Ідзе пасяўная

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай

Уступаючы ў свае правы, красавік са старта парадаваў цёплым надвор’ем, спрыяючы земляробам фермерскай гаспадаркі «Сула» ў правядзенні спешных работ на гаспадарчых палетках. Штодня з усходам сонца тут імкнуцца як мага хутчэй падкарміць азімы клін, каб усімі механізатарскімі сіламі пераключыцца на падкормку і падрыхтоўку глебы для пасадкі асноўнай гаспадарчай культуры – бульбы, на вырошчванні якой паспяхова спецыялізуецца фермерская гаспадарка.

На здымку: на падкормцы азімых увіхаецца механізатар Алег Жытко.            

Фота Васіля Зянько

 

У КОМПЛЕКСЕ

У ААТ «Налібакі Агра» засеяна раннімі яравымі збожжавымі большая частка запланаванай плошчы. Паводле слоў галоўнага агранома Андрэя Бараноўскага, гэтую работу тут мяркуюць завяршыць да 10 красавіка. Шчыра рупіцца механізатарскі корпус таварыства на выкананні ўсіх палявых работ. На падрыхтоўцы глебы завіхаюцца Ігар Панасюк і Генадзій Доўнар. З пасяўнымі агрэгатамі шчыруюць Аляксандр Шаламоўкі, на рахунку якога звыш 250 гектараў, Антон Маскалевіч і Дзмітрый Дошчачка. Першымі высявалі авёс і ячмень, на чарзе – пшаніца. Усяго збожжавы яравы клін зойме ў гаспадарцы плошчу 720 гектараў. Варта адзначыць, што ў налібаччан забяспечанасць рознымі відамі мінеральных угнаенняў у ліку самых высокіх.

У комплексе вядуцца і іншыя неадкладныя палявыя работы. У прыватнасці, падсяваюцца шматгадовыя травы. На гэтай аперацыі заняты Аляксандр Жыбуль.

На падкормцы і хімпраполцы азімых выкарыстоўваецца спецмашына «Раса», на якой кожны год у перыяд напружаных палявых работ апрацоўвае пасевы работнік мясцовага лясніцтва Станістаў Макась.

 

НА ПАЛЯХ РАЁНА(ІНФАРМАЦЫЯ НА 3 КРАСАВІКА)

Услед за работнікамі ААТ «Радзіма Якуба Коласа» закрыццё вільгаці завяршылі хлебаробы ААТ «Вішнявецкі-агра». Гэтая работа ў раёне праведзена на 19 056 гектарах.

Пад яравыя культуры ўзарана 2273 гектары глебы. Восем гаспадарак паспяхова справіліся з гэтай тэхналагічнай аперацыяй.

Да сяўбы ранніх яравых збожжавых падрыхтавана практычна палова плошчаў, больш за іншых – у ААТ «Каганец».

Сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых вядуць усе гаспадаркі, акрамя ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Засеяна чацвёртая частка запланаваных плошчаў – 2724 гектары. Лідзіруюць хлебаробы ААТ «Каганец», высокія тэмпы набралі працаўнікі ААТ «Налібакі Агра», «Агранёманскі» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Самая вялікая пасяўная плошча ў ААТ «Дзераўное» – 980 гектараў.

Ужо другі раз падкормліваюць азотнымі ўгнаеннямі азімыя збожжавыя і рапс у ААТ «Каганец».

Да хімпраполкі азімых збожжавых прыступілі пяць сельгаспрадпрыемстваў, на большых плошчах гэтая работа выканана ў ААТ «Налібакі Агра».

Шматгадовыя травы пасеяны на 492 гектарах, з іх на 157 гектарах – у ААТ «Вішнявецкі-агра».

 

ЭЛІТНЫЯ «ІРЫНА»І «ШАФЛЬ»

У ААТ «Вялікі Двор» з году ў год атрымліваюць самую высокую ў раёне ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур. Тут належным чынам запраўляецца глеба арганікай і рознымі відамі мінеральных угнаенняў, забяспечанасць тукамі сёлета самая высокая ў раёне. Набываюцца новыя перспектыўныя сарты. Вось і сёлета з СВК «Агракамбінат «Сноў» завезена шэсць тон эліты ячменю высокаўраджайных сартоў вядомых нямецкіх фірмаў «Сенгента» і КWS – «шафль» і «Ірына».

– Летась ячмень нас не парадаваў, – гаворыць намеснік дырэктара па раслінаводстве Генадзій Бязушка. – Адна з прычын невысокай ураджайнасці заключаецца і ў якасці насення, таму вырашылі правесці сортазмену.

Купіла гаспадарка і тры тоны гароху «саламанка» першай рэпрадукцыі. Пасеюць яго дзесяць гектараў. У папярэднія гады ў таварыстве вырошчвалі гэты сорт, ён даволі ўраджайны. І хоць насенне каштавала нятанна, але расходы акупяцца. Для закладкі насеннікаў набылі тону насення цімафееўкі, а для кармавога поля такую ж колькасць шматгадовай травы люцэрны.

 

СУПРАЦЬШКОДНІКАЎ І ХВАРОБ

Сёлета сельгаспрадпрыемствы раёна поўнасцю забяспечаны неабходнымі хімічнымі прэпаратамі для пратручвання насення яравых збожжавых культур. Выкарыстоўваюцца як айчынныя, так і замежныя пестыцыды. З году ў год гаспадаркамі выконваецца пастаўленая задача – ніводнае зярнятка не павінна легчы ў зямлю не апрацаваным супраць шкоднікаў і хвароб. З засыпаных 2573 тон насення ўжо пратручана большая яго частка. Першыя, яшчэ на мінулым тыдні, справіліся з гэтай тэхналагічнай аперацыяй працаўнікі ААТ «Вялікі Двор» і «Шашкі». Добра пастаўлена даная работа ў ААТ «Агранёманскі», «Каганец» і «Налібакі Агра».

 

УКОСНАЯ СУДАНСКАЯ ТРАВА

З мэтай павелічэння колькасці нарыхтаваных кармоў, кіраўніцтвам ААТ «Каганец» было вырашана набыць насенне суданскай травы – сорга. Суданскае проса, так яшчэ называюць гэтую кармавую культуру, даволі ўраджайнае. Расліна падобная на кукурузу, але ў адрозненне ад «каралевы палёў» за сезон, пры належным доглядзе, можна правесці тры-чатыры яе ўкосы. Прыгатаваны з суданскай травы сілас не ўступае па пажыўнасці кукурузнаму. З ААТ «Аграфірма «Фалічы» завезена тры тоны насення сорга сорту «сенакосная-88». Усяго суданская трава зойме 100 гектараў, з іх па 15 гектараў пасеюць пры кожнай ферме. У планах высяваць на палетках і такую высокабялковую кармавую культуру, як «амарант».

 

ТРЫЦІКАЛЕЗ ПЯЛЮШКАЙ

З мэтай павелічэння пратэінавай паўнацэннасці збожжафуражу і зніжэння сабекошту прадукцыі, на сельгаспрадпрыемствах раёна сёлета пасеюць 1600 гектараў яравога трыцікале ў сумесі з пялюшкай. З разліку не менш як па 100 гектараў у адной гаспадарцы. Пастаўлена задача закласці ў таварыствах па сянажнай траншэі з правяленай зялёнай масы вышэйназваных сельгаскультур умяшчальнасцю дзве тысячы тон кожная. І гэта цалкам магчыма, бо ўраджайнасць зялёнай масы вагаецца ў межах ад 250-300 цэнтнераў з гектара. Варта адзначыць, што сумесь гэтых дзвюх культур добра есць жывёла і ў свежым выглядзе.

 

ЗАКЛАДВАЮЦЬ НАСЕННІКІ

Для таго каб атрымліваць паўнацэнныя па пажыўнасці кармы, неабходна своечасова перазалужаць сенажаці і пашы. Менавіта для забеспячэння ўласным насеннем шматгадовых траў, якое каштуе даволі нятанна, гаспадаркам раёна сёлета даведзена заданне закласці насеннікі на 470 гектарах. Гэта на 170 гектараў больш, чым у мінулыя гады. З агульнай колькасці прыкладна на палове плошчаў размесцяцца бабовыя травы. Агранамічныя службы сельгаспрадпрыемстваў паступова закупляюць эліту траў, некаторыя ўжо прыступілі да сяўбы. Варта адзначыць, што насенняводствам траў пастаянна і паспяхова займаюцца ААТ «Вялікі Двор» і «Агранёманскі».

 

СОРТААБНАЎЛЕННЕ

Для правядзення сортазмены і сортаабнаўлення ў гаспадарках раёна, элітгас «Агранёманскі» падрыхтаваў сёлета для рэалізацыі 600 тон элітнага насення збожжавых культур. У прыватнасці, 500 тон ячменю такіх перспектыўных і высокаўраджайных сартоў, як «магутны», «бацька», і 100 тон аўса сорту «факс». Дарэчы, гэтае таварыства кожны год прадае якаснае насенне, якое карыстаецца немалым попытам і за межамі раёна.

 

ЗБІРАЕЦЦА КАМЕННЕ

Адно з важнейшых мерапрыемстваў, якое ўваходзіць у комплекс культуртэхнічных работ, – ачыстка зямель ад камення, якое з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай пры высокаэфектыўным выкарыстанні сельскагаспадарчых угоддзяў. Каменне вельмі перашкаджае рабоце тэхнікі, выклікаючы частыя яе паломкі, зніжае прадукцыйнасць машын і агрэгатаў. Агрэхі, якія застаюцца пасля апрацоўкі глебы, уплываюць на эфектыўнасць хімічных спосабаў барацьбы з пустазеллем, зніжаючы ўраджайнасць сельгаскультур. У выніку гаспадаркам наносіцца немалы эканамічны ўрон. Каб пазбегнуць страт, каменне з палеткаў пастаянна ўбіраецца. Штогод шчыруюць не толькі самі вяскоўцы, а і памагатыя з прадпрыемстваў і арганізацый горада. Летась ад камення было ачышчана каля дзесяці тысяч гектараў. Працягваецца гэта работа і сёлета, каменне сабрана амаль на трох тысячах гектараў.

 

ВЫВЕЗУЦЬІ САПРАПЕЛЬ

Для арганізацыі культурнага адпачынку работнікаў таварыства кіраўніцтва ААТ «Дзераўное» бярэ ў арэнду два возеры – у вёсках Беламошша і Падляскоўе. Афармляецца неабходная дакументацыя, складзены план мерапрыемстваў. Правядуць добраўпарадкаванне і абсталююць зону адпачынку. Пабудуюць дзве альтанкі. Ужо закупілі кантэйнеры для смецця.

– Мяркуем адначасова аказваць і платныя паслугі, менавіта для аматараў рыбнай лоўлі. З гэтай мэтай у красавіку зарыбім першым вадаём у Беламошшы, – расказвае дырэктар Юрый Тарасевіч. – Ёсць дамоўленасць з рыбгасам «Альба» на закупку адной тоны двухгадовага карпа. Запусцім для ачысткі вады і 200 кілаграмаў белага амура.

У планах дырэктара – пачысціць і днішчы азёраў з мэтай вывезці на палеткі глеевыя адкладанні – сапрапель. Гэта ўнікальны прыродны прадукт і экалагічна чыстае, багатае макра- і мікраэлементамі недарагое ўгнаенне. Яго прымяненне эфектыўнае на кіслых і лёгкіх пясчаных і супяшчаных землях. А таксама для павелічэння ўтрымання гумусу ў глебе.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *