Ідзе вясна з цудоўнай лірай

Нумары Шлях Коласа

103d

Распачынаючы новы праменеўскі праект, менавіта сёлета, у юбілейны год народнага песняра, будзем старацца зрабіць па мажлівасці пэўны ўнёсак у папаўненне бязмежнай, як і ягоная творчасць, коласаніяны. А Шлях Коласа, увасоблены ў галерэі мастацкіх драўляных скульптур, – сімвалічна знакавы на зямлі Стаўбцоўшчыны, адкуль пачыналася жыццёвая і творчая дарога геніяльнага майстра слова.

Ідзе вясна з цудоўнай лірай;

На звон яе зляцеўся вырай,

І жыцце ўсюды вынікае,

І пташка песню зачынае.

Празрыста светлыя, як красавіцкае неба, меладычна чыстыя, як звон раўчука і спеў жаваранка, радкі Коласа. Гэта з «Новай зямлі», працу над якой паэт пачаў менавіта вясной 1911 года.

А цяпер уявім і тую далёкую вясну 1894 года. Пэўна, не была яна такой ранняй, як у апошнія гады, як сёлета. Перад Вялікаднем у лесе яшчэ бялелі купіны снегу. А вадзяныя хвалі сягалі праз дошкі мастка, што злучаў альбуцкую сядзібу з грунтавой сцежкай. Ці ж гэта тая ціхая, сціплая крынічка? Нібы перадаюць таямнічыя весткі сваім шастаннем адвечныя яліны і раўнюткія гонкія сосны. А вось, падстаўляючы сонцу серабрыста-сіняватыя бакі, пачаў свае спеўныя рулады шпак. Ужо, кажуць, бачылі і бусла. Пэўна, заўтра прыляціць на нашу ліпу.

І разважаючы гэтак, хлопчык раптам адчуў, што гэтыя думкі складна збіраюцца ў радкі, апошнія словы якіх напеўна рыфмуюцца. «Акурат як у любімых мной вершах Пушкіна, Крылова», – радасная думка агортвае.

Костусь бяжыць у хату, дастае са школьнай торбачкі сшытак, знаходзіць аловак. Хаця б не забыліся гэтыя словы, што паплылі, каб не расталі, як гэтая жаўрукова песня, што ўсё аддаляецца, адлятае ў вышыню.

«У Альбуці, калі мне было 12 гадоў, я пачаў спрабаваць і свае літаратурныя сілы. Памятаю, прачытаў бацьку свой верш «Вясна». Ён праслухаў уважліва, потым запытаў, ці праўда, што гэта напісаў я, і даў рубель гасцінца». Гэты факт – прызнанне самога Коласа ў ягонай аўтабіяграфіі – стаў хрэстаматыйным.

Азначэнне літаратурнай крытыкі – вечныя тэмы. Яны хвалююць, натхняюць, даюць прыліў творчай энергіі. Маці, радзіма, каханне… І, безумоўна, вясна – час першаадкрыцця маленства, вечнага душэўнага абнаўлення і ў сталыя гады. Цікавай была б тэма даследавання: веснавыя матывы ў творчасці Коласа. Акунуцца б у гэты бязмежны свет красак, водару, сугучча. Аднак калі пачаты расказ пра першы верш хлапчука з-пад Мікалаеўшчыны, то працягнем тэму аб пачатковых публікацыях у друку.

«Наша ніва» – першая беларуская газета. Верш «Нёман» з аўтарскім подпісам Якуб Колас.

Льецца Нёман паміж гораў,

Поўны сілы і красы,

У далёкія прасторы

Гоніць воду праз лясы…

А вясною на прасторы

Дуб стары сярдзіта гнаў

І насіў ты крыгаў горы,

Луг і поле затапляў…

Не надта вясёлыя думкі агортваюць паэта, які бачыць, востра адчувае галечу, нястачу простага народа.

Чым успомніць цябе, маладосць,

Жыцця светлага ты раніца?

Пралятае вясна мілая,

Ды вясна мая туманіцца.

Гэта настрой, выказаны аўтарам у вершы «Маладосць», змешчаным у шостым нумары «Нашай Нівы». А вось смутак, роспач беднага селяніна: «Эх, наперла ліха-гора! Ні сяніны, ні зярна…» (верш «На прадвесні»). Больш смутныя веснавыя матывы ў вершах Коласа 1906-1907 гадоў «Вёска», «Дарога», «Месяц», «Мужычая ніва», апублікаваных у «Нашай ніве». Але ж побач і такі светлы прамень надзеі ў настроі, як і ў прыродзе:

Цёпла будзе, снег пагіне,

Вышэй сонца хадзіць стане,

Луч прыветны ўсюды кіне,

Усюды сонейка загляне.

Колас – вялікі мастак. Ён бачыў і вучыць бачыць свет у яго незлічонай танальнасці фарбаў, мелодыі жыцця. Прыгадаем любімыя радкі з «Новай зямлі», «Сымона-музыкі», «На ростанях».

Цяжка ўстрымацца, каб яшчэ не прыгадаць, не паўтарыць:

Калі вясною

Над зямлёю

Раняла сонейка праменні,

Яно сказала ім тады:

«Ляціце, промені, туды,

На баль мой выклічце стварэнні,

Удыхніце дух ім малады,

Цяплом сагрэйце і каменні,

Няхай зямля на ўсе лады

Спявае радасць адраджэння…»

Лёгка пішацца, светла                думаецца, ажываюць надзеі веснавой парой. У сакавіку–маі 1911 года, паўторымся, Коласам напісана вершаванае апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў». Яно стала адным з раздзелаў «Новай зямлі». З красавіка 1913 года Колас працуе над стварэннем паэмы «Сымон-музыка», у маі 1918 завяршае яе апошнюю частку. У маі 1923 года выйшла аповесць «У палескай глушы». І самая адметная падзея – першае выданне паэмы «Новая зямля», на вокладцы якой значыцца: «Вільня, 1923 год». 1930 год – выйшла аповесць «На прасторах жыцця», 1932 год – аповесць «Адшчапенец», 1934 год – «Дрыгва»…

Несур’ёзна было б «падганяць да тэмы», што мастацкая актыўнасць Коласа ўзрастала вясной. У прыроды няма дрэннага надвор’я, творчы агонь душы адолее любыя нягоды, данясе людзям песень дар.

Апошняя вясна Коласа. Шчымліва звязана яна і з родным кутом, куды паэт спяшаўся, каб сустрэцца з блізкімі. І знайсці лекі, якія дапамогуць аблегчыць боль, пазбавіцца ад хваробы.

Напрыканцы красавіка 1956 года Канстанцін Міхайлавіч з сынам Данілам сабраліся ў Мікалаеўшчыну. За Акінчыцамі, на ўзлеску, Колас папрасіў вадзіцеля легкавога аўтамабіля прыпыніцца. Баравікоў пакуль не было, але некалькі смаржкоў знаходзяць. Ласток, Свержанская града, Смалярня, Елава – родныя з дзяцінства мясціны ажываюць у памяці песняра.

У Мікалаеўшчыне адведалі пляменніка Канстанціна Міхайлавіча, настаўніка мясцовай школы, і сястру Міхаліну Міхайлаўну. Цёплай была і сустрэча ў Смольні з малодшым братам Юзікам. Пакланіцца памяці бацькі і маці прыйшоў Колас на могілкі Церабяжы.

Выканалі важную справу паездкі – набраць на прынёманскай лугавіне гразі, пра якую ішла слава як пра лекавую. Каб націраць ёю збалелыя рукі. Там жа, на пойме, легкавік забуксаваў, давялося запрагаць каня, каб выцягнуць машыну. Усе гэтыя факты вядомыя з успамінаў пра песняра. Фатаграфіі сустрэчы Коласа з землякамі ёсць у экспазіцыі філіяла музея ў Смольні.

Пабываць на радзіме народнага песняра Беларусі – гэтую мару ажыццяўляюць госці з розных краін. Дарэчы, арганізатары альбуцкага філіяла рэалізавалі цікавую задуму: музейная экспазіцыя адлюстроўвае кожную пару года ў колавароце вясковых святаў і будняў. Адпаведна танальнасці падабраны і фіранкі на вокнах. Веснавыя, яны светлыя, з палітрай адценняў зялёнага, блакітнага, белага – колеру першых лісточкаў, бяздоннага неба, майскай квецені садоў. Вясна – заўсёды абнаўленне і ў прыродзе, і ў жыцці людзей.

Гучаць паэтычныя радкі, успаміны пра песняра. Гаспадыня філіялаў Дзяржаўнага літаратурна-мастацкага музея Софія Пятроўна Міцкевіч расказвае так жыва, прачула, што словы западаюць у душу. Гэта ж Колас!

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *