«Напрасіўся» на спецшколу

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

На адным з апошніх пасяджэнняў раённай камісіі па справах непаўналетніх вынесена пастанова, якую ніяк не назавеш ардынарнай. Сэнс яе звязаны са зборам дакументаў з мэтай накіравання 12-гадовага падлетка ў спецшколу закрытага тыпу.

Гэты падлетак за апошні час «адзначыўся», так бы мовіць, трайным «выпадам», які ўсур’ёз устрывожыў соцыум, суб’екты прафілактыкі. Хлопец у кампаніі з дарослым у ваколіцах аграгарадка Аталезь учыніў тры крадзяжы. Чаго яму не хапала, што браў у аднавяскоўцаў? Ды звычайнае – каўбасу, цукар, мяса і іншыя прадукты, а ў давяршэнне паквапіўся на тэлевізар. За падобныя крымінальныя дзеянні, калі б злодзей не малалетні, які не дасягнуў узросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці, прыйшлося б адказваць па ўсёй строгасці закона. А так на разгляд камісіі паступілі адразу тры «адмоўныя» матэрыялы адносна аднаго і таго ж падлетка (у мінулым годзе, да прыкладу, у камісію паступіла і было разгледжана 10 такіх матэрыялаў; гэта крадзяжы, абразы ў інтэрнэце і т. п., якія ўчынілі малалетнія; у адносінах да двух вынесены пастановы аб зборы дакументаў для накіравання ў спецшколу).

– Раней гэты падлетак ужо знаходзіўся на ўліку, – зазначае намеснік старшыні раённай камісіі Наталля Хвасько. – Прафілактычную работу з ім вялі педагогі Аталезскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, работнікі міліцыі. Зроблена ўсё, каб зацікавіць хлопца гурткамі і спартыўнымі секцыямі, адцягнуць яго ад вуліцы ў вячэрні час.

Нельга забываць, што ў гэтым ланцужку вялікая адказнасць ускладзена і на сям’ю, аднак яе ўплыву на выхаванне падлетка не назіраецца. Сям’я гэтая няпоўная – адна матуля гадуе пяцёра дзяцей. Цяпер жанчына знаходзіцца ў сацыяльным водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Яе 12-гадовы сын – старэйшы сярод дзяцей і, як бачна па ягоных учынках, пазбаўлены мацярынскага кантролю. Дарэчы, яго становішча ў сям’і ўжо прызнавалася сацыяльна небяспечным.

Як заўважае Наталля Хвасько, пасля збору дакументаў апошняе слова аб мэтазгоднасці накіравання падлетка ў спецшколу закрытага тыпу скажа суд. Пачынаючы з 2011 года, судом раёна былі прыняты рашэнні аб накіраванні ў спецшколы трох падлеткаў. Гэтыя спецшколы – закрытага тыпу, знаходзяцца ў Магілёве (для хлопцаў) і Петрыкаве (для дзяўчат). На працягу двух гадоў дзеці вучацца там, прывучаюцца да працы. Безумоўна, іх стымулююць, заахвочваюць. За добрыя паводзіны двое з трох накіраваных былі заахвочаны адпачынкам дамоў на перыяд летніх канікулаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *