Факультэт ваенны і тэхнічны

Адукацыя Год навукі Нумары

image_pdfimage_print

Ёсць у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце такі факультэт – ваенна-тэхнічны. Каб данесці інфармацыю пра яго да выпускнікоў раёна, мы, сябры са школы і студэнты чацвёртага і тэцяга курсаў гэтай вышэйшай навучальнай установы, зайшлі ў рэдакцыю газеты.

У 2013 і 2014 гадах мы закончылі Рубяжэвіцкую школу і, напэўна, самі не звярнулі б увагі на ваенна-тэхнічны факультэт БНТУ, калі б не своечасовая падказка знаёмых. Галоўная асаблівасць і перавага гэтага факультэта ў тым, што ён дае адразу дзве спецыяльнасці: тэхнічную, «Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны», і ваенную, «Кіраванне падраздзяленнямі інжынерных войскаў». Пасля яго заканчэння знайсці сабе прымяненне можна як ва Узброеных Сілах рэспублікі, так і ў грамадзянскай сферы, тым больш, што інжынерна-тэхнічная прафесія заўсёды запатрабавана на рынку працы.

За сваё працаўладкаванне мы не хвалюемся. Пасля кожнага курса праходзім практыку ў воінскіх часцях, бываем у камандзіроўках і на вучэннях, знаёмімся з будучай прафесіяй непасрэдна на прадпрыемствах.

У бягучым годзе набор на ваенна-тэхнічны факультэт вырас да 104-х абітурыентаў (пры нашым паступленні набор быў каля 80 чалавек), што сведчыць пра павелічэнне заказу з воінскіх часцей.

На факультэце займацца няпроста, але даецца добры ўзровень ведаў. Усім тэхнічным дысцыплінам нас вучаць выкладчыкі БНТУ – дацэнты, прафесары. Ёсць зацікаўленасць лепш авалодваць ведамі, здаваць кожную сесію з вышэйшымі баламі, таму што ў такім выпадку расце і грашовае забеспячэнне студэнта. Напэўна, далёка не ўсе студэнты могуць адчуваць сябе фінансава незалежнымі ад бацькоў. Акрамя грашовага забеспячэння на працягу пяці гадоў вучобы, мы маем трохразовае харчаванне, поўнае абмундзіраванне. Пражываем у інтэрнаце.

З трэцяга курса, калі няма «хвастоў» і парушэнняў дысцыпліны, ходзім у звальненне ў горад, на выхадныя едзем дамоў. У вольны час займаемся ў спартыўных секцыях, трэнажорнай зале. Каманда ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ выступае на рэспубліканскіх спаборніцтвах паміж воінскімі часцямі і ваеннымі факультэтамі ВНУ рэспублікі па гіравым спорце, армейскім рукапашным боксе, ваенным шматбор’і, пяцібор’і. Хто займаецца спортам, мае магчымасць наведваць басейн і т. п.

З уласнага вопыту можам сказаць, што для паступлення неабходна мець добрыя веды па фізіцы, матэматыцы, любіць фізкультуру. Спатрэбіцца здаць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, прайсці псіхалагічны тэст, а таксама ўрачэбную камісію. Тым, хто пажадае паступаць на ваенна-тэхнічны факультэт, адразу неабходна звярнуцца ў райваенкамат, прычым рабіць гэта трэба загадзя, у сакавіку – красавіку.

Іван БУНЧУК, Алег БАШМЕТАЎ, студэнты ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *