Ірына Саўко працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Грабёнаўшчына» ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Яна мае немалы вопыт работы ў жывёлагадоўчай галіне. У таварыстве шчыруе дзевяць гадоў, а папярэдне завіхалася цялятніцай у Валожынскім раёне. Работа ў яе нялёгкая, але Ірына Феліксаўна старанная і працавітая жанчына. Яна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, дакладна прытрымліваецца тэхналогіі даення кароў і дабіваецца неблагіх паказчыкаў.
– Я своечасова прыходжу на працу і добрасумленна выконваю сваю работу, – гаворыць Ірына Саўко, – да дакладнасці і акуратнасці прывучана бацькамі з дзяцінства. Галоўнае – не ленавацца, тады ўсё будзе ладзіцца.
Даярка падкрэслівае, што ў дасягнутым ёю поспеху ёсць і доля працы даглядчыкаў-пастухоў. Калектыў на ферме зладжаны, усе працуюць на канчатковы вынік. І кіраўніцтва гаспадаркі прыкладае намаганні: для работнікаў створаны належныя ўмовы працы і быту. Распрацавана сістэма аплаты працы, той хто рупіцца, атрымлівае неблагую зарплату.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара