем усе заяўкі і фарміруем маршрут перасоўнага прыёмнага пункта. Яшчэ ёсць графік планавага аб’езду райцэнтра і аграгарадкоў раёна. Людзям гэта зручна, – падводзіць вынік Алена Паўлаўна.

За два месяцы з пачатку года аб’яднаннем камунальных службаў ужо адгружана на перапрацоўчыя заводы рэспублікі больш за 120 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў розных відаў. Акрамя перасоўнага прыёмнага пункта па іх зборы, адкрыты два стацыянарныя пункты – у Стоўбцах і Дзераўной. Іх работнікі, каб канкурыраваць з нарыхтоўшчыкамі з іншых арганізацый, аператыўна адклікаюцца на заяўкі, ажыццяўляюць прыём сыравіны і падчас абедзеннага перапынку. У тым, што справа наладжана на належным узроўні, з ініцыятывай, ёсць заслуга і начальніка службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы Валерыя Бохана, майстра Андрэя Смаўжа.

Дзень на дзень, як прызнаецца Алена Юзафатава, не прыходзіцца, але кожны выезд перасоўнага прыёмнага пункта дабаўляе не менш за тону-дзве другаснай сыравіны. Нярэдка адзін здатчык загружае адразу ўвесь фургон пункта «на колах» – аўтамабіля ГАЗ-330202. Аўтамабіль гэты прыкметны здалёку, таму што на ім змешчана візуальная рэклама раздзельнага збору адходаў.

Да адной з «аптовых» здатчыц, Наталлі Пархімовіч з Жацерава, мы і бяром кірунак. За рулём – вадзіцель Дзмітрый Бычкоўскі, які ведае патрэбны адрас без падказкі. Непадалёку ад дома здатчыцы (дарэчы, адметнага ў вёсцы мастацкім роспісам сцен, фундамента) – акуратна складзеныя ў кучы поліэтыленавая плёнка і бытавы пластык, у мяхах – пэт-бутэлькі. Алена Юзафатава прыгадвае леташні вопыт, калі прыёмны пункт «на колах» толькі пачынаў сваю дзейнасць: пры заездзе аўтамабіля ў вёску да іх падцягвалася ўся вуліца. Сёння такога ажыятажу няма. «Працуем з людзьмі, пакідаем ім свой нумар тэлефона. Бярэ заяўкі і дыспетчарская служба АКС», – тлумачыць Алена, дастаючы неабходнае для работы, – электронныя вагі, калькулятар.

Вось і сама здатчыца. «Люблю ўсюды парадак, хачу дапамагчы дачцэ, медыку-інтэрну», – дзелавіта гаворыць Наталля Пархімовіч пра свой дадатковы занятак, дзякуючы якому падчышчаюцца жацераўскія ваколіцы. Яна не сядзіць без справы, хоць больш за 10 гадоў знаходзіцца на групе інваліднасці. Вяжа венікі, на падворку гагочуць гусі, гадуецца іншая жыўнасць… У гэтым годзе да гаспадарлівай Наталлі нарыхтоўшчыкі прыязджаюць ужо другі раз.

Прыкладна праз гадзіну (а дождж не хоча спыняцца!) машына «ўпакавана» пад завязку. Дзмітрый Бычкоўскі правярае надзейнасць, каб груз даехаў нармальна, Алена Юзафатава робіць разлік са здатчыцай адходаў. У выніку, за 341 кг бытавога пластыку, 82 кг шкла і 25 кг пэт-бутэлек яна атрымала на рукі больш за 40 рублёў. З капеек непрыкметна выраслі рублі. Наталля засталася задаволенай (хоць, прызнаецца, былі выпадкі, калі яе даход складаў і 60 рублёў), нарыхтоўшчыкі – таксама.

Нагружаная машына кіруецца ў Стоўбцы, на тэрыторыю ўчастка саначысткі, дзе вядзецца сартаванне другаснай сыравіны і прасаванне ў цюкі. Тут увіхаюцца прасаўшчыца Юлія Бусько, рабочыя Аляксандр Жыбуль, Аляксандр Жывіцкі, Аляксандр Пальчык, Мікалай Канкаловіч, Мікалай Заварын. За дзень імі запрасоўваецца прыкладна 1,5 тоны кардону, 300-400 кг пластыку. Свежую партыю адходаў якраз падвёз ААТ «Агранёманскі». Фактычна з усімі прадпрыемствамі раёна ў АКС заключаны дагаворы на збор другаснай сыравіны.

А ў прыёмнага пункта «на колах» наступны маршрут – да Зінаіды Жыцкай. На рахунку стаўбчанкі – сотні кілаграмаў шкла, макулатуры, пластыку. Потым запланаваны выезд у Коласаўскую школу.  

– Здаваць цвёрдыя камунальныя адходы ўжо не сорамна, з’явіўся дух спаборніцтва, у людзей мяняецца менталітэт, – заўважае Алена Юзафатава. І тут жа прыводзіць адметны прыклад: – Сярод пазраздзяленняў нашага прадпрыемства аб’яўлены конкурс па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў. У дамашніх умовах мы таксама вядзём раздзельны збор адходаў.

Напэўна, укараненне ўсяго гэтага паслужыць навядзенню парадку ў шырокім сэнсе слова, у яго агульнакультурным значэнні, калі адходы становяцца не проста смеццем, брудам пад нагамі ў лясных масівах і месцах масавага адпачынку, а адносіны да іх – ёсць сведчанне беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя, пашаны да працы людзей, клопату пра развіццё свайго рэгіёна.

На здымках: вадзіцель прыёмнага пункта «на колах» Дзмітрый Бычкоўскі; нарыхтоўшчыца АКС Алена Юзафатава (справа) разлічваецца са здатчыцай Наталляй Пархімовіч; за прыёмам макулатуры – Юлія Бусько; і стары тэлевізар прыносіць даход.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СЕЗОН

Актуальныя пытанні, над якімі на даны момант працуюць камунальнікі раёна, звязаны з надыходам вясны і сезона добраўпарадкавання.

Камунальная гаспадарка аб’ёмная, разгалінаваная, таму нельга губляць ніводнага веснавога дня. Да прыкладу, у Наваколасаве распачаты разбор будынка былой кацельні, а ў Кулі ідзе прыёмка на баланс АКС інжынернай інфраструктуры дома-інтэрната. Працягваецца работа па перадачы ведамасных водаправодаў і воданапорных вежаў, аднак тут галоўная ўмова – наяўнасць прававых дакументаў. У бліжэйшы час прадпрыемства плануе набыць бочку аб’ёмам 8,5 м3 на базе МАЗа для аказання паслуг па адпампоўванні каналізацыі.

Рабочымі ўчастка па добраўпарадкаванні больш, чым звычайна, удзяляецца ўвагі навядзенню парадку на вуліцах горада, вакол кантэйнерных пляцовак і сметніц. Як вядома, у горадзе было высыпана за зіму каля 1600 тон пяску, супрацьгалалёднага сродку, – цяпер трэба яго прыбраць.

У аб’яднанні камунальных службаў распачалі абагрэў цяпліцы, дзе высеяна насенне кветак. Частка расады, па традыцыі, вырошчваецца для гарадскіх клумбаў і кветнікаў сваімі сіламі, а частка яе (бегоніі і іншы высокатэхналагічны пасадачны матэрыял) – будзе закупляцца. Згодна з планам, у парках і на вуліцах будуць створаны з кветак і зялёных насаджэнняў ландшафтныя кампазіцыі, абноўлены малыя архітэктурныя формы.

У бліжэйшы час чакаецца ямачны рамонт дарожнага пакрыцця. У адпаведнасці з графікам чарговасці і выдзеленымі фінансавымі сродкамі камунальнікі прыступаюць да рамонтных работ у жыллёвым фондзе.

На цяперашні момант адным з важных пытанняў застаецца «воднае». Актуальнасць яго ў вясенне-летні перыяд, калі домаўладальнікі выкарыстоўваюць ваду і для паліву агародаў, толькі абвастраецца.

– Мы праводзім тэхнічныя мерапрыемствы, індывідуальную работу з людзьмі, якія накіраваны на выяўленне нядобрасумленных абанентаў як сярод юрыдычных, так і сярод фізічных асоб, – зазначае дырэктар Стаўбцоўскага АКС Дзмітрый Мурын.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *