Аб малых кляшчах і вялікіх праблемах

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

З надыходам вясны пры тэмпературы звыш +5 0С кляшчы пачынаюць праяўляць сваю актыўнасць. Мяккая зіма і вільготнае лета садзейнічаюць павелічэнню іх колькасці.

Клешч з’яўляецца пераносчыкам каля дзесяці небяспечных захворванняў чалавека, у тым ліку такіх, як клешчавы энцэфаліт, клешчавы барэліёз. На тэрыторыі нашага раёна рэгіструецца клешчавы барэліёз. У мінулым годзе зарэгістраваны тры выпадкі. Наогул, з-за ўкусаў кляшчоў у медыцынскія ўстановы раёна звярнуліся 118 чалавек, з іх 39 дзяцей і маладых людзей ва ўзросце да 17 гадоў. У бягучым годзе ўжо быў адзін зварот пасля ўкусу кляшча.

Абарона ад заражэння ў значнай ступені залежыць ад самога чалавека, які павінен выконваць рэкамендацыі па правілах аховы ад кляшчоў пры наведванні лясных і паркавых зон. Гэта датычыць правільна выбранага адзення, выкарыстання сродкаў, якія адпалохваюць, – рэпелентаў, частыя ўзаемаагляды, выкарыстанне ў ежу толькі кіпячонага казінага малака.

Для змяншэння колькасці кляшчоў неабходна сачыць за ўчасткам пражывання, скошваць траву, пазбаўляцца ад непатрэбных кустоў, праводзіць акарыцыдную апрацоўку тэрыторыі.

Калі ўкус адбыўся, неабходна неадкладна звярнуцца ў бліжэйшую медустанову, дзе будзе аказана медыцынская дапамога. Калі такой магчымасці няма, то кляшча патрэбна выдаліць самастойна з выкарыстаннем ніцяной пятлі ці тонкага пінцэта. Месца прысмоктвання апрацаваць любым спіртавым растворам. Пасля выдалення неабходна звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта ці інфекцыяніста, які пры неабходнасці назначыць лячэнне антыбіётыкамі і ўстановіць медыцынскае назіранне. Па жаданні можна правесці лабараторнае даследаванне выдаленага кляшча, якога з гэтай мэтай неабходна змясціць ў чысты флакон з коркам, які шчыльна прылягае.

Ларыса САДОЎСКАЯ,памочнік ўрача-эпідэміёлага



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *