У школах Стаўбцоўшчыны

Адукацыя Год навукі Нумары

5504

ВЫБРАЦЬ – І НЕ ПАМЫЛІЦЦА

Адзін з самых складаных выбараў у жыцці – прафесійнае самавызначэнне. Далёка не кожнаму ўдаецца выбраць правільны прафесійны шлях. А вось у намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Вішнявецкай сярэдняй школы Таццяны Белановіч гэта атрымалася даволі лёгка. Больш за тое, Таццяна Іванаўна пераканана: у выбары прафесіі яна ніколькі не памылілася, бо менавіта ў школе, разам з вучнямі і настаўнікамі, яна сапраўды адчувае сябе на сваім месцы.

У школьныя гады Таццяна была выдатніцай, актывісткай, удзельнічала ў алімпіядным руху. Перад здольнай вучаніцай былі адкрыты дзверы многіх ВНУ. Але яна свядома выбрала прыродазнаўчы факультэт БДПУ імя М. Горкага, вырашыўшы стаць настаўніцай хіміі. «Мая любоў да гэтай навукі – заслуга школьнай настаўніцы, дырэктара школы Рослік Ніны Іванаўны (светлая памяць). Да таго ж перад вачыма быў добры прыклад у асобе маёй матулі – паспяховай настаўніцы геаграфіі, намесніка дырэктара Лізаветы Мікалаеўны Жданко. Менавіта дзякуючы ім я знайшла сваё прызванне, стала педагогам», – адзначае Таццяна Іванаўна.

Пара студэнцтва праляцела для яе незаўважна. Яна актыўна праяўляла сябе ў грамадскім жыцці факультэта. Захапляла яе і вучоба. Прычым настолькі, што запаветны дыплом яна атрымала з адзнакай. Адначасова таленавітая студэнтка атрымала акадэмічную ступень бакалаўра ў галіне біялогіі, а праз год – магістра педагагічных навук.

Жаданая педагагічная дзейнасць для яе пачалася ў роднай Навасвержанскай школе. У гэтай установе яна адпрацавала паўтара года ў якасці педагога сацыяльнага. Аднак маладому спецыялісту вельмі хацелася рэалізаваць сябе ў якасці настаўніцы хіміі і біялогіі. Калі з’явілася адпаведная вакансія ў Вішнявецкай сярэдняй школе, яна без роздумаў перайшла туды на працу.

Прынцып рабіць усё на выдатна яна захавала і ў працоўнай дзейнасці. Дарэчы, такім падыходам да справы Таццяна Іванаўна кіруецца і зараз, хоць з’яўляецца вельмі вопытнай настаўніцай і мае за плячыма амаль 20-гадовы педагагічны стаж.

«Калі бярэшся за справу, рабіць яе трэба якасна і добрасумленна, толькі так атрымаецца дасягнуць выніку», – упэўнена суразмоўца.

І ў яе гэта атрымліваецца.

Вячаслаў САРАКАВІК,настаўнік Вішнявецкай СШ

 

З НАВЕДВАННЕМ СКРЫПТОРЫЯ

Штогадовы конкурс сярод вучняў па лініі дзяржаўнай установы адукацыі «Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла » БДУ быў прысвечаны ў гэтым годзе 500-годдзю выдання Бібліі Францыскам Скарынай. Арганізацыйны камітэт конкурсаў літаратурных і даследчых работ навучэнцаў высока адзначыў усе работы, дасланыя вучнямі нашай установы адукацыі – Старасвержанскай сярэдняй школы. Удзел прынялі: Дар’я Кухарчык (11 клас), Надзея Рыцько (11 клас), Ульяна Кузьміч (11клас), Вольга Пяўнёва (8 клас). Кіраўнікі работ – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Вайдзілевіч і настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Пяўнёва – атрымалі падзякі, дзеці ўзнагароджаны трыма дыпломамі II ступені і адным – III ступені.

Свята праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Ва ўрачыстай абстаноўцы дзеці атрымалі дыпломы і памятныя падарункі, сталі ўдзельнікамі выстаў рэдкіх выданняў Бібліі, выстаў кніг выдавецтваў Беларускага Экзархата і Беларускай Праваслаўнай Царквы, наведалі экспазіцыю майстэрні па перапісе кніг часу прападобнай Ефрасінні Полацкай «Скрыпторый» узору ХІІ стагоддзя, дзіцячую пляцоўку, дзе адбылася сустрэча з аўтарамі духоўнай літаратуры, паэтамі і літаратуразнаўцамі Аленай Міхаленка,Таццянай Дашкевіч, Аленай Піменавай, здзейснілі запамінальную экскурсію па залах Нацыянальнай бібліятэкі, пабывалі ў літаратурным кафэ, дзе пачаставаліся манастырскім чаем з пірожнымі і духмянымі булачкамі.

Адметнасцю Дня праваслаўнай кнігі стала прысутнасць на ім мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Матульскага.

Усімі была адзначана важнасць правядзення Дня праваслаўнай кнігі. Гэта прызнанне вялікага значэння духоўнай літаратуры ў маральным выхаванні людзей, у першую чаргу моладзі, і далучэнні іх да тысячагадовай хрысціянскай традыцыі.

Людміла ВАЙДЗІЛЕВІЧ,намеснік дырэктара Старасвержанскай СШ

 

ВОСЬ ЯКІЯ МЫ!

Смех, радасць, перажыванне можна было пачуць, убачыць і адчуць на святочнай праграме «Вось якія мы!». Прэзентацыя пятых класаў сярэдняй школы № 3, якая стала традыцыяй, дапамагае зблізіцца, паказаць усё, на што здольныя дзеці.

Адкрывалі прэзентацыю навучэнцы 5 «А» класа, класны кіраўнік – Святлана Іванаўна Мукоід. Яны весела расказалі аб сабе, аб сваіх захапленнях і талентах. Выступленне 5 «Б» класа гэтак жа было вясёлым і досыць музычным, на працягу выступлення за іх перажывала іх класны кіраўнік – Святлана Міхайлаўна Бубен. 5 «В» клас і іх класны кіраўнік Таццяна Мікалаеўна Бондар выбралі цікавую форму выступлення. Яны быццам правялі шоу «Усе кажуць» – знялі відэа, у якім прапанавалі вучням і настаўнікам школы выказаць меркаванне аб іх класе. Пасля паказу роліка яны самі распавядалі пра сябе. Вучні 5 «Г» класа і іх класны кіраўнік Карына Яўгеньеўна Кротава падрыхтавалі нумар, які прымусіў гледачоў спяваць і смяяцца. Яны выканалі вядомы школьны рэп і паказалі некалькі сітуацый са школьнага жыцця, у якіх старшакласнікі нават пазналі сябе. Пяцікласнікі з 5 «Д» класа расказалі аб сабе і паказалі свае таленты, натуральна, не забыўшыся аб гумары. Выступленне дапамог ім падрыхтаваць дасведчаны класны кіраўнік – Людміла Раманаўна Супрановіч. Апошнімі на міні-сцэну выйшлі навучэнцы 5 «Е» класа. Яны распавялі пра вучняў іх класа, сыгралі на баяне і паказалі танец пад песню «Зязюля», які прымусіў усю залу, уключаючы настаўнікаў, апладзіраваць стоячы. Асновай танца былі элементы гімнастыкі, якія, магчыма, так уразілі гледачоў. Класны кіраўнік Іна Леанідаўна Адашкевіч засталася задаволеная сваімі выхаванцамі.

У зале прысутнічалі першыя настаўнікі пяцікласнікаў, іх бацькі і іншыя вучні школы. У канцы кожны клас атрымаў грамату з падзякай за ўдзел у праграме «Вось якія мы!».

Дзіяна ШУЦЬКО, член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *