Што засталося па-за суботнікам

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

5503

Пасля правядзення раённага суботніка наш горад істотна папрыгажэў. Свой уклад у гэта ўнесла вялікая колькасць працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый. Вуліцу Першамайскую падмялі пасля зімы работнікі аб’яднання камунальных службаў. На вуліцы 17 Верасня чысты след застаўся за работнікамі Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната. На «сваіх» участках вуліцы Задвор’енскай папрацавалі работнікі аўтапарка № 17 і прадпрыемства «Аграмашзапчастка». Пашчыравалі на ўчастку вуліцы Ленінскай работнікі Стаўбцоўскай ПМК. Наведзены парадак і на ўчастку вуліцы Гагарына, замацаваным за філіялам ДБУ № 29.

Да гаспадарлівых дарожнікаў варта далучыць і лесаводаў (акрамя замацаванай вуліцы Багінскага яны навялі парадак у лясным масіве па вуліцы Падлеснай, дзе любяць адпачываць жыхары Стоўбцаў), сацыяльных работнікаў, транспартнікаў аўтабазы райспажыўтаварыства і, безумоўна, грамадскасць горада, якая выйшла на добраўпарадкаванне аб’язной брукаванай дарогі, што з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Аднак праведзены санітарнай службай маніторынг паказаў, што парупіліся далёка не ўсе і не ўсюды, некаторымі дапушчаны агрэхі, якія патрэбна ў тэрміновым парадку выпраўляць. Пра тое, што засталося па-за суботнікам, якім арганізацыям яшчэ не хапае адказнасці, гутарым з урачом-гігіеністам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталляй РЫК:

– Сярод недахопаў – непадмеценыя ўчасткі цэнтральных вуліц горада. Асабліва шмат пяску назапасілася каля бардзюраў. Такая карціна назіралася на вуліцах Сянкевіча, Цэнтральнай, Ленінскай (участкі ў раёне гаспадарчага магазіна), Танкістаў, 17 Верасня, Камуністычнай, на пешаходнай дарожцы па вуліцы А. Кашавога, прыпыначных пунктах па вуліцы Коласаўскай, на плошчы Леніна. На вуліцы Машынабудаўнікоў папрацавалі работнікі філіяла маторнага завода, але пясок чамусьці быў перакінуты з праезджай часткі… на зялёную зону. Ці вынесе трава падобную пясчана-саляную «ванну»?..

Прылеглая тэрыторыя не ўсюды прыведзена ў парадак. Так, ля бетоннай агароджы базы мінугнаенняў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» не высечаны парасткі кустоў, не прыбрана смецце. Такое ж запусценне назіраецца і ля пункта забою жывёлы райспажыўтаварыства.            

Заўважу, што пастаянна арганізуюцца суботнікі і па адрасах пустых дамоў. Парадак там наводзіцца, але, на жаль, не надоўга. Ізноў знаходзяцца тыя, хто выносіць на нічыйную тэрыторыю сваё смецце, будаўнічыя і іншыя адходы. Напрыклад, без станоўчых змяненняў адзін з такіх участкаў – па завулку Палявым, 34.

Праблемнае пытанне – парадак на нейтральных тэрыторыях горада. Так, з кустоў зялёнай зоны, што прымыкае да вуліцы Шчорса, «выглядаюць» бутэлькі і іншае бытавое смецце, зрэзанае галлё. У каго, скажыце, узнікла патрэба вынесці гэта са свайго двара, калі паўсюдна на вуліцах устаноўлены кантэйнерныя пляцоўкі для збору адходаў, рэгулярна па графіку наладжаны аб’езд вуліц тэхнікай аб’яднання камунальных службаў?..

– У пераважнай большасці прыватных домаўладанняў ёсць свае гаспадары. Як імі наводзіцца парадак у дварах, на прылеглай тэрыторыі?

– На жаль, сустракаюцца і засмечаныя прыватныя домаўладанні, у якіх жывуць працаздольныя людзі. У сакавіку намі праверана 5407 домаўладанняў, у 240 з іх выяўлены парушэнні. Усім гэтым домаўладальнікам выдадзены прадпісанні. Сярод асноўных недахопаў – пясок каля бардзюраў і на тратуары побач з домам, непрыбраныя з мінулага года сухастой і лісце, складзіраванне на вуліцы будматэрыялаў і інш. Нагадаю, што, згодна з пастановай Савета Міністраў рэспублікі ад 28.11.2012 года, якой былі зацверджаны правілы добраўпарадкавання населеных пунктаў, жыльцы прыватных дамоў нясуць адказнасць за санітарны стан сваёй і прылеглай тэрыторыі. У першую чаргу неабходна своечасова праводзіць іх уборку, ажыццяўляць рамонт агароджы, яе пафарбоўку і т. п. З надыходам вясны фарбу на агароджы варта асвяжыць.  

Навядзем парадак на Стаўбцоўшчыне! Будзем дбайнымі гаспадарамі!

На здымках: тэрыторыя вакол базы мінугнаенняў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» зарасла кустоўем; вуліца А. Кашавога чакае камунальнікаў; пясок на вуліцы Машынабудаўнікоў

«перакачаваў» на зялёную зону; смецце – адразу за агароджай пунктапа забою жывёлы райспажыўтаварыства.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *