Рудня Пільнянская

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

103a

Прыгожая лясная вёска Рудня Пільнянская на тэрыторыі Налібацкага сельсавета магла б годна вытрымаць турыстычны рэйтынг. Мясцовыя людзі нам гавораць: вось каб вы летам прыехалі, ды глянулі, якая тут прыгажосць! А нам і веснавых пейзажаў дастаткова, каб ацаніць адметнасць і непаўторнасць гэтай мясціны. Мы захапляемся клінам дзікіх гусей, якія ляцяць над гладдзю возера, гагочуць, клічуць вясну. Некаторыя ўжо аблюбавалі вадаём у Рудні Пільнянскай, плаваюць і вельмі ажывілі веснавы пейзаж.

На падворках у жыхароў зацвілі першацветы – незабудкі, крокусы. Клумбы ўжо прыбраныя, двары вымецены. У вёсцы 15 жылых дамоў. Сярод 23-х пастаянных жыхароў, якія ў спісе сельвыканкама, ёсць тыя, хто прапісаны ў бацькоўскім доме, пакуль няма свайго жылля, а працуюць у Стоўбцах, там і жывуць некаторыя. Так што колькасць працаздольных можна палічыць толькі адносна.

А вось дач у гэтым населеным пункце больш, чым пастаянных дамоў. Сярод іх ёсць дыхтоўныя катэджы. Ды і зямельныя ўчасткі скуплены. Попыт на іх у гэтай вёсцы вялікі. Акрамя возера, непадалёку працякае рэчка Уса, мясцовасць каштоўная і тым, што вёску агінаюць лясы, багатыя на ягады і грыбы. Як расказваюць нам у сельвыканкаме, у мінулым годзе ў навакольных вёсках было прададзена 27 участкаў на суму 22 100 рублёў, і шэсць – ужо ў бягучым годзе. Выручаныя грошы пайшлі на доўбраўпарадкаванне населеных пунктаў.

Эксклюзівам Рудні Пільнянскай з’яўляецца будынак старадаўняга млына. Цяпер ён з’яўляецца ўласнасцю прыватніка, мінчаніна. Усе спадзяюцца, што млын будзе адрэстаўрыраваны і атрымае другое жыццё. У свой час тут малолі муку мясцовыя гаспадары. Ёсць у Рудні і аграсядзіба, якая прымае турыстаў адпачыць на некранутым, непаўторным улонні прыроды гэтай беларускай вёскі.

Што казаць, такія населеныя пункты – жамчужыны нашага раёна. Будзем спадзявацца, што экскурсійны турзызм на нашай зямлі будзе набіраць абароты і прыносіць даходы і славу Стаўбцоўшчыне.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *